На базе Гудогайской школы прошёл областной семинар-практикум для заместителей директоров
09:44 / 20.05.2016
Пра тое, як наладжана работа школьнай суполкі дзяцей і дарослых, расказалі намеснік дырэктара Гражына Шоцік і кіраўнік рэсурснага цэнтра Гудагайскай школы Ірына Жалток. Дапамаглі ім у гэтым школьнікі – прадстаўнікі ваенна-патрыятычнага, прававога і педагагічнага класаў, а таксама валанцёры-інструктары роўнага навучання.
Цікавая прэзентацыя, флэш-моб, да якога далучыліся і ўдзельнікі семінара, – пачатак стаў яскравым сведчаннем таго, што работа ва ўстанове вядзецца на высокім узроўні. Толькі начальнік аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Кіўлюк вырашыла праверыць, як вучні на практыцы разумеюць тыя разумныя словы, якія яны прамаўлялі ў прэзентацыі сваёй дзейнасці. Аднак яе каверзныя пытанні не вывелі з раўнавагі гудагайскіх школьнікаў – хуценька сабраўшыся з думкамі, яны не толькі адказалі на пытанні, якімі спрабавала «заваліць» іх Людміла Кіўлюк, але і прапанавалі педагогам папрацаць, каб стаць часткай школьных суполак.
Педагогаў чакала цікавая праграма. Адна група на працягу дня разам з Ірынай Жалток і кіраўніком школьнага прэс-цэнтра Марыяй Мальдзіс здымала сацыяльны ролік, каб потым прадэманстраваць яго ўдзельнікам семінара. Другая група спачатку ўдзельнічала ў інтэрактыўных занятках з элементамі трэнінга, якія правялі валанцёры-інструктары роўнага навучання, а потым госці перамясціліся ў творчую майстэрню, дзе кіраўнік школьнага дзіцяча-бацькоўскага клуба «Вера. Надзея. Любоў» Таццяна Грыва і праваслаўны святар айцец Ігар Пятроўскі не толькі размаўлялі з дзецьмі і дарослымі на маральна-духоўныя тэмы, але і займаліся сілуэтным выразаннем з паперы. На памяць пра занятак у кожнага засталася работа, зробленая сваімі рукамі.
Трэцяя група педагогаў прыняла ўдзел у занятку «Чароўная стужка», які правялі школьнікі разам з супрацоўнікамі аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў пад кіраўніцтвам Святланы Куцько. У мінулым годзе яны былі ўдзельнікамі праекту «Ты, і я, і мы з табой» – і нягледзячы на тое, што праект ужо закончыўся, творчыя сувязі і добрыя справы, якія праводзяць валанцёры тэрытарыяльнага цэнтра і Гудагайскай школы, мацнеюць і павялічваюцца.
А колькі станоўчых водгукаў атрымалі арганізатары пасля правядзення дыскусіі па тэме праяўлення талерантнасці ў сям'і! Ці павінны дзеці ва ўсім слухацца бацькоў? Пакаранне ў сям'і – як да яго адносяцца дзеці і дарослыя? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні школьнікі і ўдзельнікі семінара шукалі разам пры дапамозе педагогаў Галіны Шлыковіч і Святланы Пілецкай.
Апошні школьны дзень тыдня ў Гудагайскай школе прайшоў творча і цікава. Здавалася, што ўдзел у ім прыняла ўся, без выключэння, школа. Сяброўскія ўзаемаадносіны паміж дарослымі і дзецьмі, актыўнасць і высокую працаздольнасць адных і другіх адзначылі і ўдзельнікі абласнога семінара.
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.