Накануне нового учебного года педагоги Островецкого района подвели итоги работы прошлого года
15:32 / 01.09.2016
Подых свята адчуваўся ўжо на прыступах да кінаканцэртнай залы: вясёлая музыка і шматгалосы хор вучняў і педагогаў стваралі радасны настрой – гэта розныя ўстановы адукацыі дэманстравалі сваю дзейнасць.
Так, дашкольнікі арганізавалі работу тэматычных пляцовак, на якіх можна было і пагуляць, і павучыцца; гімназісты расказалі пра паслугі, якія аказвае іх рэпетыцыйны цэнтр; спартсмены дэманстравалі, чаму можна навучыцца і чаго дасягнуць у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе і ў фізкультурна-спартыўным клубе; спецыялісты і выхаванцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі расказвалі пра свае творчыя здабыткі. Працавалі тэматычныя пляцоўкі, дзе школьнікі расказвалі пра адпачынак у аздараўленчых летніках, якія працавалі летам ў нашым раёне. Сваю дзейнасць прадставілі музеі Міхалішкаўскай, Гудагайскай, Гервяцкай школ і Спондаўскага НПК, а вучні Варнянскага НПК і Гервяцкай школы прэзентавалі сістэму выхавання ў сучаснай школе.
Пачатак навучальнага года ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму звязаны яшчэ і з прыбыццём маладых спецыялістаў. Сёлета 58 маладых педагогаў, якія закончылі вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі, прыбылі на сваё першае рабочае месца – у наш раён. Менавіта таму самыя цёплыя словы ў гэты дзень гучалі ў іх адрас. Кожнага “навічка” прывіталі дырэктары, а вопытны настаўнік Таццяна Вадзімаўна Берняковіч звярнулася да маладой змены з наказам.
Падчас жнівеньскай нарады размова ішла пра стан і перспектывы развіцця адукацыі нашага раёна. Увага была ўдзелена якасці дашкольнай адукацыі, дапрофільнай падрыхтоўцы і профільнаму навучанню, стаўленню маладых педагогаў і інтэграцыі ў сістэме адукацыі.
Інтрыгуючым момантам святочнай урачыстасці стала падвядзенне вынікаў раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы ўстаноў адукацыі па выніках мінулага навучальнага года. Званне “Брэнд года” было прысвоена дашкольнаму цэнтру развіцця дзіцяці №1, Міхалішкаўскай СШ і Падольскаму НПК. Акрамя таго, пераможцамі конкурсу ў асобных намінацыях былі прызнаны гімназія №1, яслі-сад “Дубок” і Рымдзюнскі дзіцячы сад з літоўскай мовай навучання.
Прафесіяналізм астравецкіх педагогаў, іх эфектыўную дзейнасць па павышэнні якасці адукацыі адзначалі ў сваіх выступленнях і запрошаныя госці – намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла і старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Віктараўна Грышэчка.
Падчас жнівеньскай нарады вялікая ўвага была ўдзелена педагогам: 66 настаўнікаў былі ўзнагароджаны граматамі і дыпломамі рознага ўзроўню. Так, Дыпломам абласнога Савета дэпутатаў за высокія дасягненні па развіццю інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў былі адзначаны настаўнікі грамадазнаўства і геаграфіі гімназіі №1 Ганна Мар’янаўна Алёхна і
Святлана Віктараўна Кунігель. Дыпломы абласнога Савета дэпутатаў за эфектыўную работу па падрыхтоўцы вучняў, якія дасягнулі высокіх спартыўных вынікаў, атрымалі трэнеры-выкладчыкі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Аляксей Зянонавіч Маргуж і Андрэй Уладзіслававіч Блашкевіч.
Граматы Міністэрства адукацыі за добрасумленную плённую працу, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення былі ўручаны намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі №1 Марыне Чаславаўне Сцепаняк, настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі Міхалішкаўскай СШ Таццяне Іосіфаўне Дуброўскай і нямецкай мовы гімназіі №1 Ніне Рыгораўне Свіла.
Ганаровай Граматай упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працоўную дзейнасць, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення былі ўзнагароджаны дырэктары Гервяцкай СШ Валянціна Вацлаваўна Трышына, Спондаўскага НПК Кацярына Іванаўна Емяльян, Альхоўскай СШ Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч, загадчык Альхоўскага дзіцячага сада Людміла Станіславаўна Грэйць, метадыст па ахове правоў дзіцяці вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Анатольеўна Альфер, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Гудагайскай СШ Жанна Леанардаўна Янцэвіч, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Рытанскага НПК Вольга Казіміраўна Юргелянец, настаўнікі рускай мовы і літаратуры гімназіі №1 Марыя Антонаўна Блізнік, рускай мовы і літаратуры, педагог сацыяльны гімназіі №1 Таццяна Вайцехаўна Пілімон, настаўнік фізічнай культуры і здароўя гэтай жа навучальнай установы Анастасія Мечыславаўна Пашук, а таксама настаўнікі пачатковых класаў Варнянскага НПК Таццяна Станіславаўна Лакевіч, нямецкай мовы Падольскага НПК Людміла Фабіянаўна Валадзько і музычны кіраўнік ясляў-сада №2 Аксана Віктараўна Юркевіч.
Пераможцы абласнога конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у намінацыі “Афіцыйны сайт установы адукацыі” Таццяна Уладзіславаўна Калтан і Ганна Людвікаўна Праўлуцкая былі ўзнагароджаны Дыпломам ІІ ступені ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.
Падчас урачыстасці яшчэ 46 педагогаў былі ўзнагароджаны Ганаровымі Граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму. А намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, які курыруе пытанні адукацыі, быў узнагароджаны Падзякай Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.
У панядзелак жнівеньскі званок абвясціў пачатак новага навучальнага года для настаўнікаў. А ўжо у чацвер ён паклікаў за парты амаль тры тысячы вучняў нашага раёна – пачаўся чарговы навучальны год у жыцці кожнага з іх.
Няхай жа ён будзе творчым і плённым для ўсіх – школьнікаў і педагогаў!
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.