Лёсы Вялікай Айчыннай: Бацька Вольгі Саламашанкі прайшоў усю вайну, а дзядзька адпакутаваў за веданне нямецкай мовы
11:29 / 29.05.2020
Успаміны родных пра гады Вялікай Айчыннай вайны ўзгадала жыхарка аграгарадка Малі Вольга Саламашанка.
ІШЛА ВАЙНА
Бацькі жанчыны, Піліп Рыгоравіч і Раіса Ермалаеўна Саламашанкі, родам з Гомельшчыны – яны юнакамі сустрэлі вайну.
Вёска Пярэдзелка, радзіма Раісы Ермалаеўны.
Маці Вольгі Піліпаўны было 17 гадоў, як пачалася вайна.
У сям’і Ермалая і Ксеніі Стрыжаковых, акрамя Раісы, было яшчэ пяцёра дзяцей: тры сыны і дзве дачкі.
Ермалай і Ксенія Стрыжаковы
– Дзядуля працаваў настаўнікам у школе яшчэ да рэвалюцыі, – расказвае Вольга Піліпаўна. – І мамін старэйшы брат Аляксандр таксама настаўнічаў у адной са сваім бацькам школе, выкладаў нямецкую мову. Хоць спецыяльнай адукацыі ў яго не было, але ён добра ведаў гэту замежную мову. Дзядзька вучыўся ў Маскве ў меліярацыйным інстытуце, а на пятым курсе кінуў вучобу і вярнуўся дамоў. І вельмі захапіўся вывучэннем нямецкай.
Гэта захапленне Аляксандра адыграла адметную ролю ў яго жыцці.
– У пачатку вайны маіх дзядзькаў прызвалі ў войска, – узгадвае жанчына. – Як ваяваць і як дакладна дзейнічаць не абвучаныя салдаты не ведалі. І атрымалася так, што шмат людзей у першыя дні вайны трапіла ў палон, маміны браты Саша і Міша таксама: першы – пад Бабруйскам, а другі – у Гомелі. А некаторыя вярталіся – татаў брат Гаўрыіл таксама падчас вайны вярнуўся дамоў. Тады як было: у акупіраванай мясцовасці, калі ў лагер прыязджаў стараста альбо іншы прадстаўнік, ён мог забраць палонных аднавяскоўцаў – іх адпускалі.
Дзякуючы добраму валоданню мовай акупантаў, дзядзька Вольгі Піліпаўны Аляксандр дапамог людзям, з якімі апынуўся ў адным лагеры, вярнуцца дамоў: ён дамовіўся з немцамі, склаў спіс палонных, які перадалі ў навакольныя селішчы, – і вяскоўцаў забралі. Вярнуўся дамоў і сам Аляксандр.
– Дзядзька прыехаў да бацькоў. Хутка, па ўсё той жа прычыне, ён атрымаў прапанову працаваць перакладчыкам у гестапа. Саша адмовіўся, – расказвае сямейную гісторыю Вольга Піліпаўна. – З-за гэтага цётцы Веры, якой тады было 15 гадоў, прыйшла павестка ехаць у Германію на працу.
Замест сястры паехаў брат: хоць павестка была імянной, але ўзаемазамену дазвалялі. Пасля гэтага сям’ю Стрыжаковых (прозвішча Вольгінай маці да замужжа. – Заўв. аўт.) больш ніхто не чапаў.
– Дзядзька не расказваў, дзе і кім працаваў у Германіі, – працягвае дачка Раісы Ермалаеўны Вольга. – Ведаю толькі, што ў яго здарыўся канфлікт з гаспадаром – і Саша ад яго сышоў. Ён працаваў у розных кутках чужой краіны, але дасканалае валоданне мовай ні разу не выдала яго паходжання – нават калі трапіў у гестапа, пасля размовы са следчым яго адпусцілі.
У Германіі Аляксандр Ермалаевіч вывучыў яшчэ французкую і англійскую мовы, ён мог не вяртацца на Радзіму – ведаў, як сустрэне яго Айчына. Але… Пасля вайны мужчына ўсё ж прыехаў у родныя мясціны, адкуль па этапе адправіўся на ўранавыя руднікі, дзе моцна падарваў здароўе. І толькі ў 1955 годзе ён убачыў сваю сям’ю.
Сын Стрыжаковых Павел быў на вайне сувязістам.
– А малодшага брата мамы, Мішу, з гомельскага лагера ваеннапалонных забраў стараста – ён быў у вельмі цяжкім стане, але нічога, вылечылі, – гаворыць Вольга Піліпаўна. – Мама казала, што пасля вайны шмат якіх старастаў расстралялі за супрацоўніцтва з акупантамі, а яны ж дапамагалі людзям як маглі. Былі ж іншыя здраднікі і бандыты – вось яны заслугоўвалі пакарання…
Перадваенны выпуск школьнікаў. Раіса чацвёртая злева ў верхнім радзе, Міша – восьмы
Ледзь стрымліваючы слёзы, расказала жанчына пра тое, як свае рабавалі сваіх – ведалі, у каго чым пажывіцца:
– Нашых папярэдзілі, што да іх ідуць. Дзядулі не было, мама з цёткай Верай выйшлі з хаты, засталася толькі бабуля. Прыйшлі рабаваць далёкія, але ўсё ж родзічы. Адзін аднаго добра ведалі, мой дзядуля ў школе іх вучыў! Зайшлі, аблаялі бабулю, што маглі, усё пазабіралі! Дзядуля потым сказаў, што яму нічога не шкада, бо ён іх гэтаму не вучыў… А колькі было паліцаяў, якія толькі і глядзелі, каб вяскоўцаў абрабаваць!
Вёска Рудня Марэмонава, радзіма Піліпа Рыгоравіча.
Рыгор і Праскоўя Саламашанкі мелі двух сыноў і дзвюх дачок. Піліп быў другім дзіцем.
Рыгор і Праскоўя Саламашанкі
Бацька Вольгі Піліпаўны пайшоў на вайну дзевятнаццацігадовым юнаком.
– Яго разам са старэйшым братам Гаўрыілам прызвалі ў армію, як толькі пачалася вайна, – расказвае жанчына. – Тата, перш чым трапіць на фронт, скончыў артылерысцкае вучылішча. Ён прайшоў усю вайну.
Піліп Саламашанка ўзнагароджаны медалём «За абарону Сталінграда», ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені і Чырвонай Зоркі, Падзякамі за авалоданне горадам Дрэздэнам, ліквідацыю акружанай групіроўкі, нямецкіх войскаў паўднёва-ўсходней Берліна, авалоданне горадам і крэпасцю Глогаў.
Піліп Саламашанка з сябрамі па службе. 14 жніўня 1943 года. Навачэркаск
Не злічыць узнагарод Піліпа Рыгоравіча, падпалкоўніка артылерыйскіх войскаў, атрыманых за бездакорную службу ў мірны час.
– У мяне захоўваецца карта, якую тата прынёс з вайны, – дзеліцца дачка ветэрана. – Ішла бітва пад Сталінградам. І там у акопе бацька знайшоў карту мясцовасці, адкуль ён родам. Для яго гэта стала сустрэчай з радзімай, сям’ёй, якая засталася на акупіраванай тэрыторыі. Тата адарваў кавалак, дзе былі пазначаны добра вядомыя яму населеныя пункты – Гарадок, Заскар (сённяшні пасёлак Папанін), а найперш родная вёска Рудня Марэмонава.
Карта, знойдзеная ў акопе
Урэзаўся ў памяць Вольгі Піліпаўны расповед родных пра выпадак, калі немцы расстралялі сям’ю з суседняй вёскі за тое, што іх сын быў партызанам. Уразіў не жорсткі прысуд акупантаў, а ўчынак жанчыны: калі выводзілі сям’ю на расстрэл, іх дзяўчынку суседзі схавалі. А маці сказала: «Калі паміраць – дык усім! Шукайце дачку!» І тая прыйшла…
– Розныя бываюць маці… – уздыхае Вольга. – А партызаны для немцаў былі бандытамі. Аднак калі па нашай мясцовасці праходзіў Каўпак, яго войскі лічылі рэгулярнымі. І татаў брат Гаўрыіл, і мамін – Міша былі ў яго атрадзе, немцы ўспрымалі гэта як законнае права, бо Каўпак – прадстаўнік дзяржавы. І ў гэтым выпадку сем’і не чапалі.
– Пакуль была акупацыя, людзі жылі ў сваіх хатах, садзілі агароды, сеялі, – дзеліцца пачутым ад родзічаў жанчына. – І толькі часам у вяскоўцаў забіралі жывёлу, нешта канфіскоўвалі.
Падчас наступлення савецкіх войскаў, фашысты расстрэльвалі ўсіх мірных жыхароў – так загінуў прадзед Вольгі Піліпаўны Сідар, яго дачка з дзецьмі і аднавяскоўцы. Людзі выходзілі хавацца ў лясы, і нават маленькія дзеці сядзелі, зацяўшы зубы, не плакалі – настолькі вялікім быў страх выдаць сябе.
– Калі вяскоўцы ведалі, што будзе наступленне, закопвалі прадукты, зерне, адзенне – хто што, каб вярнуўшыся, не застацца голымі-босымі, – кажа Вольга Саламашанка. – Так рабілі і татавы бацькі. А ў іх двары немцы вырашылі ўстанавіць антэну, і знайшлі ўсё, што пахавалі мае родныя. Немцаў, канешне, такі скарб не зацікавіў, а вось некаторыя паліцаі гэтым не пагрэбавалі. Яны хутка ўсё разабралі, яшчэ і ў падарунак здагадаліся сваім каханкам занесці. Мая цётка Галіна на адной такой сваю хустку потым і пазнала – падышла і сарвала з галавы, сказаўшы, што гэта яе рэч. А ўвогуле вынесена з дзедавай хаты было ўсё – засталіся толькі кубак і вілкі, якія бабуля ў агароджу ўтыкнула. Казалі, што часам паліцаі былі горш за немцаў.
ПАСЛЯСЛОЎЕ
Пасля вызвалення Гомельшчыны на радзіме Піліпа і Раісы Саламашанкаў і ў навакольных вёсках засталося цэлымі толькі некалькі дамоў – людзі капалі зямлянкі.
– У лістападзе вызвалілі, лічы зіма на дварэ, холадна, голад… Пасаджаную ў полі бульбу немцы замініравалі – вельмі шмат людзей там падарвалася. Але што было рабіць – ішлі, есці хацелася, – прыгадвае пачутае ад бацькоў жанчына. – Што мелі на сабе, уцякаючы ў лес, у тым і хадзілі – ні адзення, ні абутку…
Выбухным рэхам Вялікая Айчынная яшчэ доўга адгукалася на Гомельшчыне: у зямлі засталося шмат снарадаў і ў канцы 90-х падчас моцных лясных пажараў яны разрываліся так, што гэта нагадвала вайну.
Фота на памяць. 3 мая 1945 года
– Калі тата даведаўся, што вызвалілі Беларусь – ён ужо быў афіцэрам, – напісаў у сельскі Савет, каб распытаць пра лёс сваёй сям’і, – працягвае Вольга Піліпаўна. – І пачаў высылаць бацькам частку свайго грашовага забеспячэння – сям’і майго дзеда стала жыць лягчэй. Маці са сваім бацькам пайшлі працаваць у школу настаўнікамі. Потым мама вучылася ў Мінскім політэхнічным інстытуце. А тата пасля вайны застаўся служыць у арміі.
Раіса Ермалаеўна і Піліп Рыгоравіч пазнаёміліся, прыехаўшы адна на канікулы, а другі ў адпачынак да бацькоў.
Піліп Саламашанка
– Бацька расказваў, што выклікаў маму на спатканне выстралам з пісталета, – смяецца дачка ветэрана. – Калі яны пажаніліся, маці засталася давучвацца ў Мінску – дзед прасіў яе не кідаць вучобу, а тата служыў ва Украіне ў Цярнопальскай вобласці. Толькі пасля заканчэння інстытута мама прыехала жыць да бацькі.
У Саламашанкаў нарадзілася дзве дачкі – Вольга і Ніна. У іх сямейнай біяграфіі было яшчэ некалькі гарадоў, у якія яны пераязджалі ўслед за бацькам-ваенным – Турка, Стары Самбар, Чарнаўцы.
Піліп і Раіса Саламашанкі. 1949 год
– Для таты вайна была забароненай тэмай, ён пра яе ніколі не гаварыў, – кажа Вольга Піліпаўна. – А вось прыкладам геройства, мужнасці і ўмення весці за сабой людзей для бацькі быў артылерыст, генерал, двойчы Герой Савецкага Саюза Васіль Пятроў, які, нават страціўшы абедзве рукі, працягваў змагацца з фашыстамі. Помню, калі ён прыязджаў у полк, мы, малыя, заміралі – гэта ж сам Пятроў прыехаў!
Васіль Пятроў у першым радзе трэці злева, за ім – Піліп Саламашанка
Пасля выхаду ў адстаўку галавы сямейства Саламашанкі пераехалі ў Гомель – вельмі цягнула Піліпа Рыгоравіча ў родныя мясціны.
Мабыць, карта, якую падчас вайны знайшоў беларускі артылерыст у акопе пад Сталінградам, усё ж прывяла яго на радзіму...
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.