Журналісцкае расследаванне: як харчуюцца школьнікі?

14:17 / 14.04.2012
7

Залогам моцнага здароўя і паспяховай вучобы школьнікаў з’яўляецца правільнае харчаванне. Ці магчыма яго забяспечыць ва ўмовах школьнай сталовай? Як, чым і калі кормяць нашых дзяцей?
Пытанне харчавання дзяцей у школах заўсёды было актуальным, яно найбольш хвалюе бацькоў. Неаднаразова звярталася да гэтай тэмы і наша газета.



Для даведкi:

Год назад у “Астравецкай праўдзе” прайшло інтэрв’ю з галоўным спецыялістам аддзела адукацыі У.А. Булавіцкім, якое датычылася арганізацыі харчавання дзяцей. На той момант у дзесяці ўстановах – гімназіі №1, СШ №1, Дайлідскай, Рымдзюнскіх з беларускай і літоўскай мовамі навучання, Альхоўскай, Спондаўскай, Гудагайскай, Гервяцкай сярэдніх і Варонскай базавай школах – харчаванне арганізоўвала райспажыўтаварыства. У астатніх – аддзел адукацыі. Планавалася, што з красавіка 2011 года яшчэ ў дзвюх школах арганізоўваць харчаванне вучняў будзе аддзел адукацыі. “З аднаго боку, – гаварыў спецыяліст аддзела адукацыі –з’явіцца больш клопатаў: харчаванне – гэта вялікі пласт работы, з другога – будуць і плюсы: свае кадры, якія летам змогуць працаваць у летніку “Ластаўка”, ды і прадукты можна будзе закупляць без гандлёвай надбаўкі – гэта прывядзе да ўдзешаўлення школьнага харчавання.”


Поўнасцю на самастойнае харчаванне школы перайшлі толькі ў лютым гэтага года. Заканамерна, што рэдакцыі было цікава, што ж змянілася пасля гэтага? І якія гэта змены – станоўчыя ці адмоўныя?


Спачатку я паспрабавала высветліць гэта ў галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, які курыруе пытанне харчавання дзяцей – Інесы Анатольеўны Міхновіч.
– Сапраўды, з лютага 2012 года арганізацыя харчавання ва ўсіх установах адукацыі ажыццяўляецца за кошт бюджэтных сродкаў. Зроблена гэта было з адной мэтай – удзешавіць кошт школьнага харчавання, – расказвае Інеса Анатольеўна. – Змены, якія адбыліся ў гэтым накірунку, нас цалкам задавальняюць. Да прыкладу, раней кошт прыгатаванага абеду фарміраваўся, зыходзячы з кошту прадуктаў з прымяненнем 15-ціпрацэнтнай гандлёвай надбаўкі і 40-працэнтнай нацэнкі грамадскага харчавання. З лютага гэтага года мы самі ажыццяўляем закупку прадуктаў для арганізацыі харчавання. Аддзел адукацыі заключыў дагаворы з Ашмянскім мясакамбінатам, СВК “Гервяты” і “Варняны”, СП “Санта-Імпэкс Брэст”, “Бакалея”, Лідскім малочна-кансервавым камбінатам, Смаргонскімі малочнымі прадуктамі, “Фрутімпарт”, Смаргонскай птушкафабрыкай і шэрагам іншых прадпрыемстваў на прамыя пастаўкі прадукцыі. Гэта дало магчымасць купляць неабходныя для харчавання дзяцей тавары па цэнах фірмы-вытворцы. Да таго ж усе гэтыя прадпрыемствы самі дастаўляюць тавары, акрамя прадукцыі Смаргонскай птушкафабрыкі і Смаргонскіх малочных прадуктаў. Хлебабулачныя і макаронныя вырабы аддзел адукацыі набывае ў магазінах райспажыўтаварыства.
На базе СШ №1 абсталяваны склад, дзе захоўваюцца тавары. Ёсць кладаўшчык, які займаецца атрыманнем прадукцыі і размеркаваннем яе па школах і садках раёна згодна з атрыманымі заяўкамі. Для гэтага ў аддзеле адукацыі ёсць спецыяльны аўтатранспарт.
У адпаведнасці з графікам завозу тавараў распрацавана прыкладнае меню на два тыдні, якое выкарыстоўваюць усе школы.



Як харчуюцца вучні гарадскіх і сельскіх школ?

Самае вялікае адрозненне крыецца ў тым, што сельскія школьнікі атрымліваюць бясплатнае гарачае харчаванне. На практыцы гэта азначае, што вучні 1-11 класаў, якія жывуць у вёсцы і вучацца ў сельскіх школах, харчуюцца бясплатна. Бясплатна харчуюцца таксама вучні 1-4 класаў гарадскіх школ і вучні 5-11 класаў гэтых жа ўстаноў, якія жывуць у вёсцы. Бясплатнае харчаванне атрымліваюць таксама дзеці з малазабяспечаных сем’яў і шматдзетных сем’яў, у якіх трое і больш дзяцей вучацца ў пачатковай, базавай, сярэдняй школах, гімназіях і НПК, дзеці-інваліды і дзеці, якія пражываюць у сем’ях, дзе адзін або двое бацькоў інваліды – яны забяспечваюцца двух- ці трохразовым бясплатным харчаваннем у залежнасці ад працягласці знаходжання ва ўстанове адукацыі. У кожнай школе створана камісія пад старшынствам дырэктара, якая займаецца пытаннямі харчавання дзяцей – тут вырашаюцца ўсе спрэчныя моманты.
Кошт харчавання залежыць ад узросту дзяцей. Так, напрыклад, кошт абеду для дзяцей 6-10 гадоў складае 5292 беларускіх рублёў, 11-13 гадоў – 6030 рублёў, 14-17 гадоў – 6396 рублёў. Калі дзіця неабходна забяспечыць двухразовым харчаваннем, то павялічваюцца і грашовыя сумы – 8820, 10050, 10660 адпаведна.



Паесці ў гімназіі…

Бясплатнае харчаванне ў гімназіі атрымлівае больш за 300 школьнікаў – гэта большая палова вучняў. Нормы харчавання тут – зрэшты, як і ў астатніх школах – залежаць ад узросту дзяцей. Ёсць школьнікі, якія бясплатнае харчаванне атрымліваюць і два, і тры разы на дзень.
Але ёсць у гімназіі вучні, якія харчуюцца толькі за кошт бацькоўскай аплаты. Існуе ў гімназіі і варыятыўнае меню. Да прыкладу, 3 красавіка яно складалася з баршчу, плову, салата і тварагу са смятанай. Вучні маглі выбраць тую ежу, якая ім больш даспадобы.
– Першы месяц пасля пераходу на самастойнае харчаванне было складана і адміністрацыі, і паварам. Цяпер ужо прывыклі і нават бачым плюсы ад такога харчавання, – расказвае дырэктар гімназіі №1 І.А. Лях. – Да прыкладу, у студзені, калі харчаванне дзяцей забяспечвала прадпрыемства грамадскага харчавання, на яго пайшло больш за 40 мільёнаў рублёў. У лютым мы на закупку тавараў зрасходавалі 33 мільёны 524 тысячы 700 рублёў, а ў сакавіку – 24 мільёны 412 тысяч. Плюсы відавочныя.
Раней не атрымлівалася выконваць натуральныя нормы забеспячэння дзяцей фруктамі, сокамі і гароднінай – цяпер у школьнае меню гэтыя прадукты ўключаюцца пастаянна. Ёсць плюсы і для бацькоўскага кашалька – порцыі сталі большымі, а кошт аплаты застаўся ранейшым ці нават зменшыўся. Павялічылася колькасць работнікаў, якія працуюць у школьнай сталовай, што дазваляе за дзень гатаваць 6 відаў меню – гэта таксама нядрэнна.

Нядаўна ў гімназіі прайшло анкетаванне дзяцей, прысвечанае школьнаму харчаванню. Згодна з ім, 100 працэнтаў школьнікаў задавальняе рэжым харчавання, 70 працэнтаў дзяцей задаволены якасцю харчавання. На пытанне: “Якія змены вучні хацелі б унесці ў меню?” гучалі такія прапановы: “Бульба фры, піца, адбіўныя, цыпеліны, піражкі, пончыкі”.
Зразумела, што ажыццявіць некаторыя дзіцячыя просьбы ў школе немагчыма, ды і не варта. А вось рабіць адбіўныя ці цыпеліны можна было б.
– Канешне, мы прыслухоўваемся да меркаванняў дзяцей, – гаворыць Ірына Антонаўна. – Ужо закупілі неабходнае абсталяванне, заключылі дагавор з СВК “Варняны” на пастаўку свініны – адбіўныя неўзабаве будуць уключаны ў школьнае меню. Спадзяюся, што ажыццявіцца мара з адкрыццём у школьнай сталовай буфета. Для гэтага неабходна набыць халадзільную вітрыну, якая каштуе ад 7 да 11 мільёнаў. Магчыма, за лета мы зможам зарабіць неабходную суму грошай і да 1 верасня ажыццявім і гэтую мару дзяцей.



…і ў Гудагайскай школе

Сёння ў Гудагайскай школе вучыцца 309 дзяцей. Адрозненне гэтай школы ад гімназіі ў тым, што ўсе дзеці тут харчуюцца бясплатна – за кошт бюджэту. 107 школьнікаў атрымліваюць двухразовае гарачае харчаванне. Але і тут ёсць дзеці, за харчаванне якіх даплачваюць бацькі – гэта вучні пачатковых класаў, якія наведваюць групы падоўжанага дня. У сярэднім гэтая даплата складае 30 тысяч беларускіх рублёў у месяц.
– Змены, якія адбыліся ў школьным харчаванні, нас цалкам задавальняюць, – расказвае намеснік дырэктара М.Э. Барысевіч, якая курыруе ў школе пытанні харчавання. – Мы ў адпаведнасці з распрацаваным меню складаем заяўку і згодна з ёй атрымліваем са склада неабходныя нам прадукты. Ніякіх затрымак і цяжкасцей не ўзнікае. Зрэшты, ніякіх праблем не ўзнікала і раней. Адрозненне ў тым, што цяпер на прадукцыю не “накручваецца” нацэнка, таму з’явілася магчымасць на адны і тыя ж грошы даць дзецям значна большую порцыю. Мы пастаянна даём вучням бананы, апельсіны, ёгурты, сыркі, вафлі. Порцыі вялікія, і таму звычайна фрукты ці тыя ж сыркі, ёгурты дзеці пакідаюць на потым. Здаецца, што гэта толькі да лепшага.
Калі харчаванне ў школе забяспечвала прадпрыемства грамадскага харчавання, тут быў буфет, цяпер яго няма. З аднаго боку – гэта дрэнна, з другога – добра: дзеці з’ядаюць усё, што гатуюць повары. Але на перапынках паспяваюць збегаць да ларка прадпрымальніка і набыць прысмакаў. Таму, мабыць, варта задумацца пра адкрыццё буфета ў школе?
– Буфет – не самая вялікая праблема. Больш непакоіць тое, што не ўсе дома ядуць рыбу, курыцу, салаты. Дзеці прызвычаіліся задавальняцца перакусамі і, канешне, салодкія прысмакі ім падабаюцца больш, чым карысныя для дзіцячага арганізма прадукты. Часам школьнікам даводзіцца тлумачыць, якія прадукты павінны быць у іх рацыёне, – працягвае Марына Эдвардаўна. – Харчуюцца дзеці ў школе ў адпаведнасці з узростам. Але варыятыўнага меню ў нас пакуль не існуе – проста павялічваецца велічыня порцыі. Зараз мы вывучаем вопыт іншых школ рэспублікі, дзе распрацавана варыятыўнае меню ў адпаведнасці з узростам школьнікаў. Магчыма, у будучым зможам яго прымяніць і ў нашай школе.
На снеданне 5 красавіка Гудагайскія школьнікі атрымалі: расольнік, чай з цукрам, хлеб, батон, вафлю. А на абед елі салат з белакачаннай капусты з алеем, сасіску з макаронамі, кампот з сухафруктаў, хлеб, батон і банан. Яшчэ раз нагадаю: абед ядуць усе, снеданне атрымліваюць тыя, хто харчуецца ў школе два разы.
Плюсы ў новай форме харчавання знайшлі і некаторыя настаўнікі, якія знаходзяцца ў школе часам ад ранку да позняга вечара: кожны з іх мае магчымасць паабедаць і ў канцы месяца разлічыцца за з’едзеныя абеды.



Бліц-апытанне

Як адносяцца да новаўвядзенняў у школьным харчаванні дарослыя і дзеці – аб гэтым мы пацікавіліся ў гараджан і вяскоўцаў.


Марыя Броўка, Віка Масойць, вучаніцы 9 “А” класа” гімназіі №1:
– Меню, якое нам прапануюць у школе, нас задавальняе. Асабліва падабаюцца фірменныя аладкі, якія пякуць нашы повары. За месяц за абеды мы плацім каля 60 тысяч. Апошнім часам порцыі сталі большымі, павялічыўся і выбар страў. Кажуць, гэта звязана з тым, што цяпер прадукты для нашага харчавання закупляе гімназія.


Аксана Віктараўна Бараноўская, шэф-повар гімназіі №1:
– Харчаванне ў школьнай сталоўцы змянілася да лепшага. Па-першае, цяпер мы можам выконваць натуральныя нормы харчавання. Па-другое, павялічыліся порцыі і кошт харчавання стаў значна таннейшым. Асартымент тавараў зараз значна большы. Цяпер мы можам даваць дзецям салаты, гародніну, фрукты, сокі.


Ганна Алёкса, вучаніца 11 класа Гудагайскай школы:
– Кормяць нас вельмі добра. Мы абедаем пасля 4 урока, кожны дзень у нас звычайна 6-7 урокаў, таму прагаладацца не паспяваем. Вельмі добра, што даюць яблыкі, апельсіны, ёгурты. Асабіста я люблю курыныя катлеты – і ў школе іх таксама робяць. Абеды свежыя, цёпленькія і смачныя. Асабіста мяне ўсё задавальняе – лепш і не трэба.


Хрысціна Феліксаўна Мінкевіч, повар Гудагайскай школы:
– Працаваць трэба было раней, трэба і цяпер. Адрозненне ў тым, што большым стаў асартымент прадуктаў, якія закупляюцца па меншай цане, таму большымі сталі порцыі. Прыемна, што павялічылася зарплата ў работнікаў сталовай. Лягчэй стала ў тым плане, што няма буфета – але гэта толькі нам. А дзецям хочацца купіць нечага смачненькага, салодзенькага…


Мікіта Вішнеўскі, шасцікласнік Гудагайскай школы:
– У нашай сталовай кормяць вельмі смачна. Я харчуюся два разы. Больш за ўсё люблю гуляш з макаронамі, фрукты, ёгурты, сыркі і сок. Порцыі вельмі вялікія. Толькі ўсё роўна хочацца, каб у школе быў буфет, дзе можна было б купляць пірожныя ці цукеркі. А зараз яго няма. Таму прысмакі даводзіцца браць з дому.


Таццяна Станіславаўна Лянкоўская, маці дваіх дзяцей:
– Мае дзяўчынкі задаволены школьным харчаваннем. Асабліва ім падабаецца, што да абеду заўсёды даюць то яблык, то апельсін, то банан. А калі задаволены дзеці, то будуць задаволены і бацькі. Адзінае, хацелася б, каб у школе адкрылі буфет.


На форуме аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама, падчас правядзення он-лайн бацькоўскага сходу на пытанне: “Ці задавальняе вас якасць харчавання ў школе, дзіцячым садку?” былі атрыманы наступныя адказы:

Бацька, Міхалішкі: У Міхалішках харчаванне самае лепшае.


Алена Аляксандраўна: Харчаванне ў СШ №1 выдатнае. Цяпер, з пераходам на самастойнае харчаванне, порцыі сталі большыя, дзецям часта даюць салаты.


Анатолій: Харчаванне ў Падольскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе арганізавана вельмі добра: повары вараць разнастайныя смачныя абеды. Заўсёды дзецям даюць першую страву і салат. Я і мае дзеці задаволены такой арганізацыяй харчавання.



Пасляслоўе

На першы погляд, усё добра. Школьнае харчаванне задавальняе дзяцей і дарослых. Вучні забяспечаны збалансаванай ежай, атрымліваюць фрукты і гародніну. Некаторыя да таго ж харчуюцца бясплатна. Заработная плата работнікаў сталовых павялічылася.
І разам з тым ёсць шэраг “падводных камянёў”, пра якія не ўпаміналася ў артыкуле: састарэлая матэрыяльна-тэхнічная база, мэбля і посуд школьных сталовых патрабуе замены. З-за недахопу неабходнага абсталявання не заўсёды ёсць магчымасць забяспечыць дзяцей дыетычным харчаваннем. Харчблокі некаторых устаноў патрабуюць рамонту.
Але не ўсё адразу: хочацца спадзявацца, што ў хуткім часе гэтыя праблемы будуць вырашаны, а дзеці і надалей стануць атрымліваць здаровае і карыснае харчаванне.


Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.