Листаем страницы "Астравецкай праўды"
08:12 / 05.05.2016
2

Калі мы прасілі сваіх чытачоў падзяліцца старымі газетамі – ці хоць бы іх копіямі, што па нейкай прычыне захоўваюцца ў сямейных архівах, мы нават не ўяўлялі сабе, якія скарбы з’явяцца ў нашым будучым рэдакцыйным музеі.
Першай адгукнулася на гэтую просьбу наш пастаянны аўтар і пераможца многіх конкурсаў Ганна Мілашэвіч – нагадаю: гэта яе фотаздымак упрыгожвае каляндар, які атрымалі нашы падпісчыкі з першым сёлетнім нумарам “Астравецкай праўды”. Ганна Аляксандраўна даслала ў рэдакцыю копію газеты за 27 красавіка 1960 года (у рэдакцыйным архіве захоўваюцца нумары, пачынаючы з 1969 года), і расказала, чаму гэтая газета захавалася ў іх сямейным архіве:
“Газета, копію якой я пераслала ў рэдакцыю, выйшла ў свет больш чым за год да майго нараджэння. Мой тата збярог яе – а цяпер зберагаю я, як памяць пра яго.”
Варта нагадаць, што бацька Ганны Мілашэвіч – Аляксандр Урбанас, вельмі адукаваны і цікавы чалавек, жыў у вёсцы Ласі Спондаўскага сельсавета. Ён вёў актыўную перапіску з мастаком і філосафам Мікалаем Рэрыхам і пісьменнікам-фантастам Іванам Яфрэмавым.
“Тата часам дасылаў у рэдакцыю “Астравецкай праўды” свае артыкулы, апавяданні і казкі, – расказвае далей Ганна Мілашэвіч. – У сямейным архіве ёсць нават некалькі паштовак ад рэдакцыі з навагоднімі віншаваннямі бацьку. На жаль, у нас захаваўся толькі адзін нумар газеты за 27 красавіка 1960 года – у ім быў надрукаваны татаў артыкул “Чаму я парваў з рэлігіяй”.
Тут зноў трэба патлумачыць: Аляксандр Урбанас, якога бацькі выхоўвалі ў набожнасці і нават марылі вывучыць на ксяндза, у сталым узросце свядома стаў перакананым атэістам – і таму былі свае прычыны. Перад вайной Аляксандр стаў выпадковым сведкам, калі, спусціўшы ваду з сажалкі каля жаночага манастыра пад Каўнасам, на дне знайшлі шмат трупаў нованароджаных немаўлят – пладоў грахоўнага кахання мясцовых манашак і ксяндза. Канчаткова ж “наставіў” яго на шлях атэізму яшчэ адзін ксёндз, які ў гады вайны лютаваў не горш, чым фашысты. Пра ўсё гэта Аляксандр Урбанас расказвае ў сваім артыкуле “Чаму я парваў з рэлігіяй” – і нават старонняму чытачу бачна, што гэты артыкул – не прапагандысцкі, не “заказны”, якія у той час часта з’яўляліся на старонках газет, а шчырая споведзь душы перакананага атэіста.
“Да самай сваёй смерці тата верыў, што Бог – гэта прырода, якая нас акружае, наша планета Зямля, – узгадвае Ганна Аляксандраўна. – Ён быў перакананы, што людзі павінны жыць у гармоніі з сабой і з усім светам. А калі чалавек лічыць, што на Зямлі ён – галоўны, і што ўвесь навакольны свет існуе толькі для яго карыстання, – гэта дрэнна скончыцца. “Прыйдзе час, калі Зямля адпомсціць людзям за неабдуманыя дзеянні страшэннымі катаклізмамі, якіх ніколі раней не было,” – часта паўтараў тата.
Я ўдзячна свайму тату за тое, што ён навучыў мяне бачыць прыгажосць нашага Сусвету, – піша Ганна Мілашэвіч. – І таму ў сваіх фотаздымках мне хочацца паказаць гэтую гармонію, разбудзіць у іх душах любоў да нашай планеты”.
Так вось газета з сямейнага архіва і расповед дачкі Аляксандра Урбанаса прыадкрылі нам адну са старонак жыцця цікавага чалавека, паказала часцінку яго светапогляду…

На першай старонцы газеты быў змешчаны фотаздымак, які, дарэчы, зрабіў супрацоўнік рэдакцыі, светлай памяці Яўгеній Мікалаевіч Кулакоў, тады яшчэ, мусіць, проста Жэня: на ім адлюстраваны момант ускладання кветак і вянкоў да толькі што адкрытага помніка Леніну, які, крыху змяніўшыся, і зараз стаіць на цэнтральнай плошчы. Так што цяпер мы дакладна ведаем, калі ў Астраўцы з’явіўся неад’емны атрыбут кожнага савецкага гарадка і райцэнтра: гэты помнік быў устаноўлены ў 1960 годзе, да 90-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна. На мітынгу ў гонар гэтай падзеі выступілі першы сакратар райкама партыі Пархоўчанка, старшыня райвыканкама Капусцін, дырэктар Астравецкай сярэдняй школы Каржанеўскі, рабочыя і калгаснікі.
Дарэчы, пра калгаснікаў – іх справам прысвячалася значная частка гэтага архіўнага чатырохпалоснага нумара. Напрыклад, звесткі аб пасяўной, якую меліся завяршыць да 1 мая – хоць у выкананні гэтай задачы ўзнікаюць вялікія сумненні, бо са змешчанай тут жа зводкі бачна, што ў лепшым калгасе імя Янкі Купалы на той дзень, 27 красавіка, было пасеяна толькі 54,2 працэнта збожжавых, а ў самым адстаючым, імя Куйбышава – усяго 2 працэнты. Усяго ж у раёне на той час дзейнічала 22 калгасы і адзін саўгас.
У тым жа нумары трактарыстаў, камбайнёраў, шафёраў, спецыялістаў сельскай гаспадаркі заклікалі ехаць працаваць у падшэфны Кзылгускі раён Какчатаўскай вобласці Казахстана.
А моладзь вёскі Гальчуны крытыкавала старшыню калгаса “Радзіма” Гузава за тое, што ў брыгадным клубе дагэтуль няма электрычнасці – хоць у дамах калгаснікаў і на фермах даўно гараць лямпачкі Ільіча.
Так вось газета з сямейнага архіва стала для нас, супрацоўнікаў рэдакцыі, спатканнем з далёкай гісторыяй – і вельмі дарагім падарункам да Дня друку, які мы будзем адзначаць заўтра.
І такі падарунак – не адзіны. Але пра іншыя мы раскажам крыху пазней.
А пакуль, віншуючы нашых чытачоў з нашым агульным святам, хочам падзякаваць ім за вернасць сваёй раённай газеце, якая праз гады і дзесяцігоддзі застаецца іх верным сябрам. Такая любоў і адданасць дарагога вартая – мы, сённяшнія супрацоўнікі рэдакцыі, цэнім гэта і спадзяёмся, што і тыя нумары газет, якія мы сёння выпускаем, для некага стануць каштоўнымі дакументамі ў сямейным архіве, які беражліва стануць захоўваць дзеці і ўнукі.
Ніна РЫБІК.