Прайшла прэзентацыя кнігі Вольгі Караткевіч "Жыве на свеце шчасце"
Вы памятаеце, якія казкі вам чыталі ў дзяцінстве перад сном? А якія вы чыталі сваім дзецям? А што любяць чытаць ці глядзець па тэлевізары вашы ўнукі? Калі гэта любімыя многімі пакаленнямі казкі пра Русалачку, Дзюймовачку, Папялушку і Васілісу Прамудрую, рускія і беларускія народныя казкі, то мы рады за іх. Але ўсё часцей ім на змену прыходзяць на змену “імпартныя” бясполыя чарапашкі Ніндзя, пакемоны, чалавекі-павукі і іншыя пачвары. Вы разумееце, што гэта дрэнна – і нічога не можаце зрабіць: малыя патрабуюць менавіта гэтых кіслотнай расфарбоўкі супер-герояў.
А вы не спрабавалі прыдумаць для іх сваю казку? Пра вожыка, які кожны вечар прыбягае ў двор папіць малачка. Пра сабачку Барсіка і кошку Белку, якія жывуць у доме. Пра ружу, што распусціла свае пялёсткі ў палісадніку. Пра ўсё тое, што сустракае малыш штодня, і часам нават не ўяўляе, што ва ўсяго гэтага – дрэўца, кветачкі, дажджавой кроплі, божай кароўкі, дзьмухаўца – можа быць сваё, уласнае жыццё, поўнае прыгод і спасціжэння свету і яго ўсёабдымных законаў…
...Так, як аднойчы стала прыдумваць казкі для сваіх дзяцей Вольга Караткевіч. Чытаць чужыя, як яна прызнаецца, у яе, на той час — маці траіх малых дзяцей, настаўніцы сельскай школы і гаспадыні немалой гаспадаркі ў вёсцы Клюшчаны, проста не было часу. А Сярожа, Алеся і Янка, як і ўсе дзеці ў свеце, прасілі перад сном казку. Так нараджаліся цэлыя казачныя серыялы, якія знаёмілі дзяцей з навакольным светам і спакваля вучылі іх любіць усё жывое, бо ўсё гэта – Божае тварэнне…
Вядома, не ставала часу і на тое, каб занатоўваць казкі. І таму многія – на вялікі жаль! — зніклі. А некаторыя – засталіся: малодшы сын Янка прасіў, літаральна патрабаваў маму запісаць іх. І з цягам часу гэтыя добрыя казкі сталі зборнікам “Жыве на свеце шчасце”, які нядаўна пабачыў свет у выдавецтве “Адукацыя і выхаванне”.
Вольга Караткевіч цяпер жыве на Мядзельшчыне, у Нарачы, і працуе вядучым навуковым супрацоўнікам у Нацыянальным парку “Нарачанскі”. Але жанчына, якая нарадзілася на Далёкім Усходзе, як сама прызнаецца, лічыць сябе ў пэўнай ступені астраўчанкай: у нашым раёне прайшла значная частка яе жыцця, тут нарадзіліся яе дзеці і яе казкі. І таму першая прэзентацыя кнігі адбылася менавіта ў Астраўцы – на мінулым тыдні яна прайшла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.
У чытальнай зале бібліятэкі сабраліся многія прыхільнікі шматлікіх талентаў Вольгі Генадзьеўны і проста зацікаўленыя. Пра шматлікія таленты – гэта не перабольшванне: многія жыхары нашага раёна ведаюць яе як аўтара таленавітых карцін, якія яна ў свой час стварала з кавалачкаў футра і скуры. Пазней Вольга стала карціны маляваць – да слова, кніга “”Жыве на свеце шчасце” таксама аформлена ёй уласнаручна. І на прэзентацыі таксама дзейнічала выстаўка карцін, створаных Вольгай Караткевіч у незвычайнай тэхніцы – пастэль, акварэль, соль.... Акрамя таго, Вольга піша вершы, апавяданні, п’есы, сцэнарыі, яна – аўтар цікавых экалагічных праектаў, лаўрэат міжнароднай прэміі “Экамір”.
Пачалася прэзентацыя з пастаноўкі адной з казак Вольгі Караткевіч: чытачы дзіцячай бібліятэкі, два Артуры – Узарэвіч і Боўша — таленавіта сыгралі Зайчыка і Мышанятка, якія мараць пра лета і моркаўку.
А потым Вольга Генадзьеўна расказвала, як стваралася кніжка казак, пра яе шлях да чытачоў, пра сваю экалагічную праграму “Свет ува мне”, пра вельмі важныя моманты выхавання дзяцей, на якія дарослыя, занятыя паўсядзённымі клопатамі, часта не звяртаюць увагі – і ў выніку страчваецца нешта вельмі важнае, магчыма, самае галоўнае. А таксама адказвала на пытанні… Размова, як заўсёды ў такіх выпадках, атрымалася вельмі эмацыянальна-шчырай і карыснай для ўсіх.
І лейтматывам праз усю сустрэчу праходзіла думка, якую Вольга Караткевіч паўтарыла неаднойчы: самую лепшую, самую галоўную казку ў сваім жыцці чалавек стварае сам…
Так што паспрабуйце скласці яе – для сябе, для сваіх дзяцей і ўнукаў, гэтую самую галоўную казку. У вас абавязкова атрымаецца! І калі ў выніку нават не з’явіцца кніжка – казка ўсё роўна будзе жыць! І, магчыма, нехта, паслухаўшы ці пачытаўшы яе, скажа, як Таццяна Гірдзей: “Калі вам нехта спасаваў настрой – пачытайце казкі Вольгі Караткевіч, і ваша душа напоўніцца святлом і дабрынёй”.
Ніна АЛЯКСЕЕВА.