О своём пути в педагогику рассказала учитель химии и биологии Елена Юркойть

16:00 / 04.10.2015
ЮркойтьПра Алену Іванаўну Юркойць, намесніка дырэктара Варнянскага НПК, настаўніцу хіміі і біялогіі, заўсёды чула толькі станоўчыя водгукі. Цудоўны чалавек, таленавітая настаўніца, граматны адміністратар…
Сёлета партрэт гэтай жанчыны быў занесены на раённую Дошку гонару. Гэтая падзея, а таксама надыходзячы Дзень настаўніка і сталі падставай, каб пазнаёміцца з Аленай Іванаўнай Юркойць бліжэй.

– Я з дзяцінства была актыўнай, – расказвае Алена Іванаўна. – І мне ўсё было цікава: разам з сябрамі-аднагодкамі мы вельмі любілі бавіць час на вуліцы, гулялі ў розныя гульні, бегалі і праводзілі даследаванні.
Яшчэ больш дзяўчынцы падабалася праводзіць час у лесе. Балазе, што побач з Бабраўнікамі – менавіта тут жыла яе сям’я – быў лес. Лес размяшчаўся і недалёка ад Вароны і Карлаўшчызны, дзе жылі абедзве бабулі дзяўчынкі. І з раніцы да позняга вечара маленькая Алена магла назіраць за прыродай.
– Але наш час быў прысвечаны не толькі гульням і забавам, – успамінае Алена Іванаўна. – Гаспадарка ў нас была досыць вялікая, і нам даводзілася дапамагаць бацькам.
Са школы яна марыла быць настаўніцай. Спачатку важатай – на такі выбар паўплывала Таісія Казіміраўна Казакевіч, якая арганізоўвала з акцябратамі і піянерамі цікавыя мерапрыемствы і конкурсы. А потым, калі ў сярэдніх класах пачалася біялогія, Алена зразумела: хачу быць настаўніцай біялогіі.
– Гэты прадмет у нас выкладала Лідзія Аляксандраўна Лакевіч, – успамінае Алена Іванаўна. – На яе ўроках заўсёды было вельмі цікава. Яна ўмела прыцягнуць увагу школьнікаў да вывучаемай тэмы – і нам гэта вельмі падабалася.
Праўда, да ажыццяўлення мары стаць настаўніцай было яшчэ далёка. Але Алена не сумавала – клас, у якім яна вучылася, падабраўся вясёлы і дружны. Удзел у спартыўных спаборніцтвах, выхаваўчых мерапрыемствах, “Зарніцы” – не паспела азірнуцца, як давялося здаваць выпускныя экзамены. Здавалася, да запаветнай мары – адзін толькі крок.
Толькі свавольнік-лёс вырашыў праверыць дзяўчыну на ўпэўненасць у зробленым выбары – у той год у Гродзенскі педагагічны інстытут яна так і не паступіла.
“Не сядзець жа дома”, – падумала ўчарашняя выпускніца Варнянскай школы і ўладкавалася на працу ў падсобны цэх мясцовага калгаса.
– Адразу ж нас адправілі на бульбу, затым на лён – было цяжка. Зімой стала лягчэй – працавалі ў цэху. Але думка штурмаваць універсітэт трывала сядзела ў маёй галаве, – расказвае Алена Іванаўна. – Праўда, на гэты раз я выбрала Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут. І зноў – фіяска.
Ад безвыходнасці дзяўчына падала дакументы ў Смаргонскае вучылішча №128 і пасля яго заканчэння атрымала накіраванне на Мінскі падшыпнікавы завод.
Вялікі горад, прапіска і нават бясплатнае жыллё ў інтэрнаце – чаго яшчэ жадаць ад лёсу? Але перспектыва стаць гарадской лэдзі дзяўчыну не радавала – цягнула дамоў.
На наступны год Алена Іванаўна зноў спрабуе свае сілы ў педагогіцы: падае дакументы ў Гродзенскі педагагічны каледж – і праз два гады з дыпломам выхавацеля дзіцячага сада вяртаецца ў Варняны.
Садку і дашкольнікам было аддадзена 10 гадоў – і ўвесь гэты час Алена Іванаўна не-не ды і вярталася да думкі стаць настаўнікам біялогіі. І аднойчы ўсё ж рашылася падаць дакументы ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. І стала студэнткай-завочніцай.
– Гэта быў адзін з самых шчаслівых дней майго жыцця, – расказвае Алена Іванаўна. – Мне падабалася вучыцца, спасцігаць нешта новае, удзельнічаць у даследчай дзейнасці.
Яе пытлівы розум, стараннасць і працавітасць, а таксама ўменне даводзіць пачатую справу да канца заўважылі і на ўніверсітэцкай кафедры – жанчыне паступіла прапанова застацца ва ўніверсітэце. Толькі і на гэты раз Алена Іванаўна вырашыла нічога не мяняць – і зноў вярнулася ў Варняны.
Калі яна вучылася на трэцім курсе ўніверсітэта, ёй прапанавалі выкладаць біялогію і хімію ў Варонскай і Гозскай базавых школах – і Алена Іванаўна згадзілася.
– Свой першы ўрок у Варонскай школе я помню і сёння. Гэта была біялогія ў 9 класе. 16 чалавек, дарослыя, прыгожыя юнакі і дзяўчаты, чые вочы ўважліва глядзяць на мяне. Першая думка: як яны мяне прымуць? А ў галаве ўрокі, якія калісьці вяла Лідзія Аляксандраўна ў маім класе, – усміхаецца Алена Іванаўна. – І ўсё атрымалася. З першага ўрока ў мяне з дзецьмі складваюцца адносіны, пабудаваныя на даверы адзін да аднаго. Інакш нічога не атрымаецца.
А потым была праца ў Варнянскім сацыяльным прытулку, якую Алена Іванаўна сумяшчала з выкладаннем хіміі і біялогіі ў Варнянскім НПК. І адзін з самых складаных перыядаў, калі ўласнай сям’ёй даводзілася ахвяраваць дзеля абдзеленых лёсам дзяцей, якія вымушаны былі жыць у прытулку.
З 2006 года Алену Іванаўну прызначылі намеснікам дырэктара Варнянскага НПК і стала курыраваць работу з адоранымі вучнямі.
За гэты час у скарбонцы Алены Іванаўны Юркойць і яе вучняў “прапісалася” шмат узнагарод рознага ўзроўню – у кожную з іх укладзена не адна гадзіна вольнага і працоўнага часу, веды і ўменне натхняць сваіх вучняў на цікавыя справы і даследаванні.
– Пачыналі мы з алімпіяднага руху, затым сталі ўдзельнічаць у міжнародных інтэлектуальных конкурсах, заняліся даследчай і праектнай дзейнасцю – усё гэта было цікава не толькі мне, але і вучням, якія захапіліся маімі ідэямі, а потым і свае сталі прапаноўваць, – гаворыць Алена Іванаўна. – Памятных конкурсаў было шмат – і выдзеліць сярод іх адзін вельмі складана.
2015 год для Алены Іванаўны Юркойць стаў запамінальным яшчэ і таму, што яна з вучнямі вырашылі замахнуцца на “100 ідэй для Беларусі” – і атрымалі спецыяльны прыз праекта.
– У многіх конкурсах удзельнічалі мае дзеці – дачка Ангеліна і сын Антон, – расказвае Алена Іванаўна. – Напэўна, не без майго ўплыву Ангеліна выбрала біялагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава. Сёння яна – студэнтка пятага курса. Антон таксама захапляецца біялогіяй і экалогіяй, але з прафесіяй пакуль яшчэ не вызначыўся.
Сёння Алена Іванаўна шчаслівая мама і настаўніца, якая адбылася. Яе любяць дзеці і паважаюць калегі. А гэта значыць, што няпросты шлях да мары быў недарэмным.

Бліц-апытанне
– Вы задаволены сваёй кар’ерай?
– Я ніколі не імкнулася зрабіць кар’еру. Так складваліся абставіны.
– Ад чаго вы стамляецеся?
– Ад бяздзейнасці і гультайства. Калі ў нядзелю нічога не раблю, то вечарам адчуваю сябе хворай.
– Без каго і чаго вы не змаглі б пражыць і дня?
– Зразумела, без родных. А яшчэ без імкнення што-небудзь рабіць. Такая я па натуры – не магу сядзець на месцы.
– Сярод настаўнікаў існуе канкурэнцыя?
– Канкурэнцыя павінна быць. Але яна павінна быць добрай і пабудаванай на ўзаемаразуменні.
– З чаго пачынаецца ваш дзень?
– З кубка кавы і планавання. Заўсёды стараюся паспець зрабіць усё, што з раніцы запланавала. Не люблю адкладваць сённяшнія справы на заўтра.
– Які дзень вы можаце назваць ідэальным?
– Калі ўсе планы рэалізаваны і ў той жа час з’явіліся новыя цікавыя задумкі, якія хочацца як мага хутчэй ажыццявіць.
– У вас ёсць хобі?
– Расліны. Люблю праводзіць час у садзе і агародзе.
– Самыя важныя моманты ў вашым жыцці?
– Безумоўна, гэта нараджэнне дзяцей.
– У вас ёсць мара?
– Канешне. Мару закончыць стварэнне экалагічнай сцяжынкі і пачаць стварэнне экалагічнага цэнтра.

-------------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.