Школы Островетчины презентовали свои бизнес-кампании
12:09 / 10.02.2017
Адметнасцю яго сталі прэзентацыі школьных бізнес-кампаній. Сёння навучальныя ўстановы не толькі вучаць дзяцей, але і зарабляюць грошы. Якім чынам? – пра гэта падчас прэзентацыі бізнес-кампаній расказвалі дырэктары ўстаноў і іх падапечныя.
У кожнай школы была свая «ізюмінка». Праект Спондаўскага НПК так і называўся «Ягада-маліна»: на прышкольным участку ўжо не першы год расце маліна – і школьнікі не толькі збіраюць ягады, але і вырошчваюць саджанцы.
У Варнянскім НПК рэалізуецца комплексны праект «Экалаўка». Акрамя вырошчвання і продажу дэкаратыўных саджанцаў хваёвых і дэкаратыўна-лісцевых раслін і садаводства, тут збіраюцца заняцца развядзеннем грыбоў – вешанак і шампіньёнаў. Акрамя таго, школа ўключылася ў праект ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» па стварэнні экалагічнага адукацыйнага цэнтра па захаванні балтыйскіх ласосяў у Беларусі – а зарабляць плануе на экскурсійнай дзейнасці.
У мінулым годзе ў Міхалішкаўскай школе актыўна нарыхтоўвалі насенне кветак – для таго, каб сёлета заняцца вырошчваннем расады, а потым – і яе рэалізацыяй.
Падобную бізнес-кампанію праводзяць і ў Кямелішкаўскім НПК. А ў дадатак тут збіраюцца рэалізоўваць агародніну, сабраную з прышкольнага ўчастка.
Праект «Жывіца» па продажы розных відаў хваёвых раслін рэалізуюць педагогі і вучні Альхоўскай школы.
Рытанскія і гервяцкія школьнікі і іх настаўнікі таксама заняліся вырошчваннем кветкавай расады і агародніны.
А варонскія педагогі пайшлі іншым шляхам: тут рэалізуюць праект «Вясёлкавы сад» па вырошчванні пакаёвых кветак.
Цікава і комплексна прадставілі бізнес-кампанію «Гаспадар» гудагайскія школьнікі і педагогі. Да вырошчвання расады яны дадалі экскурсійную і тэатральную дзейнасць, а таксама выпечку кулінарных вырабаў.
Гімназія №1 уразіла ўдзельнікаў прэзентацыі прадстаўленнем тэатра моды «Шык». Школьнікі і педагогі не толькі рыхтуюць тэатральныя пастаноўкі і прадстаўляюць іх для юных гледачоў з іншых устаноў адукацыі, але і здаюць касцюмы на пракат.
Бізнес-кампанію «Смайлік» прадставілі мальскія педагогі: яны прапануюць на продаж магніты рознай тэматыкі, а таксама самаробныя паштоўкі.
Падобны від дзейнасці развіваюць і ў Рымдзюнскай школе з беларускай мовай навучання.
А іх калегі з Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання збіраюцца арганізаваць на базе школы турыстычна-экскурсійны цэнтр для знаёмства з культурай мясцовых літоўцаў.
Выхаванцы і педагогі сацыяльна-педагагічнага цэнтра ўразілі ўсіх прадукцыяй, выкананай у тэхніцы дэкупажу.
Унікальныя драўляныя рэчы збіраюцца рабіць у СШ №1 – чарпакі, вёдры і бочкі, выстаўленыя на выставе, упэўнена, зацікавяць аматараў пары. А якія цудоўныя рэчы са звычайных паліэтыленаввых пакетаў умеюць рабіць школьнікі і педагогі! Дадаць да гэтага самаробныя рукавіцы, шапкі для лазні і фіта-чаі, якія таксама прапаноўваюць у гэтай школе, – і адразу ж можна накіроўвацца ў парылку!
Тканыя вырабы ручной работы прапаноўвалі педагогі і вучні Падольскага НПК. Былі на выставе і больш танныя рэчы – фартухі, рабочыя і мехавыя рукавіцы...
СШ №2 сваю бізнес-кампанію назвала “Залаты капітал”: сувеніры, выстаўленыя на продаж, былі зроблены з саломкі.
– Кожная ўстанова падышла да мерапрыемства не толькі творча, але і зрабіла адпаведныя разлікі, бізнес-планы вытворчасці і рэалізацыі тавараў і вырабаў. Плануецца, што ў красавіку ўсе школы стануць удзельнікамі выставы “Велікодны сюрпрыз”, а жыхары і госці нашага горада змогуць набыць унікальныя сувеніры, падарункі, рэчы хатняга ўжытку, зробленыя рукамі дзяцей і дарослых, – расказала намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алеся Казіміраўна Кашко.
Алена СВЕТЛАЯ, фота з архіва аддзела адукацыі, спорту і турызму.