Островецкие учителя рассказали о себе, своей профессии и учениках

16:00 / 05.10.2015
1
День учителя фотоЯны актыўныя, ініцыятыўныя і мэтанакіраваныя. Яны заўсёды ў руху. Іх паважаюць калегі і любяць вучні. Яны – педагогі, якія працуюць у розных школах і садках раёна. Менавіта ім мы задалі пяць пытанняў, якія датычацца іх прафесійнай дзейнасці.

1. Вы працуеце ў сістэме адукацыі ўжо шмат гадоў. Раскажыце, што паўплывала на выбар такой складанай, але цікавай прафесіі?
2. Што для вас значыць быць настаўнікам? Ці быў у вашым жыцці чалавек, якога вы лічыце сваім галоўным настаўнікам?
3. Ці падтрымліваеце вы стасункі са сваімі былымі вучнямі (выхаванцамі)?
4. У цяперашні час настаўнік не толькі рыхтуецца да ўрокаў і праводзіць іх, але яшчэ і праходзіць курсы павышэння кваліфікацыі, удзельнічае са сваімі выхаванцамі ў розных конкурсах і мерапрыемствах, наведвае музеі і тэатры... Як вы ўсё паспяваеце?
5. Якія са сваіх прафесійных дасягненняў вы лічыце самымі значнымі? Ці ёсць у вас свае сакрэты прафесійнага майстэрства?

5 вопросов КругликоваТаццяна Анатольеўна Круглікава, настаўнік хіміі і біялогіі гімназіі №1:
1. З ранняга дзяцінства я гуляла “ў школу”: у мяне былі сшыткі, журналы і, вядома, вучні. Ужо ў пяць гадоў я добра чытала і лічыла – і мяне нават бралі ў школу. Але ў першы клас, як і павінна быць, пайшла ў шэсць гадоў. Веры Мікалаеўне Савіцкай, маёй настаўніцы пачатковых класаў, я ўдзячна і цяпер. Нават тады, калі я сама ўжо працавала ў школе, не раз звярталася да яе – і атрымлівала слушныя парады. А калі надышоў час вызначацца з прафесіяй, выбар давялося рабіць паміж педагагічным і медыцынскім інстытутамі. Паехалі з бацькамі ў Гродна, зайшлі спачатку ў медыцынскі, затым у педагагічны інстытут – у апошнім і пакінула дакументы на паступленне.
2. Быць настаўнікам? Мне падабаецца працэс зносін з дзецьмі. Бярэш іх у сёмым класе – і бачыш, як яны растуць: змяняецца іх знешнасць, светапогляд… А ў 10-11 класах гэта ўжо дарослыя людзі, якія ўсё разумеюць. І так шкада, калі яны пакідаюць школу і адпраўляюцца ў дарослае жыццё…
Галоўным настаўнікам у жыцці для мяне заўсёды была мая мама. Яна – не толькі мама, яна – сяброўка, якой можна расказаць пра ўсё. Яна такая спакойная, ураўнаважаная… А ў цэлым, мая сям’я для мяне вельмі важная. Прычым сям’я – у шырокім сэнсе гэтага слова: мама, тата, муж, дзеці, брат, пляменнікі…
3. Маім першым выпускнікам ужо за трыццаць. Шмат гадоў назад я ўзяла іх у пятым класе, і да 11-га класа мы былі разам. Тыя адносіны сяброўства, разумення захаваліся і сёння. Мы гулялі ў многіх з іх вяселле, ездзілі на хрэсьбіны, ходзім у госці, спісваемся “Вконтакте” – словам, адносіны ў нас вельмі блізкія!
4. Усё стараюся рабіць па плану. Я ніколі не спазняюся – і гэтага ж патрабую ад іншых. Часам пачакаць каго-небудзь 15 хвілін для мяне вельмі складана, і гэта выбівае мяне з графіка. Калі што-
небудзь не паспяваю зрабіць за дзень – ніколі не адкладваю на заўтра. Для мяне лепш папрацаваць ноччу і паспаць няхай толькі дзве гадзіны, але выканаць запланаванае, бо недаробленае з кожнай гадзінай павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі.
5. Напэўна, гэта Дыплом ІІІ ступені на рэспубліканскай алімпіядзе, які атрымала Ангеліна Пятровіч. З асабістых – удзел у энергамарафоне, на якім я была ўзнагароджана Дыпломам ІІ ступені. Каб усё гэта атрымалася, патрэбна падтрымка сям’і – і мне ў гэтым плане пашанцавала. А яшчэ ў нас цудоўны калектыў і адміністрацыя. Тут няма ніякага падзелу, бо ўсе перамогі і дасягненні НАШЫ – усе адзін аднаго падтрымліваюць. І напярэдадні Дня настаўніка ўсіх сваіх калег я хачу павіншаваць са святам.
У кожнага настаўніка ёсць сакрэты прафесійнага майстэрства. Зразумела, што ў мяне яны таксама ёсць. Па-першае, на маіх уроках заўсёды ціха. Напэўна, напачатку школьнікі мяне крыху пабойваюцца, а потым прывыкаюць да дысцыпліны – і паводзяць сябе добра. Я вельмі патрабавальная – асабліва да малодшых школьнікаў. І тым не менш заўсёды гавару са сваімі вучнямі на роўных.

5 вопросов РудинскаяТэрэса Рамуальдаўна Рудзінская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №1, настаўнік рускай мовы і літаратуры:
1. З дзяцінства марыла быць настаўніцай. Чаму? Напэўна, таму што сама з задавальненнем хадзіла ў школу, а дома вучыла сваю малодшую сястру, якая была на пяць гадоў маладзейшая за мяне. Вялікі ўплыў на выбар прафесіі аказаў былы дырэктар Гудагайскай школы Віталь Іванавіч Лянкевіч. І таму пасля заканчэння базавай школы я стала навучэнкай Лідскага педагагічнага вучылішча. І вось ужо 28 гадоў працую ў сістэме адукацыі. Спачатку была піянерважатай, потым настаўніцай пачатковых класаў Лошскай базавай школы. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы стала выкладаць рускую мову і літаратуру. А з 2007 года працую ў СШ №1. Ні разу не пашкадавала аб зробленым тады выбары і не ўяўляю свайго жыцця без школы і дзяцей.
2. Быць настаўнікам – гэта жыць! Жыць разам з тваімі вучнямі і тваім калектывам, быць адказным і добрасумленным. Для мяне школа – гэта творчая майстэрня, і таму ў маім лексіконе няма слоў “няма”, “не буду”, “не хачу”.
Галоўным настаўнікам ў маім жыцці быў Віталь Іванавіч Лянкевіч, які дапамог мне вызначыцца з прафесіяй і тым самым падарыў свет дзіўных адкрыццяў і школьных радасцей. І мая маці, якая вучыла справядлівасці і добрым адносінам да людзей. А яшчэ выкладчыкі ва ўніверсітэце, якія паўплывалі на маё станаўленне як настаўніцы.
3. Самыя цесныя ўзаемаадносіны ў мяне склаліся з апошнімі выпускнікамі, якія скончылі школу два гады назад. Цёплыя ўспаміны захаваліся і пра выпускнікоў з Лошскай школы. З многімі часта сутыкаемся на вуліцах Астраўца – заўсёды вітаемся, размаўляем… Пры выхаванні школьнікаў вельмі важны асабісты прыклад. Толькі асоба можа выхаваць асобу, і я заўсёды старалася быць для сваіх вучняў добрым прыкладам.
4. Стараюся паспець усё. Гэта няпроста. Цяпер работы дадалося, бо трэба не толькі падрыхтавацца да ўрокаў – кола абавязкаў значна пашырылася. І не толькі працоўны час, але і вольны даводзіцца прысвячаць школе. І адназначна сям’я цяпер займае толькі другое месца.
5. Прафесійныя дасягненні? Гэта ўдзел у конкурсах і прадметных алімпіядах. У мяне з’явілася яшчэ адна маленькая зорачка – Алімпія Малышка – цяпер займаюся з ёй.
Асноўны сакрэт прафесійнага майстэрства – аддаваць усю душу дзецям. А яшчэ трэба любіць тое, што робіш. І дзеці абавязкова адгукаюцца на такія памкненні настаўніка. У мінулым годзе ў мяне быў пяты клас – потым так атрымалася, што ў іх з’явіўся іншы класны кіраўнік, але і сёння яны прыходзяць да мяне, расказваюць пра свае поспехі і перажыванні. А яшчэ варта памятаць, што ўсе мы родам з дзяцінства – і вельмі важна не згубіць гэты пераход ад дзяцінства да дарослага жыцця. Не можа быць праца настаўніка паспяховай і тады, калі ён не знойдзе агульную мову з бацькамі сваіх вучняў.

5 вопросов СосновскаяЛюдміла Станіславаўна Сасноўская, дырэктар Варонскага дзіцячага сада – пачатковай школы:
1. У школе я з 1994 года: 18 гадоў адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў, год была намеснікам дырэктара і трэці год ўзначальваю Варонскі дзіцячы сад – пачатковую школу. Вялікі ўплыў на выбар прафесіі аказала мая першая настаўніца Элеанора Вікенцьеўна Шаблінская, яе выгляд, манера размаўляць – здавалася, што ёй падуладна ўсё на свеце. І нам так хацелася быць на яе падобнай! З думкай, што хачу быць настаўніцай, сцвердзілася ў сярэдніх класах. Дырэктарам Падольскай школы на той час была Лідзія Іванаўна Рубан, якая спалучала ў сябе прыгажосць і строгасць, яна таксама была для мяне прыкладам. Ды, зрэшты, і астатнія настаўнікі, якія тады працавалі ў нашай школе, уклалі ў мяне сваю часцінку.
2. Быць настаўніцай – значыць бачыць вочы дзяцей, якія вераць табе. Вучні пачатковых класаў – гэта чыстыя лісты, якія ўсё бяруць ад цябе. І ты сам павінен быць чыстым і справядлівым. Ты іх лепіш, ствараеш з іх асобу – і менавіта ад настаўнікаў залежыць, якім чалавекам вырасце гэтае малеча.
Цяпер я больш працую з дарослымі людзьмі – сваімі калегамі. І тут таксама вельмі важна не падмануць іх спадзяванні. Што датычыцца галоўнага настаўніка па жыцці, то іх некалькі: такімі людзьмі заўсёды былі і ёсць мае бацькі – маці Станіслава Іосіфаўна і бацька Станіслаў Пятровіч. Іх парады і словы для мяне заўсёды стаялі на першым месцы. Гэта мама вучыла мяне не хлусіць, не зайздросціць і заўсёды гаварыла, што кожны сам – гаспадар свайго жыцця. Галоўным чалавекам з'яўляецца і муж Віталь, які заўсёды мяне падтрымлівае і ад якога я не чула ніводнага папроку. А таксама маленькія сонейкі – мае дзеці Ілля і Каця. Канешне, назваць іх настаўнікамі было б няправільна, але без іх маё жыццё нічога не варта.
3. Свой першы клас я выпусціла ў 1998 годзе – і да гэтага часу са сваімі ўжо дарослымі дзецьмі падтрымліваю стасункі. У некаторых нават гуляла вяселле. Мы шмат часу праводзілі разам: хадзілі на горку, арганізоўвалі святы і спартыўныя мерапрыемствы. А апошнія мае дзеці, з якімі я працавала толькі два гады, сёння вучацца ў 6 класе Варнянскага НПК – і, вядома, я цікаўлюся іх поспехамі і дасягненнямі.
4. Каб усё паспець, трэба, гаворачы вобразнай мовай, плыць не па цячэнню і не супраць яго, а ўпоперак. Умець выбіраць галоўнае, старацца сумяшчаць розныя віды дзейнасці, планаваць свой дзень і ніколі не губляць надзею, што ўсё паспееш зрабіць.
5. Як для настаўніка – гэта мае выпускнікі, а таксама ўдзел у абласным этапе конкурса «Класны кіраўнік года». А сакрэт крыецца ў такой мудрасці: моцны не той, хто поглядам паставіць на калені, а той, хто падыме з зямлі.

5 вопросов ГолякАлена Мечыславаўна Галяк, настаўнік-дэфектолаг Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1:
1. Можа, гэта прагучыць крыху дзіўна, але аб прафесіі настаўніка ў дзяцінстве я не марыла. І ў педагогіку прыйшла выпадкова. Старэйшая сястра вучылася ў педагагічным інстытуце. Менавіта яна і расказала мне, што ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Максіма Горкага ёсць цікавая спецыяльнасць. На той час, а было гэта ў 1985 годзе, многія паступалі ў педагагічныя інстытуты – і конкурс быў вялікі. Мне пашанцавала – з першай спробы я стала студэнткай. Вучыцца было складана, асабліва маральна. Прафесія настаўніка-дэфектолага крыху спецыфічная. З першага курса мы сталі наведваць рэспубліканскую бальніцу ў Навінках, дзе лячыліся асаблівыя дзеці. Многія 17-гадовыя дзяўчынкі не вытрымалі гэтай складанай праўды жыцця – і пакінулі інстытут. А я пасля яго заканчэння прыехала ў Астравец – і атрымала першае працоўнае месца ў дзіцячым садзе №3 – цяпер гэта Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці.
2. Для мяне, як настаўніка-дэфектолага, на першым месцы стаіць дапамога дзецям і іх бацькам. У апошнія гады асаблівых дзяцей, якім патрэбна дапамога дэфектолага, стала больш – і вельмі хочацца дапамагчы дзеткам адаптавацца сярод сваіх равеснікаў. Гэтай дапамогі чакаюць не толькі дзеці, але і іх бацькі. Аднак бываюць выпадкі, калі выправіць сітуацыю немагчыма.
Галоўным маім настаўнікам была загадчыца наша садка Людміла Андрэеўна Пратаковіч. У гэтага чалавека я многаму навучылася. У ёй спалучалася залатое сэрца, мудрасць, прафесіяналізм. Яна была шматдзетнай мамай – і да нас, маладых педагогаў, заўсёды адносілася па-мацярынску: магла выслухаць, падказаць, дапамагчы.
3. Напэўна, у школе падтрымліваць адносіны са сваімі вучнямі лягчэй. Нашы ж выхаванцы з садка пераходзяць у школу – нейкі час мы сочым за іх лёсам, падтрымліваем сувязь з бацькамі. Але дзеці падрастаюць – і на змену нам прыходзяць іншыя настаўнікі... І тым не менш любы педагог помніць кожнага свайго выхаванца.
4. Калі б гэтым ні жыў, то, зразумела, нічога б і не паспяваў. Гавораць, што настаўніка бачна здалёку – і гэта сапраўды так. Настаўнік – гэта стыль жыцця, і працаваць па-іншаму ты не можаш. Зразумела, што свой дзень я планую, але часам жыццё ўносіць у яго карэктывы – і тады неабходна наганяць прапушчаны пункцік. Дарэчы, і дома ўсе думкі звязаны з садком і заняткамі.
5. Самае галоўнае дасягненне для мяне – гэта калі атрымалася дапамагчы дзіцяці. Тады я радуюся разам з ім і яго бацькамі. (Пра свае ўзнагароды Алена Мечыславаўна гаварыць не хоча, аднак пра яе прафесіяналізм яскрава сведчаць граматы, дыпломы і сертыфікат, якія вісяць на сцяне яе кабінета. – Заўв.аўт.)
А што датычыцца сакрэтаў, то самы важны з іх – любіць дзяцей. А калі зможаш адчуць дзіця, яго патрэбы, наладзіць зваротную сувязь з ім і яго бацькамі, то ўсё павінна атрымацца. А яшчэ такіх асаблівых дзяцей трэба падтрымліваць і даваць ім надзею.

----------------------------------------
Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.