Простыя ісціны Міхалішкаўскай сярэдняй школы

14:00 / 04.10.2011

Той, хто меў хоць нядоўгае дачыненне да Міхалішкаўскай школы, цёплы ўспамін аб ёй захавае на ўсё жыццё: не забудзе ўтульны будынак на беразе Віліі, квітнеючы вясною сад пад яго вокнамі, нейкую асаблівую лагоднасць і спакой, характэрныя для гэтай школы… Хтосьці, канешне, заўважыць, што падобнае можна сказаць аб любой школе – і, напэўна, будзе мець рацыю.
І ўсё ж ёсць ў Міхалішкаўскай нейкая непаўторная аўра, незразумелае прыцягненне, якія аднойчы захопліваюць і не адпускаюць больш ніколі…
Можа, дырэктар школы, Віктар Казіміравіч Казак, сапраўды мае рацыю, калі сцвярджае, што ўсё дрэннае сплывае адсюль разам з водамі Віліі?



ПЯЦЬ ДЫРЭКТАРОЎ

Якаў Дзям’янавіч Чыркоў кіраваў школай чвэрць стагоддзя! Для школы гэты чалавек – сама гісторыя. Ён прыняў толькі што пабудаваны, з мноствам традыцыйных для той эпохі недаробак будынак – і ўдыхнуў у яго жыццё.
Ігар Рыгоравіч Усціменка ўзначальваў калектыў у супярэчлівыя перабудовачныя часы. Сёння выкладае тут гісторыю.
Пры Івану Уладзіміравічу Свірыду абнавіўся і калектыў, і школьны будынак. Не ўсё адбывалася бязбольна. Аднак сённяшні характар школы сталеў менавіта пры ім.
Аўтар гэтых радкоў таксама прыдачыніўся да Міхалішкаўскай школы. Хочацца спадзявацца, што пакінуў след, а не наслядзіў.
– А я ўвогуле, акрамя Міхалішкаўскай школы, помню толькі пяць студэнцкіх гадоў!, — жартуе сённяшні дырэктар Віктар Казіміравіч Казак. Але ў яго словах прысутнічае немалая доля ісціны. Віктар Казіміравіч закончыў гэтую школу і сюды ж вярнуўся працаваць пасля інстытута. Прайшоў тут усе прыступкі кар’ернай лесвіцы. Спачатку паспытаў хлеба намесніка па выхаваўчай рабоце, затым – па вучэбнай, а тры гады назад цалкам заслужана заняў месца кіраўніка.
Вось яны на здымку разам – пяць пакаленняў кіраўнікоў Міхалішкаўскай школы. Ніхто нікога не “падседзеў”, не зрабіў подлага, не нашкодзіў ні свайму папярэдніку, ні паслядоўніку, ні школе. Таму можа адкрыта і сумленна глядзець сабе і людзям у вочы.



МОЎНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ

Больш за ўсё настаўнікам і вучням не падабаюцца тры літары ў назве МіхалішКАЎскай школы. І гэта пры тым, што карэнныя жыхары мястэчка за стагоддзі так выпрасавалі назву паселішча, што ўсё мясцовае даўно стала міхалісным.
Спачатку з новым гучаннем спрачаліся, нават адмаўляліся па-новаму пісаць назву школы, намагаліся даказаць сваё права на імя. Балазе, знайсці важкія аргументы было каму. Потым пакрысе супакоіліся. І толькі вадзіцель школьнага аўтобуса Уладзімір Іосіфавіч Пукшта, шчыры патрыёт і карэнны жыхар мястэчка, замест назвы школы вывеў на сваім транспартным сродку слова “Вілія”. Гэткі ціхі пратэст, “наш адказ Чэмберлену”.
А ўвогуле Міхалішкаўская школа – беларуская. І не толькі па форме, а і па зместу. Нават па духу. Завітаўшы сюды, вы пачуеце ад вучняў менавіта “Добры дзень!”, а не безаблічнае “Здрасте!”.
Прычым беларуская мова жыве ў сценах школы не толькі на ўроках, як таго патрабуе арфаграфічны рэжым і статус школы. Яе можна пачуць у школьных калідорах, на перапынках, лінейках, рабочых нарадах, урачыстых мерапрыемствах… Хоць, трэба прызнаць, што якраз падчас шматлікіх школьных свят карыстацца родным словам усё складаней. У інтэрнэце сёння можна адшукаць што заўгодна, але толькі не добры сцэнарый школьнай урачыстасці на беларускай мове.
Затое віншаванні ў гэтай школе вы пачуеце толькі па-беларуску!



ПАВАГА ДА МЯСТЭЧКА І ЛЮДЗЕЙ

Павага да свайго мястэчка і школы ўзведзена ў Міхалішках да культу. Гэтая ідэя ніколі і нікому штучна не навязвалася і існуе выключна за кошт сваёй простай, натуральнай і зразумелай усім праўдзівасці, якая не падлягае сумненню.
Зганьбіць вёску ці школу – дрэнны тон. Усё роўна, што абразіць самога сябе.
У адной з папулярных сацыяльных сетак выпускнікі школы арганізавалі групу з красамоўнай назвай “Міхалішкі forever”. Міхалішкі – назаўсёды. У ёй – дзесяткі людзей, пераважна маладых. Нават апынуўшыся далёка ад сваёй малой радзімы, яны не цураюцца роднай вёскі і не баяцца прызнацца, што яны – родам з Міхалішак.



СЯМ’Я

Маладая настаўніца беларускай мовы Вольга Іванаўна Грынцэвіч, якая толькі ў гэтым годзе закончыла навучальную ўстанову і была накіравана ў Міхалішкаўскую школу, праз некалькі дзён сваёй працы зрабіла нечаканае для сябе адкрыццё: “Дык вы ж – адна сям’я!”. Так, гэта – сям’я! Аднак не ў значэнні роднаснасных сувязей і не ў сэнсе закрытага клана, куды пабочным уваход забаронены. Тут якраз усё наадварот — чалавечныя адносіны да ўсіх, хто ў яе ўліваецца, павага, дабрыня, узаемаразуменне, падтрымка…
Прычым тычыцца гэта не толькі педагагічнага, а і вучнёўскага калектыву.
Да прыкладу, у Міхалішках першакласнік можа запраста падыйсці да выпускніка, “выпісаць” яму пстрычку – і нічога за гэта не атрымаць узамен. Таму што ён – маленькі. Яму – можна.
За гады працы ў гэтай школе ніколі не чуў, каб камусьці ў ёй было дрэнна, некамфортна.
Тое ж тычыцца і настаўнікаў. Эльміра Бахманаўна Салтанава аб сваёй працы ў Міхалішках разважае з замілаваным прыдыханнем, нібы баючыся спудзіць птушку ўдачы, якая нечакана апусцілася ей на плячо.
Ёй сапраўды пашчасціла пачаць працу ў школе, дзе не адаб’юць ахвоту да настаўніцкай працы, а па-бацькоўску дапамогуць, падкажуць, навучаць.



МІХАЛІШКАЎСКІЯ “ЧЫРВОНАКНІЖНІКІ”

Мужчыны ў сучаснай школе, што чорныя буслы ў прыродзе – “чырвонакніжнікі”. Адзін-два на калектыў – ужо шчасце! Прыкмета эпохі — адукацыя ўсё больш набывае жаночае аблічча.
Міхалішкаўскую школу у гэтым сэнсе можна лічыць рэдкім выключэннем. Таму што тут на 18 жанчын прыходзіцца ажно сямёра мужчын. І ні якіх-небудзь маладых практыкантаў, а мужыкоў у самым мужчынскім сэнсе гэтага слова! Здольных з маленькіх хлапчукоў выхаваць не метрасексуалаў, а сапраўдных мужчын, якія і цвік у сцяну заб’юць, і жанчыну пры неабходнасці абароняць.
Агульны фотаздымак моцнай паловы калектыву ў дырэктара на рабочым стале пад шклом. Прадмет гонару кіраўніка і зайздрасці калег з іншых школ.



СМАЧНА ЕСЦІ!

Тарэса Іосіфаўна Рукойць хоць і не настаўніца, а віншаванні ў Дзень настаўніка атрымае абавязкова. Таму што яна – школьны повар. А гэта значыць – непасрэдная ўдзельніца агульнай справы.
Тарэса Іосіфаўна – своеасаблівы брэнд школы і бясспрэчны аўтарытэт. Хаця па знешняму выгляду аб тым ніколі не скажаш – мілая, прывабная, добразычлівая жанчына.
Якасць яе працы можна ацаніць двума словамі – дамашняя кухня. Аб гэтым сведчаць не толькі вучні і настаўнікі школы, а і ўсе, каму выпала падсілкавацца ў школьнай сталоўцы.
Мажліва, так атрымліваецца таму, што, акрамя неабходных інгрыдыентаў, Тарэса Іосіфаўна дадае ў стравы яшчэ і крышачку сваёй душы?



ГАЛОЎНЫ СКАРБ

А ўвогуле, галоўны скарб Міхалішкаўскай школы – гэта людзі! Маладыя, вопытныя, таленавітыя, творчыя, кваліфікаваныя, сціплыя, працавітыя, вясёлыя, няўрымслівыя, чалавечныя…
Каля трэці сённяшніх настаўнікаў узгадаваны ў сценах гэтай жа школы.
Канешне, у гэтым перадсвяточным артыкуле можна было ўзгадаць больш імён. Назваць лепшых, а астатніх ветліва схаваць за зручным скарачэннем “і інш.”
Можна было спаслацца на лічбы, працэнты, тэмпы росту, колькасць паступіўшых, з дапамогай якіх у адукацыі любяць вызначаць паспяховасць навучальнай установы.
Толькі ці патрэбна ўсё гэта?
Зразумела ж і так, што школа працуе. Добрая школа, адметная, са сваім абліччам і характарам!
А паступіў пасля яе заканчэння выпускнік ва ўніверсітэт ці ўладкаваўся трактарыстам у мясцовы калгас – дык гэта яшчэ вялікае пытанне, што лепш і хто лепшы?
Хоць дзеля справядлівасці трэба прызнаць, што і з паступленнем, і з паспяховасцю, і з перамогамі ў Міхалішках таксама ўсё на належным месцы!
Так трымаць, землякі!


Эдуард СВІРЫД.
Фота аўтара і з архіва школы.