Педагоги Островетчины ответили на "пять вопросов о главном" накануне своего профессионального праздника

09:32 / 01.10.2016
день учителяНапярэдадні прафесійнага свята педагогаў мы звярнуліся да настаўнікаў, якія працуюць у школах нашага раёна і задалі ім пяць пытанняў пра  прафесію, працоўныя будні  і вучняў .

  1. Што вам больш за ўсё падабаецца у вашай прафесіі?

  2. Сёння задача настаўніка не толькі даць дзіцяці веды па свайму прадмету, але і выхаваць яго. Што вам больш падабаецца – вучыць ці выхоўваць?

  3. Што для вас важней: павага ці любоў вучня?

  4. Сярод урокаў і паўсядзенных клопатаў, якія суправаджаюць жыццё настаўніка, як удаецца знайсці час на сябе і сваю сям'ю?

  5. Якія са сваіх прафесійных дасягненняў вы лічыце самымі значнымі? Ці ёсць у вас сакрэты прафесійнага майстэрства?


%d0%bf%d1%8f%d1%82%d1%8c-%d0%b2%d0%be%d0%bf%d1%80%d0%be%d1%81%d0%be%d0%b2-%d0%ba%d1%80%d0%b8%d0%b2%d0%b5%d1%86Уладзімір Мікалаевіч Крывец, настаўнік фізікі і інфарматыкі гімназіі №1 і СШ №2:

  1. Больш за ўсё мне імпануе ў маёй прафесіі магчымасць сустракацца з дзецьмі. На мой погляд, настаўнік павінен дапамагчы школьнікам  зацікавіцца пэўным прадметам – у маім выпадку фізікай і інфарматыкай –  і  разам з імі вучыцца.


Падчас вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ўдзельнічаў у праграме па абмену студэнтамі – нейкі час вучыўся ў Маскоўскім інжынерна-фізічным інстытуце, займаўся навуковай дзейнасцю, але зразумеў, што мне больш даспадобы праца настаўніка. На пятым курсе ўладкаваўся ў СШ №23 г. Гродна –  працаваў і вучыўся. Упэўнены, што працаваць можна і трэба ў школе: даваць дзецям веды, займацца навуковай дзейнасцю, нават проста размаўляць з імі – гэта цікава.

  1. На мой погляд, галоўнае – выхаваць у дзяцей жаданне вучыцца, навучыць іх   самастойна здабываць веды, быць дысцыплінаванымі і адказнымі. У рэшце рэшт, да кожнага  патрэбны індывідуальны падыход: камусьці лёгка вучыцца, аднак ён не паддаецца выхаванню, іншы – наадварот. І калі настаўнік зможа наладзіць з вучнем узаемадзеянне ў гэтых накірунках – значыць, ён сапраўдны настаўнік.

  2. Канешне, павага да настаўніка павінна быць, але патрэбна і іншае пачуццё – нешта накшталт любові да прадмета, зацікаўленасць ім. І калі дзеці палюбяць прадмет, які выкладае настаўнік, то будуць любіць і паважаць настаўніка. У мінулым годзе я працаваў у Гудагайскай школе. Там былі такія вучні –   і сёння я падтрымліваю з імі сувязі.

  3. Насамрэч, настаўніцкая работа займае шмат часу. Але я стараюся знайсці яго і на сям’ю. Як правіла, суботу і нядзелю прысвячаю жонцы і маленькаму сыну. Любім прагуляцца па горадзе ці куды-небудзь з’ездзіць. Чытаю, праўда, гэта спецыяльная літаратура ці  аўтабіяграфіі  гістарычных асоб,   вядомых людзей.

  4. Самым вялікім дасягненнем лічу, калі змог дапамагчы дзіцяці атрымаць нейкую перамогу ў конкурсе, алімпіядзе і нават на ўроку. Калі   самаацэнка вучня  падымаецца, ён становіцца больш упэўненым у сваіх сілах – для настаўніка гэта важна.


А сакрэты ёсць у кожнага педагога. Толькі не заўсёды тое, што выкарыстоўваю я, можа ўзяць сабе на ўзбраенне іншы настаўнік.

%d0%bf%d1%8f%d1%82%d1%8c-%d0%b2%d0%be%d0%bf%d1%80%d0%be%d1%81%d0%be%d0%b2-%d0%bc%d0%b8%d1%85%d0%bd%d0%beВольга Эдвардаўна Міхно, загадчык ясляў-сада “Дубок”:

  1. Канешне, гэта праца з дзецьмі. Цяпер, праўда, мне больш даводзіцца працаваць з выхавальніцамі і бацькамі дзяцей, аднак кожную раніцу я заходжу ва ўсе чатыры групы, якія створаны на базе нашага садка, размаўляю з дзецьмі, часам проста назіраю за імі. Як і ў  кожнага педагога, у мяне ёсць  жаданне зрабіць кожнае дзіця самым шчаслівым. А яны, такія маленькія, прыгожыя, безабаронныя,  усміхаюцца табе ў адказ і дораць пазітыўную энергію.

  2. 23 гады я працую ў сістэме дашкольнай адукацыі. За гэты час была выхавацелем, намеснікам загадчыка і ўжо пяць гадоў з’яўляюся загадчыцай. На занятках педагог ставіць тры мэты: навучыць, выхаваць і  развіць –  і кожная з іх не можа існаваць паасобку. Хаця больш увагі ў садку  надаецца  выхаванню і развіццю дзіцяці.

  3. На мой погляд, павага – важней. Хаця вельмі часта дзеці прызнаюцца сваім выхавацелям у любові, але так адбываецца толькі таму, што яны не могуць падабраць іншае слова, яны проста сімпатызуюць тым людзям, якія знаходзяцца побач, а любіць дзеці павінны сваіх блізкіх – маму, тату, браціка, сястрычку…

  4. Сын Уладзіслаў ужо дарослы – вучыцца ва ўніверсітэце, дачка Аліна – сямікласніца: ёй увагі аддаю больш. Стараюся знайсці час на сябе: любая жанчына павінна сачыць за сваёй знешнасцю. Люблю спорт і кветкі.

  5. Больш за ўсё мне падабаецца тое, што наш сад змяняецца. Канешне, адной зрабіць усё было б не па сілах, і я ўдзячна за падтрымку і матэрыяльную дапамогу раённаму выканаўчаму камітэту, аддзелу адукацыі,  спорту і турызму і бацькам нашых выхаванцаў. Сёння ў нас створаны цудоўныя ўмовы на харчблоку, адрамантаваны першы паверх. Увесь калектыў стараецца стварыць утульнасць у садку, педагогі праводзяць цікавыя мерапрыемствы для дзяцей і іх бацькоў. Высокіх узнагарод у мяне няма, але, спадзяюся, дзецям, якія ходзяць у наш садок, тут падабаецца – для мяне гэта галоўная ўзнагарода.


Ды і сакрэтаў у мяне  таксама няма. Галоўнае – любіць тое, што робіш, а таксама тых, хто знаходзіцца побач. І  развівацца.

%d0%bf%d1%8f%d1%82%d1%8c-%d0%b2%d0%be%d0%bf%d1%80%d0%be%d1%81%d0%be%d0%b2-%d0%bb%d0%b0%d1%81%d1%82%d0%be%d0%b2%d1%81%d0%ba%d0%b0%d1%8fТэрэса Уладзіславаўна Ластоўская, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы №2:

  1. Падабаецца ўсё – інакш я не працавала б настаўніцай. Сёлета споўнілася 29 гадоў, як я звязана са школай і дзецьмі. Першыя тры гады давялося працаваць у малакамплектнай школе, дзе была і дырэктарам, і настаўнікам. У  класе было  11 дзяцей рознага ўзросту – і адначасова неабходна было праводзіць чатыры ўрокі. Гэта быў велізарны вопыт.


Я люблю працаваць з дзецьмі, сустракацца з іх бацькамі і заўсёды ганаруся сваімі выпускнікамі –  а сярод іх нямала настаўнікаў і ўрачоў, юрыстаў,  работнікаў сельскай гаспадаркі і нават ксяндзоў.

  1. Важна і адно, і другое, а  кожны настаўнік стараецца даць і веды,  і выхаваць. Адно без другога не існуе: калі знойдзеш падыход да дзіцяці і яго  бацькоў,  то і ніякіх праблем ні ў вучобе, ні ў выхаванні не ўзнікне.

  2. Усё ж на першае месца я паставіла б павагу. А калі будуць паважаць, то змогуць і палюбіць. Хаця заслужыць павагу вучня часам вельмі няпроста. У сваіх класах я стараюся будаваць адносіны на роўных. Калі ў чымсьці памылілася –  абавязкова скажу аб гэтым сваім школьнікам. Магчыма, па гэтай прычыне ў нас з імі няма ніякіх сакрэтаў: мы дзелімся і радасцямі, і праблемамі, а пры неабходнасці дапамагаем адзін аднаму іх вырашаць.

  3. Я жыву адна і ўвесь час, нават вольны, прысвячаю сваім вучням: чытаю педагагічныя часопісы, шукаю цікавыя выхаваўчыя мерапрыемствы і методыкі правядзення ўрокаў. Люблю пачытаць, пасядзець у інтэрнэце, але зноў жа, каб знайсці там нешта цікае для маіх выхаванцаў.

  4. Калісьці я была прызнана “Настаўнікам года” – гэта адно з першых маіх прафесійных дасягненняў – такое не забываецца. Сёлета я пацвердзіла вышэйшую катэгорыю – для любога педагога гэта таксама важна. А яшчэ я ганаруся сваімі дзецьмі і іх перамогамі. Цяпер рыхтуемся да алімпіяд – спадзяюся, што, як і ў мінулыя гады, мае выхаванцы парадуюць мяне сваімі поспехамі.


У мяне няма ніякіх сакрэтаў. Усім, што ўмею і ведаю, я заўсёды  дзялюся з маладымі спецыялістамі.

%d0%bf%d1%8f%d1%82%d1%8c-%d0%b2%d0%be%d0%bf%d1%80%d0%be%d1%81-%d0%ba%d0%b5%d1%82%d1%80%d0%b8%d1%81Ларыса Леанідаўна Кетрыс, метадыст Астравецкага  вучэбна-метадычнага кабінета:

  1. Па спецыяльнасці я настаўніца рускай мовы і літаратуры, аднак выкладаць гэтыя прадметы  давялося нядоўга.  І тады, і цяпер на першым месцы ў мяне заўсёды стаялі дзеці і маім прызначэннем было – аддаць усё, што ведаю сама, сваім вучням. Любоў да дзяцей і школы перадалася мне ў спадчыну ад бацькоў, якія былі педагогамі. А мая маці, Лізавета Сямёнаўна Клюня, да таго ж вучыла мяне ў пачатковых класах.


А цяпер сваім вопытам і набыткамі  я дзялюся з педагогамі, якіх курырую. Гэта настаўнікі рускай мовы і літаратуры і геаграфіі. Я люблю дзяцей і люблю сваіх педагогаў, асабліва маладых спецыялістаў: з іх можна выляпіць сапраўдных настаўнікаў – і я стараюся ім   дапамагчы.

  1. Ніякай вучобы без выхавання не можа быць, гэтаксама як і выхавання без вучобы. Гэта непадзельныя задачы сістэмы адукацыі. Упэўнена ў тым, што навучыць, не выхоўваючы, нельга. Настаўнік вучыць і выхоўвае словам і сваімі адносінамі да дзяцей.

  2. Калі я маладым педагогам прыйшла ў школу, мне вельмі хацелася, каб дзеці мяне любілі. І мне здаецца, што так яно і было. Прынамсі, мне ніколі не даводзілася чуць дрэнных, грубых слоў у свой  адрас. Я заўсёды з радасцю ішла ў школу і  з добрым настроем праводзіла ўрокі. Цяпер разумею, што павага нашмат важней любові, аднак яе трэба заваяваць. Удаецца гэта толькі сапраўдным настаўнікам, якіх называюць людзьмі з вялікай літары.

  3. Усё жыццё работа заўсёды стаяла на першым месцы. Менавіта дзецям, школе, педагогам я прысвячала ўвесь свой час – і,  адпаведна,  абдзяляла ўвагай сваю сям’ю і блізкіх.


Я ўпэўнена, што педагог павінен прывабліваць не толькі ведамі, якімі валодае, але і сваёй знешнасцю. Гэта яго імідж. Што б там ні гаварылі, аднак “сустракаюць па вопратцы” – і мне заўсёды было важна, як я выглядаю.

  1. Як куратар рускай мовы і літаратуры і геаграфіі, я ганаруся поспехамі нашых школьнікаў на абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіядах, радуюся іх перамогам на навукова-практычных канферэнцыях, мне імпануе тое, што нашы настаўнікі друкуюць распрацоўкі сваіх урокаў у прадметных часопісах – усё гэта складаемыя поспеху педагогаў і, спадзяюся, ва ўсім гэтым ёсць частка і маёй заслугі.


Зразумела, што ў кожнага педагога ёсць свае сакрэты, толькі калі іх раскрыць, яны перастануць такімі быць. А вось бачаннем правядзення ўрока, цікавымі методыкамі я заўсёды дзялюся са сваімі падапечнымі.

Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.