Лето-2016. Чем заинтересовали детей педагоги "Ласточки" и как здесь организован отдых?
13:33 / 14.07.2016
Жадаючых правесці адпачынак у дзіцячым аздараўленчым летніку «Ластаўка» сёлета шмат. Як паведаміў яго дырэктар Арцём Уладзіміравіч Шатраўскі, пуцёўкі раскуплены на ўсе змены. Чым жа педагогі змаглі зацікавіць дзяцей і як тут арганізаваны адпачынак? Пра гэта – у нашым фотарэпартажы.
Ледзь паспела закончыцца першая змена, падчас якой у «Ластаўцы» адпачывалі дзесяцікласнікі, як пачалася другая – на 18 дзён сюды запрасілі школьнікаў з усяго раёна.
Падчас другой змены, якая праходзіла пад назвай «Акадэмія зорак», тут змаглі адпачыць 115 дзяцей рознага ўзросту. Штодзень хлопчыкі і дзяўчынкі дэманстравалі свае таленты ў выкананні песень і танцаў, выяўленчым і фотамайстэрстве, спорце і рукадзеллі.
– Кожны дзень у летніку меў сваю назву і праходзіў пад пэўным дэвізам, – расказвае старшы выхавальнік Павел Генадзьевіч Букель. – Падчас «Дня бізнесу» дзеці зараблялі грошы, у дзень летніх алімпійскіх гульняў дэманстравалі свае спартыўныя здольнасці, у бацькоўскі дзень разам з мамамі і татамі выступалі на сцэне… Словам, праграма змены была распрацавана так, што сумаваць выхаванцам не даводзілася.
– Мне вельмі спадабалася ў летніку, – расказвае Ліза Ляшчэўская, – Тут весела і цікава. Мы малявалі, спявалі, танцавалі, удзельнічалі ў конкурсах… У наступным годзе я таксама сюды прыеду!
Пра тое, што ў лагеры сапраўды было цікава, у адзін голас сцвярджалі і старэйшыя школьнікі, выхаванцы першага атрада. Адзін з іх, Жэня Атрошанка, адпачываў у «Ластаўцы» ўжо ў пяты раз.
– Змена атрымалася класнай, – падзяліўся ўражаннямі Жэня. – Асабліва мне спадабаўся КВЗ. Цікава было ўдзельнічаць у танцавальных конкурсах. І ўвогуле адпачынак прайшоў на «ўра».
А пакуль дзеці адпачывалі, педагогам, якія на змену сталі выхавальнікамі, давялося добра папрацаваць: каб праграмныя мерапрыемствы атрымаліся насычанымі і запамінальнымі, прыйшлося праявіць творчасць і выдумку.
Акрамя таго, што педагогі рыхтавалі да конкурсаў і мерапрыемстваў сваіх падапечных, ім самім не раз даводзілася выходзіць на сцэну і прымаць удзел у выпрабаваннях. Адзін з іх – конкурс на лепшага важатага. Педагогі з усіх атрадаў рыхтавалі «візіткі», праводзілі гульні з залай, дэманстравалі свае творчыя здольнасці – і змагаліся за магчымасць прадставіць Астравеччыну на рэспубліканскім конкурсе, які ў хуткім часе адбудзецца ў «Зубронку. Пераможцам конкурсу стала Марына Віктараўна Кацінель, выхавальніца атрада «Жукі».
Пра цікавыя мерапрыемствы, актыўных і таленавітых дзяцей і педагогаў, якія сабраліся на другую змену, гаварылі і выхавальніцы Кацярына Ігараўна Кайчук і Ганна Іванаўна Шандроха – студэнткі трэцяга курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія падчас летніх канікул вырашылі папрацаваць у летніку: замацаваць тэарэтычныя веды і падзарабіць.
Дарэчы, падчас другой змены ў «Ластаўцы» працаваў студэнцкі атрад гэтай навучальнай установы, які стаў яшчэ і ўдзельнікам адкрыцця Усебеларускай маладзёжнай будоўлі на Беларускай атамнай электрастанцыі – гэтая падзея доўга будзе нагадваць ім пра Астравеччыну.
Спакой і здароўе выхаванцаў «Ластаўкі» ахоўвалі супрацоўнікі міліцыі і медыцынскі персанал. А як смачна кормяць у «Ластаўцы», ды яшчэ і пяць разоў за дзень!
– За апошнія гады ў нашым летніку многае зроблена па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Штогод «Ластаўка» абнаўляецца да пачатку новага сезону, – расказвае дырэктар Арцём Уладзіміравіч Шатраўскі. – Кожную змену дзяцей і дарослых чакаюць прыемныя сюрпрызы. Напрыклад, атрад-пераможца другой змены атрымаў у падарунак экскурсію ў Гродна.



Дарэчы, знаёміцца з адпачынкам дзяцей могуць і іх бацькі – фотасправаздачы аб пройдзеных мерапрыемствах штодзень выкладваюцца на сайце: lastochka.www.by.
Ужо 13 ліпеня «Ластаўка» гасцінна адчыніла свае дзверы для выхаванцаў трэцяй змены, якая на працягу 18 дзён будзе праходзіць пад назвай «У пошуках прыгод».
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
Поделиться: