На Камайщине отметили день рождения Казимира Сваяка

16:00 / 23.02.2016
1
СваякІ ў гэтым годзе не забылі на Камайшчыне нашага земляка ксяндза Казіміра Стаповіча, які больш ста гадоў таму з павагай і любоўю звяртаўся да продкаў сённяшніх камайцаў на роднай беларускай мове, вучыў іх, як трэба адносіцца да Бога, і прыкладам свайго кароткага, але яскравага жыцця паказваў, як трэба любіць бліжняга свайго і сваю Айчыну. З такой жа павагай і беражлівасцю памятаюць пра ксяндза Стаповіча іх нашчадкі. Сёлета ў Камайскім касцёле, не перарываючы шматгадовую традыцыю, адзначылі 126-ую гадавіну з дня нараджэння ксяндза, паэта, патрыёта.

І толькі сістэма каардынат Крыжа вяртае людзей на сваё месца.
М. Скобла


У Камайскім касцёле мерапрыемствы заўсёды праходзяць урачыста і прыгожа, якой бы падзеі ні былі бы прысвечаны. Не стаў выключэннем і гэты раз – свята атрымалася духоўна насычаным, яркім і запамінальным.
Касцёл неспадзявана прыемна сустрэў нас песняй “Калядкі” на словы Казіміра Сваяка. Музыку да гэтага верша напісала вельмі здольная не толькі арганістка, але і паэтка і кампазітар, і бліскучы выканаўца Алена Даўжук. Яе анёльскі голас прыязджаюць паслухаць экскурсанты нават са сталіцы і з-за мяжы.
Генавефа Дубіловіч, якую адна са сталічных гасцей назвала камайскім самародкам, падрыхтавала з навучэнцамі Мулярскай школы прадстаўленне-батлейку. Спецыяльна да гэтага свята не разбіралі ёлкі, каб не парушыць той чароўны біблейскі настрой, які застаўся пасля Калядаў і адпавядаў тэме батлейкі.
Яшчэ адзін прыемны сюрпрыз падрыхтавалі камайцы для гасцей з Астравеччыны, радзімы Сваяка, – песню “Вёсачка Барані за лясамі…” астравецкага кампазітара Аляксандра Якіменкі на словы паэта, які таксама паходзіць з Астравеччыны, Станіслава Валодзькі. У выкананні арганісткі Алены Даўжук яна прагучала цёпла, пяшчотна і пранікнёна. І потым, выходзячы з касцёла, некаторыя госці ціхенька напявалі гэтую прыгожую мелодыю. На вялікі жаль, ніхто з астраўчан не адгукнуўся на запрашэнне ксяндза Яцэка, каб разам адсвяткаваць 126-ыя ўгодкі з дня народзінаў слыннага земляка.
VLUU L110, M110  / Samsung L110, M110Пасля святой імшы слова было прадстаўлена ганаровым гасцям, якія прыехалі са сталіцы.
Мастацтвазнаўца, мастачка Святлана Манько-Радкевіч, распавяла прысутным сваю гісторыю знаёмства з жыццёвым шляхам і творчасцю К.Сваяка. У 1986 годзе, калі яна была студэнткай Віленскага ўніверсітэта, Лявон Луцкевіч праводзіў вандроўкі па Вільні. Могілкі Роса ўваходзілі ў абавязковую праграму гэтых вандровак. Традыцыйна іх наведванне адбывалася на Дзяды. Існаваў нават спіс вядомых беларускіх дзеячаў – каб не прамінулі, не забылі наведаць. Сярод іх былі і браты Стаповічы. І такім чынам Святлана ўпершыню даведалася пра Казіміра Сваяка і палюбіла яго творчасць. Акрамя таго, Казімір – гэта яе любімае імя: бацька яе – Казімір і сын таксама так названы.
Паэт Міхась Скобла добра ведае і высока цэніць Казіміра Сваяка і як паэта, і як выбітную асобу. “Невыпадкова ён выбраў сабе псеўданім Сваяк, бо хацеў быць сваяком у кожнай беларускай хаціне. Кожны, хто шануе сваю Бацькаўшчыну, сваю мову павінен чытаць і ведаць паэзію Сваяка”, – лічыць паэт.
Міхась Скобла прачытаў некалькі ўласных вершаў, а калі гучала знакамітая “Балада пра стайню”, стаяла цішыня, і толькі зычны голас дэкламатара даносіў у сэрцы людзей праўдзівыя, кранальныя словы.
У Таццяны Грыневіч-Матафонавай – вядомай спявачкі Беларускай дзяржаўнай філармоніі, якая выступае перад слухачамі Беларусі ў бібліятэках, музеях, святынях і на прадпрыемствах, – жыццёвыя мэты падобныя да сваякоўскіх: яна таксама праз сваю творчасць імкнецца данесці хараство беларускай мовы. Адразу зачараваўшы слухачоў сваёй неверагодна светлай і пяшчотнай усмешкай, яна затым яшчэ больш зачаравала ўсіх сваім моцным, прыгожым, непаўторным голасам. Для камайцаў Таццяна выканала песні “Авэ Марыя, “Малітва”, і “Развітанне з Радзімай,” “Паланэз Агінскага”, ”Касцёл святой Ганны”. Хоць ад холаду ў касцёле рабіліся непаслухмянымі пальцы, але акорды атрымліваліся чыстымі, бо цяпло сэрцаў прысутных і добразычлівая атмасфера сагравалі, настройвалі на ўзаемнасць і шчырасць.
VLUU L110, M110  / Samsung L110, M110Па той жа непарушнай традыцыі свята працягвалася за сталом, за кубкам гарачай гарбаты. Генавефа Дубіловіч пазнаёміла сталічных гасцей з гісторыяй Камайскага касцёла, з нястомнай, шматграннай і плённай дзейнасцю ксяндза Яцэка на духоўнай і гістарычнай ніве.
І зноў не абышлося без “цудаў”. Той, хто чытаў нашы рэпартажы аб святах, прысвечаных Сваяку, памятае і пра ластаўку, што залятала ў яго радзінны дом і ў Клюшчанскі касцёл, пад час імшы кружыла над алтаром, штосьці бесперапынна шчабечучы, і свечку, запаленую ў яго родным доме, якая падчас выканання кампазіцыі, прысвечанай Сваяку, раптоўна патухла, а ў канцы сама, без старонняй дапамогі, ярка ўспыхнула. Як слушна заўважыў ксёндз Яцэк, калі б не праводзілася мерапрыемствы па Сваяку – зіма, восень, вясна, лета, – хоць на хвілінку, але заўсёды з'явіцца сонца. А сёлета гэты дзень быў проста цудоўны, па-сапраўднаму святочны – сонечны, чыста вясенні!
Сваяк Камаи2А яшчэ зацвіў амарыліс. Ксёндз Яцэк вырошчвае гэтыя кветкі, каб упрыгожваць імі гроб Гасподні, бо расцвітаюць яны звычайна акурат да Вялікадня. Адзін з амарылісаў, што роўненькай шарэнгай стаяць на падаконніках, раптам “выстраліў” суквеццем і літаральна напярэдадні свята ў Камаях, у пятніцу, зацвіў прыгожымі, буйнымі белымі кветкамі. Ксёндз Яцэк адразу ж назваў гэтую прыгажосць ”сімвалам чысціні духоўных і жыццёвых ідэалаў ксяндза Стаповіча”.

------------------------------
Іаланта Валуевіч.