Иван Васильчик: "Прежде чем приступить к делу, нужно внимательно и подробно изучить все его аспекты"

16:00 / 03.03.2016
иван васильчикІмя, прозвішча: Іван Васільчык.
Пасада: старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі.
Адукацыя: вышэйшая.
Стаж: тры гады.
Метад працы: перш чым прыступіць да справы, трэба ўважліва і падрабязна вывучыць усе яе аспекты.

– Якім быў шлях у праваахоўныя органы: прамым і мэтанакіраваным ці незапланаваным і выпадковым?
– Хутчэй, другі варыянт. Пачнём з таго, што ў школьным узросце я марыў стаць археолагам. Цікавыя раскопкі, арыгінальныя знаходкі, магчымасць па рэштках адгадваць гісторыю – усё гэта вельмі падабалася і прыцягвала, менавіта ў гэтай сферы я бачыў сябе ў будучым. Напэўна, наглядзеўся “Індыяна Джонса” (усміхаецца). Мяне сур’ёзна захаплялі археалогія і гісторыя. Праўда, у Беларусі асобна на археолагаў не вучаць. Затое можна было атрымаць дадатковую спецыялізацыю па археалогіі на гістарычным факультэце – гісторыя і археалогія паміж сабой цесна звязаны. Словам, пасля заканчэння школы я паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на факультэт гісторыі і сацыялогіі. Вучыцца было цікава, асабліва калі мы ездзілі на практыку на раскопкі. Знаходзіць у нетрах зямлі рэальнае сведчанне мінулага, апрацоўваць выяўлены матэрыял, самім дакопвацца да сутнасці – гэта было неверагодна і крута! Можна сказаць, што мая мара ажыццявілася.
– Ад гістарычных матэрыялаў і раскопак – да крымінальнага кодэксу і вывучэння злачынстваў… Незвычайны паварот у змене дзейнасці.
– Так склаліся абставіны. Пасля ўніверсітэта па размеркаванню я трапіў на працу ў Варнянскі НПК. Вучыць дзяцей, дзяліцца ведамі і прывіваць інтарэс да гісторыі мне падабалася. Але аднойчы ў школу завітаў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Руслан Іосіфавіч Гайдуль і прапанаваў пайсці працаваць у яго аддзяленне. Гэта было неспадзявана і заманліва адначасова. Мне сапраўды падабалася ў школе, аднак хацелася спазнаць штосьці новае – я ўжо пачаў адчуваць нейкі інфармацыйны голад. А гэта быў шанс – і я вырашыў яго не ўпускаць. Так вось і трапіў у міліцыю.
– Аднак мець справу са злачынцамі і вучыць дзяцей – дзве розныя справы. Не расчараваліся?
– Наадварот, упэўніўся ў правільнасці выбару. У інспекцыі па справах непаўналетніх я зноў жа працаваў з дзецьмі. Спецыфіка работы, канешне, адрознівалася, але ўсё роўна педагагічныя навыкі тут спатрэбіліся. Затым мяне перавялі ўчастковым інспектарам па Астраўцы – замест дзяцей давялося працаваць з дарослымі. Зараз вось трапіў у крымінальна-выканаўчую інспекцыю – тут таксама свае асаблівасці і нюансы работы. Аднак мне падабаецца спрабаваць сябе ў розных ракурсах, вывучаць і даведвацца пра нешта новае, ставіць задачы – і дасягаць іх.
– А як жа археалогія, гісторыя, юначая мара?
– Я ім не здрадзіў: па-ранейшаму захапляюся гісторыяй, толькі зараз гэта маё хобі.
– Якім, лічыце, павінен быць супрацоўнік міліцыі?
– Па-першае, адукаваным – ён павінен ведаць закон, крымінальны кодэкс і ўмець карыстацца імі на справе. Па-другое, ветлівым і ўважлівым: любы наш “кліент” – чалавек, і не трэба аб гэтым забываць. Нават калі парушальнік дазваляе сабе лішняе, супрацоўнік праваахоўных органаў павін быць карэктным. А па-трэцяе, кожны міліцыянер павінен быць яшчэ і псіхолагам: галоўнае ў нашай справе – стасункі з рознымі людзьмі, а псіхалогія дапамагае наладзіць кантакт, заваяваць давер і хутчэй дакапацца да сутнасці справы.
– Акрамя гісторыі, чым яшчэ захапляецеся і як праводзіце вольны час?
– Я цікаўлюся ўсім, што звязана з гісторыяй, у тым ліку люблю гістарычныя фільмы і літаратуру. Вывучаю гісторыю Астравецкага раёна і дыпламатычныя адносіны ў перыяд Першай сусветнай вайны. Захапляюся інтэлектуальнымі гульнямі – удзельнічаю ў раённым чэмпіянаце “Што? Дзе? Калі?” у складзе каманды “Антрацытавае сонца”. На жаль, не заўсёды атрымліваецца. Люблю лазню – стараюся наведваць яе кожныя выхадныя. Слухаю джаз, чытаю Дзюму-старэйшага, гляджу серыял “Лонг Майер”. А яшчэ люблю сёрфінг – ды не, не ў звычайным яго разуменні. Сёрфінгам называецца і вывучэнне інфармацыі ў інтэрнэце. Напрыклад, знаходзіш цікавы артыкул у той жа Вікіпедыі – і “паглынаеш“ яе. Чым больш – тым лепш. Вось гэта і называецца інтэрнэтным сёрфінгам. Проста я люблю шукаць новую інфармацыю – каб расшыраць кругагляд і пастаянна папаўняць свае веды. Гэта карыста як для працы, так і ў жыцці.

---------------------------
Марына Мацкевіч.