Нашы землякі ў свеце: Ян Ціхановіч
Ураджэнец Варнян, доктар навук, гісторык, філосаф, філолаг, аўтар звыш сарака навуковых прац, выдадзеных у Расіі, Беларусі, Літве, Польшчы, Германіі, ЗША; апошні народны дэпутат былога СССР і шчыры католік; чалавек, які свядома выйшаў са складу КПСС, але заўсёды лічыў распад Савецкага Саюза найвялікшай сацыяльнай катастрофай; навуковец, які пасля 1991 года стаў непатрэбным сваім абедзвюм радзімам, застаўся практычна без сродкаў для існавання і назаўсёды зарокся ад занятку палітыкай.
Усё гэта ён: сумленны, прынцыповы, неадназначны, супярэчлівы, нязручны і няўступлівы Ян Ціхановіч.
Дзіўна, аднак у краіне, грамадзянінам якой ён з’яўляецца, аб ім стараюцца не ўспамінаць. А на малой радзіме яго імя да гэтага часу застаецца невядомым.
Магчыма прычыны гэткай несправядлівасці стануць больш зразумелымі пасля гісторыі жыцця, расказанай ад першай асобы самім Янам Станіслававічам? Яму сапраўды ёсць што ўспомніць і аб чым распавесці…
Аб сабе
— Нарадзіўся я ў Варнянах. Таму духоўна заўсёды быў звязаны з Беларуссю. А гістарычна наша сям’я мела цесную сувязь з Вільнюсам. Карані нашых продкаў, Ціхановічаў, з беларуска-літоўскага памежжа, так званай “чорнай Русі”.
У свой час мае продкі былі даволі багатымі людзьмі. Будавалі касцёлы і нават з’яўляліся фундатарамі некаторых будынкаў Віленскага ўніверсітэта. З нашай сям’і, дарэчы, выйшлі два каталіцкія біскупы.
Геаграфічны фактар моцна паўплываў на нашу сям’ю, якая існавала ва ўмовах арганічнага спалучэння беларускай, польскай і літоўскай культур. Яно вяло да духоўнага ўзбагачэння яе членаў і ў многім паўплывала на маю далейшую дзейнасць.
Мне хапіла сіл, каб напісаць і выдаць 41 кнігу. Яны выходзілі ў сямі краінах.
Дзве кнігі тычацца гісторыі навейшай нямецкай філасофіі і выйшлі ў Пермскім універсітэце Расіі.
Шмат кніг выдадзена ў Польшчы. Адна – у Канадзе. Каля пяці – у ЗША. Іх тэма — генеалогія, гісторыя Вялікага Княства Літоўскага. У гэтым напрамку некалі плённа супрацоўнічаў з выдатнейшым еўрапейскім навукоўцам Адамам Мальдзісам.
Убачыў свет і два разы перавыдаваўся ў Нью-Йорку самы вялікі з існуючых нямецка-польскі фразеалагічны слоўнік. Чатыры кнігі прысвечаны германістыцы.
З’яўляюся аўтарам шасцітомнага выдання “Рыцарскія роды ВКЛ”, над якім, дарэчы, працаваў адзін.
У двухтомніку “Руска-польскі гербоўнік” прасачыў лёсы дваранскіх родаў Расійскай імперыі, якія вядуць паходжанне з ВКЛ і каралеўства Польскага.
Аўтар “Філасофіі каталіцызма”…
Мяне часта пытаюць: “Як ты паспеў усё гэта напісаць?! Колькі гадзін у суткі на гэта ішло?” А я і не ведаю, што адказаць! Іншым разам гляджу на паліцу са сваімі кнігамі – і сам здзіўляюся, як на ўсё хапіла сіл і часу. Я ж не сядзеў за сталом і не займаўся толькі пісаннем кніг. Працаваў, выкладаў ва ўніверсітэце, выхаваў разам з жонкай траіх дзяцей: сына і дзвюх дачок.
А ўвогуле я закончыў Мінскі інстытут замежных моў. Некаторы час працаваў перакладчыкам у Акадэміі навук БССР. Але лічу сябе найперш навукоўцам, для якога важней за ўсё знайсці праўду і перадаць яе людзям.
Аб палітыцы
— Гэта быў канец 1980-х гадоў. У той час я жыў і працаваў у Літве, часта друкаваўся ў рэспубліканскай, у тым ліку польскамоўнай, прэсе.
Артыкулы мае тычыліся пераважна гісторыі культуры. У іх я падкрэсліваў шматкультурнасць Вялікага княства Літоўскага, якое з’яўлялася агульнай дзяржавай літоўцаў, беларусаў і рускіх. Мае публікацыі карысталіся папулярнасцю. Дзякуючы ім я быў дастаткова вядомым як публіцыст, эсэіст, які піша цікавыя рэчы.
У 1989 годзе мне патэлефанаваў знаёмы настаўнік з польскамоўнай школы і паведаміў, што педагогі гэтай школы збіраюцца вылучыць мяне кандыдатам у народныя дэпутаты СССР. Паколькі я, на іх думку, перакананы інтэрнацыяналіст, а мае публікацыі знаходзяць водгук і ў палякаў, і ў беларусаў, і ў яўрэяў, і ў рускіх… Таму, маўляў, нацыянальныя меншасці на выбарах мяне абавязкова падтрымаюць.
Канешне, напачатку ад такой прапановы я катэгарычна адмовіўся. Які з мяне палітык?! Я выкладчык! У той час ужо працаваў у Вільнюсскім педагагічным інстытуце, выкладаў гісторыю філасофіі і ні аб якой палітыцы нават не задумваўся! Але сябры настойвалі – і ўрэшце мусіў даць згоду.
На выбарах атрымаў пераканаўчую перамогу. Хоць сапернікамі маімі былі ажно 6 чалавек, сярод якіх – прэзідэнт Акадэміі навук і генеральны сакратар папулярнага ў 80-я гады “Саюдзіса”.
Так нечакана я стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.
Канешне, праца ў складзе дэпутацкай фракцыі Літоўскай ССР, мажліва, самай радыкальна настроенай і нацыяналістычнай з усяго дэпутацкага корпусу, была вельмі няпростай. Сярод дэпутатаў ад Літвы аказаліся толькі два палякі: я — беларускі, і яшчэ адзін – літоўскі. Не варта і гаварыць, што са сваімі спробамі звярнуць увагу дэпутатаў на становішча нацыянальных меншасцяў – не толькі ў Літве, а і ў іншых рэспубліках СССР – мы ўнутры фракцыі аказаліся ў меншасці.
Літоўцы катэгарычна не ўспрымалі нашы прапановы і рабілі ўсё, каб не дапусціць нас на трыбуну з’езда народных дэпутатаў, не даць слова. Прычым шчыравалі ў гэтым як камуніст Бразаўскас, так і нацыяналіст Ландсбергіс. Аднак час ад часу ўдавалася пераадолець і гэта супраціўленне.
Дарэчы, пытанне гэтае ў СССР так і не было вырашана. Не вырашана яно і сёння. У тым ліку ў Літве, дзе апошнім часам назіраецца вельмі вострае процістаянне паміж літоўцамі і польскай нацыянальнай меншасцю.
Мы ж гэтую праблему бачылі яшчэ тады і проста намагаліся яе абазначыць. Дэмакратычным шляхам, без істэрык і экстрэмізму.
Аб распадзе СССР
— Савецкі Саюз “дэманціравалі” зверху. Здзейсніла гэта ліберальнае крыло палітбюро.
Без усялякіх сумненняў, удзельнічалі ў развале ўласнай дзяржавы генералы тагачаснага КДБ. Узрушаючая, проста невытлумачальная з’ява – інстытут, які прызваны ахоўваць дзяржаву, знішчае яе! Усё гэта адбывалася на маіх вачах!
Матыў? Паглядзіце, хто сёння ў ліку мільянераў, мільярдэраў?! Гэта ўсё члены сямей тых, хто ўдзельнічаў у дэмантажы СССР! Разрабавалі нацыянальны набытак і разам з тым захавалі поўную палітычную ўладу. І ў Расійскай Федэрацыі, і ў многіх іншых рэспубліках былога Саюза.
Як член парламента і проста сумленны грамадзянін сваёй дзяржавы, я не ўяўляў сябе ў ролі яе разбуральніка. Разам з тым хачу заўважыць, што ад членаў парламента ўвогуле нічога не залежала! Гаспадарамі становічша і тады, і зараз былі спецслужбы. Цераз ангажыраваных журналістаў, палітыкаў, навукоўцаў, свяшчэннікаў яны ажыццяўлялі і ажыццяўляюць сваю дзейнасць.
Безумоўна, Савецкі Саюз меў патрэбу ў рэформах. Грамадства неабходна было дэмакратызаваць, правесці эканамічныя і палітычныя рэформы, каб людзі жылі годна, свабодна, не баяліся гаварыць і адначасова мірна і ў згодзе жылі адзін з адным.
А што атрымалася ў выніку?
Мільёны людзей былі выкінуты са сваіх дамоў. Мяркую, што не менш мільёна загінула ў міжнацыянальных канфліктах.
Можа, нехта будзе са мной не згодзен, але я гэта бачу так. Ніякой ідэйнай асновы ў разбурэнні СССР не было.
Паглядзіце, як сёння паводзяць сябе тыя людзі, якія гаварылі, што яны дэмакраты, што яны ўсё робяць для народа? Гэта злачынцы – злодзеі і бандыты. Пераапранутыя, так бы мовіць, у дэмакратаў.
Балюча і прыкра, але гэта адзіны выпадак у свеце, калі вялікая дзяржава свядома знішчыла сама сябе. Прычым знішчэнне гэтае праводзіла сіламі, якія павінны былі па закону, па сутнасці сваёй абараняць дзяржаву!
Аб безвыходнасці
– У пачатку 1990 года я вырашыў пайсці з палітыкі – не мог спакойна глядзець на той жах, што наўкол адбываўся. Думаў, вярнуся да працы ва ўніверсітэце, і ўсё будзе добра.
На справе ўсё аказалася не так проста…
Спачатку мяне звольнінілі з працы. Перад тым арганізавалі ў педінстытудзе, дзе я працаваў, сапраўдную кампанію супраць мяне.
Прыходжу, да прыкладу, на лекцыю, а студэнтаў няма. Аказваецца, раніцай дэкан унёс у расклад змяненні – і мая лекцыя ўжо прайшла 3 гадзіны назад. Мне — вымову за спазненне. Далей – болей. Падчас зімняй сесіі падышлі ў слязах дзве студэнткі, гавораць: “Нам загадалі напісаць, што вы на лекцыях займаецеся антылітоўскай прапагандай. Мы адказалі, што вы толькі выкладаеце гісторыю філасофіі, а нам сказалі, што тады мы ўвогуле сесію не здадзім”.
Я паглядзеў, як здзекуюцца над дзецьмі, і напісаў заяву “па ўласнаму жаданню”. Дапісаўшы, што не жадаю, каб з-за мяне праследавалі студэнтаў.
Тады здавалася, што працу знайду без праблем. Аднак усё аказалася інакш. Куды ні прыходзіў: “Не! Не! Не!...”
Я застаўся без работы. Роспач. Гэта быў 1991 год. Нават тым, хто працаваў, цяжка было, а ўжо беспрацоўным…
Жонка кажа: “Паслухай, мы ж з Беларусі. Едзем туды!”.
Я паехаў у Мінск. У педінстытут – адмова. У родным інстытуце замежных моў – адмова. У інстытуце філасофіі і права – адмова. У Гродна паехаў ва ўніверсітэт – адмова.
А жыць жа на нешта трэба! Дачка заканчвала школу, сынок адзінаццацігадовы падрастаў, бацькі старэнькія ў Варнянах мелі патрэбу ў дапамозе. А тут яшчэ і мяжу закрылі…
Нават на хлеб грошай не было. Жонка пайшла шлюбныя пярсцёнкі прадаваць. Вярнулася ў слязах – прапанавалі такую цану, што дзешавей выкінуць.
Яна ў мяне настаўніцай працавала. Дык з-за мяне і ў яе на рабоце пачаліся непрыемнасці.
Усе сябры і знаёмыя тады ад мяне адвярнуліся! Калі прыходзіць бяда – няма сяброў!
У мяне нядрэнная бібліятэка была. Многія кнігі прыйшлося прадаць. Вось так неяк і трымаліся.
І за што так са мной?! Я ніколі не рабіў людзям злога, не выступаў супраць Літвы… Проста лічыў і гаварыў аб тым, што трэба паважаць усіх людзей, незалежна ад іх нацыянальнасці, поглядаў, перакананняў, веравызнання. Усе людзі – дзеці Госпада. Раз Бог нас сатварыў, значыць, да ўсіх павінна быць аднолькавая павага.
І вось гэта мяне згубіла. Трэба было пераходзіць на бок нацыяналістаў, шавіністаў. Травіць, прыніжаць іншых – і тады б, мажліва, усе было добра.
Два гады ўсё гэта цягнулася. Два гады беспрацоўя і безвыходнасці. Скажу шчыра – нават думкі аб самагубстве былі. Калі б не маленькія дзеці ды старэнькія бацькі…
А потым здарылася знакавая для майго лёсу сустрэча з прафесарам з Польшчы, які запрасіў мяне на працу ў вышэйшую педагагічную школу ў горад Быдгошч.
Я там працаваў адзін год. Затым пераехаў у Гжэшув, дзе і працую вось ужо 17 гадоў. Выкладаю нямецкую мову і гісторыю філасофіі.
З’яўляюся грамадзянінам Літвы, а працую ў Польшчы. У Літве я па ранейшаму нікому не патрэбен…
Ці шкадаваў аб тым, што пайшоў у палітыку? Шкадаваў, і не аднойчы. Справа ў тым, што я занадта самаахвярны. Аб сабе зусім не думаў. Усё намагаўся адным дапамагчы, другім… І ўсюды “лез на ражон”. Прычым не за ўласныя інтарэсы, а за іншых людзей. І гэтыя людзі потым “адплацілі” спаўна самым подлым чынам…
Аб Захадзе
– Вера ў свабоду на Захадзе — альбо наіўнасць, меркаванне людзей, якія не ведаюць рэальнай сітуацыі, альбо крывадушнасць. Я маю права гэта гаварыць, таму што многае зведаў на сабе асабіста.
Калі я першы раз прыехаў у ЗША, сустракаўся там з кангрэсменамі, журналістамі, палітыкамі і захоплена гаварыў аб іх дэмакратыі — яны з мяне адкрыта смяяліся!
У нас, ва Усходняй Еўропе ідэалізаванае ўяўленне аб Захадзе. У тым ліку і аб тамтэйшай свабодзе. Там такія ж дзяржавы, як і нашы! У іх ёсць добрае, але ёсць і дрэннае. Таму ніякіх ілюзій адносна так званых заходніх дэмакратый у мяне даўно няма.
Аб Беларусі
– Я пісаў неаднойчы аб Хрыстовай — не хрысціянскай нават, а Хрыстовай – цярплівасці Беларусі, якая спакойна зносіць тую найвялікшую несправядлівасць, якая сёння чыніцца ў адносінах да Беларусі.
Да вашай краіны ў мяне абсалютна адназначны погляд. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка – гэта патрыёт свайго народа і сваёй дзяржавы. Ён не аддае “за так” нацыянальныя багацці – і тым здабыў сабе нямала нядобразычліўцаў як на Захадзе, так і на Усходзе.
У вас моцныя прамысловыя прадпрыемствы, выдатная сельская гаспадарка. Таму многія мільярдэры намагаюцца гэта займець. Вось у гэтым і ўся ваша бяда! Калі б прэзідэнт Беларусі зараз сказаў: “Прыязджайце, забірайце нашы багацці, бярыце ўсё, што жадаеце!” – ён бы зараз жа стаў дэмакратам і знайшоў бы прызнанне на Захадзе.
Для мяне ўсё гэта вельмі зразумела. Беларусь, яе народ і дзяржава, захоўваюць свой гонар. У сапраўднасці абараняюць сваю незалежнасць! І ад Усходу, і ад Захаду. Вось адсюль уся антыбеларуская істэрыя!
Саакашвілі расстрэльвае мірную дэманстрацыю – дзесяткі забітых, дзесяткі параненых. Але ён – дэмакрат. Таму што ён – адданы Захаду чалавек.
А вас, годных і незалежных, будуць і далей ачарняць, аплёўваць.
Што да ўспрымання Беларусі звычайнымі палякамі, літоўцамі, то іх адносіны да вашай краіны выразна адрозніваюцца ад пазіцыі афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі. Ды і яны не ўсе аднолькавыя і не ўсе вядуць агалцелую антыбеларускую прапаганду. Скажу прама: большасць польскіх і літоўскіх газет куплены замежным, пераважна нямецкім, капіталам. Якую кропку погляду пасля гэтага яны будуць адлюстроўваць, можна не гаварыць. Аднак шэраг нацыянальных польскіх выданняў з выключнай павагай адносяцца да Беларусі і вашага прэзідэнта, якога лічаць патрыётам, які цвёрда адстойвае незалежнасць, змагаецца за свой народ і сваю краіну. Гэта сапраўды так! І гэта нават не мой, а іх, нацыянальных польскіх журналістаў, пункт погляду. Нашы ўлады, на іх думку, даўно ўсё прадалі, а Беларусь адстойвае ўласныя інтарэсы.
Такія ж адносіны да Беларусі з боку простых палякаў – самыя лепшыя! Дарэчы, гэткія ж, зусім не варожыя адносіны, і да Расіі.
У кожнага з нашых народаў свая спецыфіка, свая псіхалогія, менталітэт, некалькі адрозная афарбоўка маральных каштоўнасцяў… Аднак разам з тым мы вельмі блізкія народы і самой гісторыяй нам накананвана жыць у міры і згодзе.
Эдуард СВІРЫД.