Специальная комиссия проверила готовность учреждений образования к новому учебному году
08:37 / 19.08.2016
Штогод у жніўні спецыяльная камісія правярае падрыхтаванасць устаноў адукацыі да новага навучальнага года. Сёлета на працягу трох дзён «дэсант» спецыялістаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, па надзвычайных сітуацыях, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі на чале з намеснікам старшыні Астравецкага райвыканкама Віктарам Збігневічам Свілам і начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталляй Іосіфаўнай Станкевіч наведалі ўсе ўстановы адукацыі, каб падпісаць пашпарты гатоўнасці.
У адзін з дзён разам з камісіяй у такі своеасаблівы рэйд адправіўся і наш карэс-пандэнт.
Мне выпала магчымасць прыняць удзел у ацэнцы гатоўнасці да прыёму вучняў гарадскіх устаноў адукацыі. Іх агляд пачаўся з новых школы і дзіцячага садка.
«Зразумела, яны падрыхтаваныя!» – скажа нехта і будзе мець рацыю. Толькі змяненні адбыліся і ў гэтых навучальных установах. Напрыклад, на падрыхтоўку гімназіі да 1 верасня было затрачана каля 60 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. У рэкрэацыях з'явіліся прыгожыя тэматычныя вугалкі, у кабінетах – новыя прадметныя стэнды, якія вызначаліся непаўторнасцю і адметнасцю, абнавіліся і сцены.
Пажарных падчас агляду цікавілі наяўнасць вогнетушыцеляў, супрацоўнікаў санэпідслужбы – чысціня і парадак на харчблоку і ў памяшканнях сталовай, а прадстаўнікоў аддзела адукацыі – падрыхтаванасць класаў і педагогаў да 1 верасня.
Чысцінёй і акуратнасцю памяшканняў вызначаўся і яслі-сад №1: прыгожа аформленыя гульнявыя пакоі, спальныя памяшканні і буфетныя – знаходзіцца тут адно задавальненне.
Нягледзячы на «ўзрост», зіхацеў свежымі фарбамі і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1 – на яго добраўпарадкаванне сёлета было затрачана амаль 33 мільёны недэнамінаваных рублёў. У некаторых памяшканнях тут зрабілі касметычны рамонт – бацькоў і дзяцей, якія штодзень прыходзяць у садок, задавальняюць створаныя ўмовы.
Пазітыўны настрой стварае тэрыторыя ясляў-сада №2 – гэтым летам тут абнавілі дарожкі і надворнае абсталяванне, касметычны рамонт прайшоў у некаторых памяшканнях.
Яслі-сад «Дубок» уразіў яркімі фарбамі: першы паверх гэтай дашкольнай установы выглядае не горш за новы садок. Хацелася б, каб і памяшканні другога паверха атрымалі новае жыццё. Пакуль жа тут правялі толькі касметычны рамонт.
Педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі працавалі ўсё лета – дзверы гэтай установы зачыняліся толькі ў нядзелю. І ўсё ж яны паспелі паднавіць свае памяшканні, якія сустракаюць наведвальнікаў новымі фарбамі і колерамі. А ўсмешлівыя, тале-навітыя педагогі з нецярпеннем чакаюць новага навучальнага года, каб навучыць сваіх выхаванцаў новым тэхнікам дэка-ратыўна-прыклад-нога мастацтва, адкрыць свет творчасці і натхнення.
Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа гатова да сустрэчы з аматарамі спорту і здаровага ладу жыцця. Да пачатку навучальнага года тут абнавілі спартыўную залу.
Чакалі камісію і ў Астравецкім фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Пакуль што тут змаглі зрабіць касметычны рамонт у раздзявалках і душавых, хаця сцены таксама патрабуюць укладання пэўнай сумы грошай. Ёсць неабходнасць і ва ўстаноўцы вентыляцыйнай сістэмы. Сёлета да трэнажораў, якія ўсталяваны ў комплексе, дадаўся яшчэ адзін коштам звыш за 10 мільёнаў недэнамінаваных беларускіх рублёў.
Апошняй школай, якую наведала камісія, стала СШ №2. У гэтым годзе ў ёй па папярэдніх звестках будзе вучыцца 937 вучняў з дзвюх гарадскіх школ. Менавіта таму галоўнае пытанне, якое цікавіла камісію, як будзе арганізавана навучанне дзяцей? Два дырэктары Антон Часлававіч Трэйгіс і Марына Мар'янаўна Кутовіч прадэманстравалі пад-рыхтаваныя да першага верасня кабінеты – напярэдадні настаўнікі СШ №1 «пераехалі» ў сярэднюю школу №2.
Як сведчаць падпісаныя камісіяй пашпарты гатоўнасці, усе ўстановы дашкольнай і сярэдняй адукацыі падрыхтаваны да пачатку навучальнага года – а гэта значыць, да сустрэчы на ўрачыстых лінейках, якія 1 верасня пройдуць ва ўсіх школах нашага раёна.
Для даведкі:
За летнія канікулы на рамонты ўстаноў адукацыі было зрасходавана больш за 735 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Найбольш грошай было ўкладзена ў СШ №2 – амаль 90 мільёнаў. Змяніліся і сельскія навучальныя ўстановы. Так, на рамонт Гудагайскай школы пайшло 83 мільёна, Спондаўскага НПК – 34 мільёна, Варонскага – 27 мільёнаў.
На рамонт фасада Рытанскага НПК з мясцовага бюджэту выдзелена 214 мільёнаў. Аснашчэнне Рымдзюнскага дзіцячага садка з літоўскай мовай навучання стала магчымым дзякуючы яго ўдзелу ў сумесным з Літоўскім цэнтрам культуры, адукацыі і інфармацыі інвестыцыйным праекце па навучанню літоўскай мове – на 1300 еўра ў эквіваленце ў садок закуплены цацкі, дыдактычныя гульні і тэлевізар.
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.