Милиционеры встретились в Островце, чтобы песни свои посвятить 70-летию Победы

10:00 / 30.04.2015
Іх прывыклі бачыць зусім у іншых сітуацыях: пры складанні пратаколаў, пры затрыманні, на месцы злачынства, пры патруляванні вуліц… Словам, за выкананнем службовых абавязкаў.

А вось убачыць міліцыянераў, якія натхнёна спяваюць ці чулліва чытаюць вершы... Вы лічыце, што гэта немагчыма? Значыць, вы не былі на аглядзе-конкурсе  мастацкай самадзейнасці сярод калектываў органаў і падраздзяленняў унутраных спраў Гродзеншчыны, які праходзіў у Астраўцы!


Прадэманстраваць сваю творчую натуру, артыстызм і харызму да нас прыехалі канкурсанты з Воранаўскага, Дзятлаўскага, Іўеўскага, Карэліцкага, Навагрудскага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў. Такім чынам, у астравецкіх міліцыянераў, якія ў гэты дзень перакваліфікаваліся ў артыстаў, была моцная канкурэнцыя. Аднак, як вядома, дома і сцены дапамагаюць, і падтрымка сяброў адчуваецца. А з гэтым праблем не было: канцэрт выклікаў цікавасць не толькі ў калег з праваахоўных органаў, але і ў многіх жыхароў Астраўца, якія прыйшлі “пахварэць” за землякоў.

Сімвалічнай і значнай была і тэматыка агляду-конкурсу – ён прысвячаўся 70-годдзю Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Успомніць падзеі тых гадоў і выказаць пашану і падзяку праз шчырыя і простыя словы песень і вершаў – што можа быць лепш? А калі аб вайне спяваюць і расказваюць падцягнутыя, дужыя мужчыны ў форме – тут ужо і дрыжыкі ў каленях, і мароз па скуры ад шквалу эмоцый.

Ацэньваць майстэрства і адпаведнасць рэпертуару канкурсантаў прыехала сур’ёзнае журы з Гродна. Агляд-конкурс праходзіў у чатырох намінацыях, у дзвюх з якіх – “Музычнае мастацтва” і “Размоўны жанр” – удзельнічалі і астравецкія артысты. Дарэчы, праявіць свой талент у канцэрце маглі не толькі супрацоўнікі органаў унутраных спраў, але і вучні прававых класаў: іх творчыя здольнасці ацэньваліся асобна.

Бачыць міліцыянераў на сцэне было непрывычна, і на канцэрт я была настроена даволі скептычна: наглядзелася самадзейнасці… Аднак, калі заспявалі першыя ўдзельнікі з Воранаўскага аддзела ўнутраных спраў – скептызм знік бясследна. Песня “Воблакам па небу” Алега Марцінкевіча яшчэ доўга аддавалася ў сэрцы.

Канкурсанты Дзятлаўшчыны запомніліся пранікнёным і шчырым выступленнем Ірыны Касянковай, якая прачытала верш “Раскажы ты мне, дзед, пра вайну” і прысвяціла яго свайму дзядулю і ўсім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.

А вось удзельнікі конкурсу з Іўеўскага РАУС прадставілі гледачам і журы аж тры нумары: верш і песню ад работнікаў унутраных спраў гарманічна дапоўніла такая родная “Катюша”, якую прыгожа выканала дружнае трыа дзяўчынак з прававога класа.

Артысты-міліцыянеры Карэліцкага раёна парадавалі гледачоў знаёмымі шлягерамі “У незнакомого  поселка…” і “Это просто война…”

А словы песні ў выкананні дуэта хлопцаў Навагрудскага РАУС можна смела назваць лейтматывам конкурсу – “За Победу!”

Наступнымі выступалі канкурсанты Астравецкага раёна. Гледачы застылі ў лёгкім хваляванні: што нашы пакажуць, як праспяваюць? Выступаць у родных сценах, вядома, добра – але разам з гэтым адказна і няпроста. Першай на сцэну выйшла вядучы спецыяліст па рэгістру насельніцтва аддзялення па грамадзянству і міграцыі Астравецкага РАУС Таццяна Васюкевіч. Аднак гэта была не прыветлівая, усмешлівая дзяўчына, якую прывыклі бачыць калегі і наведвальнікі. На сцэне стаяла адзінокая маці, а ў яе вачах застылі слёзы і перажыванне за сына, што пайшоў на вайну. І раз-пораз яна клікала: “Аляксей, Алёшанька, сынок!” – гэты заклік працінаў да глыбіні душы і прымушаў востра адчуць боль і трагедыю маці салдата. Здавалася, што з залы зараз і сапраўды адгукнецца яе сын. Слёзы на вачах, мурашкі па скуры, поўны катарсіс і шчырыя апладысменты ўдзячных гледачоў...

Вучаніца 9 прававога класа Гудагайскай сярэдняй школы Ілона Масейка выканала досыць складаную песню “Ты же выжил, солдат…” Але з пастаўленай задачай дзяўчына справілася выдатна – нумар атрымаўся чуллівым, прыгожым і пяшчотным.

Аднакласнік Ілоны Мікіта Вішнеўскі прачытаў верш Канстанціна Сіманава “Горят города по пути этих полчищ…” Сказаць, што ў хлопца гэта атрымалася – значыць, нічога не сказаць: складвалася ўражанне, што на сцэне стаіць не сучасны астравецкі школьнік, які любіць футбол, камп’ютар і чыпсы, а сведка тых жахлівых часоў, чыё дзяцінства назаўсёды забрала вайна. Эмацыйна, праўдзіва, яскрава – па-сапраўднаму!

Гледачы ледзь адышлі ад выступлення гудагайскага школьніка, як на сцэну падняўся прадстаўнік Ашмянскага аддзела ўнутраных спраў Андрэй Кузьменка. Ён таксама прачытаў верш – “Варварство” Джаліля Мусы. Тут было ўсё: гульня тэмбру, дэкламацыя на некалькі галасоў, страх, злосць, боль, слёзы, спачуванне, перажыванне… Мужчына чытаў верш – а перад вачыма паўставала жудасная карціна варварства: выкапаная магіла і жанчына, што прыціскае да грудзей сваё дзіця. І адна варожая куля, што прабівае два нявінныя сэрцы…

Апошнімі выступалі канкурсанты Смаргоншчыны. Супрацоўнік РАУС Андрэй Говіч пранікнёна і шчыра праспяваў “Пісьмо бацькі”, а вучні прававога класа дружна заклікалі да міру і спагады на ўсёй зямлі.

Нумары ўдзельнікаў агляду-конкурсу скончыліся, але гледачоў чакаў яшчэ адзін сюрпрыз – феерычнае выступленне аркестра Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама. Узмах палачкі дырыжора – і нараджаецца непаўторная жывая музыка, якая зачароўвае, і бярэ ў палон. А музыку, вядома ж, дапоўніла песня – у выкананні звонкіх і прыгожых галасоў салістаў аркестра. Пад іх фінальную сімвалічную песню “Этот день Победы” апладзіравала, стоячы, уся зала.

Аднак вернемся да вынікаў конкурсу. Свой вердыкт журы вынесла праз некалькі дзён, калі агляд мастацкай самадзейнасці міліцыянераў прайшоў ва ўсіх гарадах, былі выкананы ўсе нумары і падлічаны балы. У намінацыі “Музычнае мастацтва” трэцяе месца заняла наша Таццяна Васюкевіч. У гэтай жа намінацыі, толькі сярод удзельнікаў прававых класаў, трэцяе месца было прысуджана і вучаніцы Гудагайскай СШ Ілоне Масейка. Малайцы, дзяўчаты!

У намінацыі “Размоўны жанр” пераможцам заслужана стаў ашмянец Андрэй Кузьменка. А сярод школьнікаў першае месца заняў наш Мікіта Вішнеўскі, з чым мы яго таксама шчыра віншуем!

Таццяна Васюкевіч:

– У мінулым годзе я прымала ўдзел у падобным конкурсе, які праходзіў у Ашмянах. Таму, калі сёлета  запрасілі паўдзельнічаць, ведала, на што згаджаюся. Сяброўкі параілі песню “Баллада о матери”: паслухала, паглядзела ў інтэрнэце, як яе выконваюць, – і вырашыла паспрабаваць. Гэта вельмі прыгожая, трагічная і чуллівая песня. Рэпеціравала дома: міміку, жэсты, манеру выканання. Перад выхадам на сцэну вельмі хвалявалася. Самым галоўным для мяне было годна прадставіць перад гледачамі і журы наш аддзел унутраных спраў. Гэта такая адказнасць! Але ўсё прайшло добра. Хачу падзякаваць усім, хто дапамагаў  рыхтавацца да конкурсу, а таксама родным, сябрам і калегам за падтрымку. Спадзяюся, што не падвяла.

Ілона Масейка:

– Паўдзельнічаць у гэтым конкурсе мне параіла дырэктар школы Ганна Мечыславаўна Капцюг. Я згадзілася – спяваць люблю, выступаць на сцэне даводзілася і раней. Але, шчыра кажучы, больш за ўсё натхніла тэма конкурсу. Лічу, што пра Вялікую Айчынную вайну трэба памятаць заўсёды і ўсім, і падобныя конкурсы і канцэрты трэба праводзіць часцей. Выбраная песня прыйшлася па душы. Магчыма, пагэтаму і спявала лёгка. Хоць, канешне, выступаць было страшнавата, асабліва адчувалася хваляванне ў апошнія хвіліны перад выхадам на сцэну. Але я змагла ўзяць сябе ў рукі. Канешне, вельмі рада, што заняла трэцяе месца, але яшчэ больш – што паўдзельнічала ў такім значным конкурсе, прысвечаным Вялікай Перамозе.

Мікіта Вішнеўскі:

– Аб тым, што я заняў першае месца, даведаўся нядаўна. Узрадаваўся, канешне, – але і здзівіўся: нават не  думаў пра перамогу. А пачалося ўсё з таго, што да мяне падышла наш класны кіраўнік Святлана  Станіславаўна Пілецкая, паказала верш, спытала, ці падабаецца ён мне, і расказала пра конкурс. І я вырашыў рызыкнуць – верш вельмі ўразіў, захацелася расказаць яго ўсім. Ці доўга вучыў? Хвілін 20. А пасля рэпеціраваў, чытаў яго нашым настаўнікам, дырэктару. Перад выступленнем моцна хваляваўся, баяўся словы забыцца ці пераблытаць. А выйшаў на сцэну – і напружанне як рукой зняло. Вельмі хацелася данесці да гледачоў усю глыбіню, сэнс і моц верша.


-------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.