Анастасия Минакова: "Моё место – в школе"
11:00 / 08.09.2015
Сёння мы пазнаёмімся з Анастасіяй Мінаковай.
Пасада: намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.
Месца працы: гімназія №1 Астраўца.
Статус: малады спецыяліст.
Адукацыя: вышэйшая.
Спецыяльнасць: філолаг, настаўніца беларускай мовы і літаратуры.
Адзнакі: залаты медаль заканчэння Міхалішкаўскай сярэдняй школы, чырвоны дыплом Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Малая радзіма: вёска Міхалішкі.
Упэўненасць: “Трэба любіць тую работу, якую ты робіш”.
Характарыстыка (уражанне ад знаёмства): усмешлівая, прыемная, адказная.
– З першага класа я бачыла сябе толькі настаўніцай. Праходзіў час, але гэтае жаданне не знікала, а толькі ўзмацнялася. Важную ролю ў выбары прафесіі сыграла і мая настаўніца Наталля Валянцінаўна Ярмак. Яна з’яўлялася прыкладам, чалавекам, на якога хацелася раўняцца. Яна знаходзіла патрэбны падыход да вучняў, з ёй было цікава на ўроках. Да таго ж Наталля Валянцінаўна рыхтавала мяне да алімпіяд па прадмету. Словам, я вырашыла, што хачу, як і мая настаўніца, даносіць дзецям “добрае, разумнае, вечнае”, пагэтаму пасля заканчэння Міхалішкаўскай сярэдняй школы паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на факультэт беларускай мовы і літаратуры. Пасля яго заканчэння мела магчымасць застацца працаваць у Гродне, але вярнулася ў Астравец. І зараз разумею, што гэта быў правільны выбар.
Мне, маладому спецыялісту, адразу прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі №1 Астраўца. Канешне, гэта было прыемна, але і боязна адначасова. Навічку – і такая адказнасць! Вельмі ўдзячная старэйшым настаўнікам, якія дапамагалі, падказвалі і накіроўвалі, асабліва Вользе Тадэвушаўне Лябецкай і Алене Іванаўне Власенка. Хлусіць не буду – было складана. Але паступова прывыкала, вучылася і ўдасканальвалася. Безумоўна, былі няўдачы і памылкі, але ж былі таксама і поспехі. Мінулы год – мой першы год працы – праляцеў прадуктыўна. І я зразумела, што знайшла сваё месца – яно ў школе.
– А яшчэ ўпэўнілася, што мне вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі: рыхтаваць з імі розныя мерапрыемствы, раскрываць іх творчы патэнцыял, прыдумваць і ажыццяўляць з імі новае і цікавае. Вельмі прыемна, што вучні адказваюць узаемнасцю і з задавальненнем адгукаюцца на прапановы. Метад работы? Лічу, што ўсё трэба паказаць на ўласным прыкладзе. Калі трэба прадэманстраваць, як іграць нейкую мініяцюру ў КВЗ, – паказваю, праспяваць ці станцаваць – раблю і гэта. Так з дзецьмі лягчэй наладзіць узаемасувязь.
– Для мяне заўсёды самым галоўным была і застаецца сям’я, – працягвае Анастасія. – Вельмі важна ведаць, што дома цябе чакаюць, падтрымліваюць і вераць у твае сілы. На Астравеччыне я пазнаёмілася з будучым мужам. Такім чынам, тут знайшла сваё месца не толькі ў прафесіі, але і ў жыцці.
------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.