Экспазіцыя «Дом Казіміра Сваяка» адкрылася ў Баранях

07:41 / 06.10.2010
2

Кананізацыі будучага благаславёнага папярэднічае збор фактаў, якія пацвярджаюць, што яго імем здзяйсняюцца цуды. Нямала па-добраму дзіўнага звязана і з імем кс. Канстанціна Стэповіча (Казіміра Сваяка), аб беатыфікацыі якога прафесар Адам Мальдзіс размаўляў падчас візіту ў Ватыкан са Святым Айцом Янам Паўлам ІІ. Адно з такіх цудаў здарылася ў мінулую суботу – у Баранях, роднай вёсачцы святара-паэта адкрылася экспазіцыя “Дом Казіміра Сваяка”. Яшчэ два-тры гады назад пра гэта можна было толькі марыць…



ПРАДСЛОЎЕ

Адкрыццю экспазіцыі папярэднічала вялізная работа: рэстаўрыравалі не толькі сядзібу Стэповічаў – па сутнасці, аднавілі ўсю вёску Барані. Крыніца грашовых выдаткаў – мясцовы бюджэт, а працавалі над ажыццяўленнем задуманага амаль усе прадпрыемствы раёна. На cавеце кіраўнікоў было прынята рашэнне, у адпаведнасці з якім кожная арганізацыя павінна была правесці ў Баранях суботнік. І пачалося… Два дні са сваім шчэпказдрабняльнікам чысцілі вуліцы вёскі працаўнікі ЖКГ, ДРБУ-159 рабіла падсыпку будучай аўтастаянкі і грэйдзіраванне дарогі, леснікі будавалі альтанку і выдзелілі штыкетнік для агароджы, прадстаўнікі сельгастэхнікі і саўгаса “Падольскі” займаліся дэмантажом старых фундаментаў, не засталіся па-за справай і работнікі аўтабазы, гаргазу, пошты, электрасувязі, кардоннай фабрыкі “Альхоўка”…
І ўсё ж асноўны цяжар лёг на плечы дзвюх устаноў: аддзела культуры райвыканкама (загадчык – Сяргей Лявонцьевіч Сяўко) і Падольскага сельскага Савета (старшыня – Рыгор Часлававіч Цэйка). Фронт работ яны паміж сабой падзялілі: культура ўзяла на сябе сядзібу Стэповічаў, сельсавет – непасрэдна вёску.

Старэйшыя людзі, мацаючы сцены стэповічаўскага дома, з веданнем справы кажуць: “З жалезнай сасны складзены. Таму і стаіць 100 год”. Але і “жалезную” за цэлае стагоддзе паспеў парадкам папсаваць усюдыісны шашаль. Таму былі выкліканы рэстаўратары, якія адшліфавалі бярвёны, як звонку, так і знутры дома і пакрылі іх спецыяльнай прапіткай. Усё астатняе ў доме і на панадворку зроблена рукамі саміх работнікаў культуры.
А на вясковай вуліцы тым часам шчыраваў сельсавет: было знесена 5 застаўшыхся без гаспадароў, лядашчых хат, выдалены хмызняк, праз усю вёску пастаўлена новая вельмі стыльная (і недарагая) агароджа…



УЛАСНА ДЗЕЙСТВА

Яно пачалося з чытальнай залы раённай бібліятэкі, дзе для прыезджых гасцей былі падрыхтаваны і кубак гарачай духмянай кавы, і яшчэ гарачэйшыя прывітальныя словы. Хаця галоўнага госця – прафесара Адама Мальдзіса можна прылічыць хутчэй да пазаштатных супрацоўнікаў бібліятэкі, з якой ён шмат гадоў падтрымлівае пастаянную і плённую сувязь. А вось укладальніца “Выбраных твораў” Казіміра Сваяка Ірына Багдановіч і дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка ў Астравецкай бібліятэцы ўпершыню. Зрэшты, на дэталёвае знаёмства часу няма – у 11.00 у касцёле святых Казьмы і Дам’яна пачынаецца імша памяці кс. Канстанціна Стэповіча.
Літургію праводзяць адразу тры ксяндзы: дэкан Астравецкага дэканату айцец Здзіслаў Пікула, яго намеснік, пробашч Астравецкага касцёла ксёндз Іосіф Багдзевіч і вікарый гэтага ж касцёла ксёндз Вячаслаў Матукевіч. На беларускай мове. А хіба ж можна было маліцца на іншай за чалавека, які “…наша слова, што было вясковым, што са святліц выкідвалася вон, – нібы букет шчымлівы васільковы – так урачыста вынес на амвон”? На беларускай мове гучыць і прывітальны ліст біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча, якім распачынаецца ўрачыстая служба.
Святло памінальнай знічкі з Астравецкага касцёла мы вязём туды, “…дзе натуру Беларуса” паэт палюбіў – у Клюшчаны. У касцёл святога Яўхіма, у светлых скляпеннях якога і сёння жыве рэха ягоных казанняў, брамка памятае цеплыню рук, а рыпучыя дрэвы старога парку – немудрагелістую песню ягонай скрыпачкі…
Мы сядаем у лаўкі і нейкі час проста слухаем звонкую цішыню драўлянага храма. А потым на сярэдзіну касцёла выходзіць прафесар Беластоцкага ўніверсітэта Гэлена Глагоўская, якая ў штотыднёвіку “Беларуская крыніца” за 1929 год знайшла артыкул пра тое, як у Клюшчанах святкаваліся 3-гадовыя ўгодкі смерці Казіміра Сваяка. З усіх канцоў Беларусі з’ехаліся тады людзі, каб ушанаваць памяць святара-паэта. Навакольныя вёскі прыйшлі, лічы, у поўным складзе. Больш за 600 чалавек маліліся за душу памерлага, урачыстую імшу правіў яго сябар, гарачы патрыёт Беларусі ксёндз Адам Станкевіч…
А сёння да нас далучыўся толькі адзін жыхар Клюшчан, прычым праваслаўнага веравызнання…
Затое Барані… У гэтай вёсцы (нездарма яна нарадзіла талент такой вышыні!) жывуць асаблівыя людзі – тыя, хто ўмее быць удзячным і радавацца. Ля хаты Стэповічаў сабраліся не толькі сённяшнія жыхары вёскі – прыехалі з гарадоў іх дзеці і ўнукі. Усе – прыгожыя, убраныя па-святочнаму. Гасцей яны сустрэлі песняй і шчырымі ўсмешкамі. Не пазнаць было і сам дом – намаганнямі рэстаўратараў ён памаладзеў, падбачэніўся неяк малайцавата, нібы і не адстаяў на гэтым месцы цэлае стагоддзе.
У сенцах яшчэ злёгку пахне фарбай, але яе перабівае іншы, як “Ойча наш”, знаёмы кожнаму беларусу пах… Так і ёсць: у хаце цепліцца печ, і ў яе палаючым, патрэскваючым вясёлымі вугольчыкамі ўлонні кіпіць-паруе галоўная наша страва – бульбачка ў лупінах!
Можа, ад цеплыні, якую выпраменьвае печ, але хутчэй за ўсё ад шчырасці, з якой арганізоўвалася гэтая экспазіцыя, толькі ўтульнасць у доме – нібы ў Божым вушку. Ложак, засцелены “перабіраным” дываном з бялюткімі, як снег, карункамі ўнізе, калаўрот, накрыты саматканым абрусам стол са свечкай і крыжыкам на ім – нібы тут нехта толькі што маліўся. Абразы на сценах. А яшчэ экспанаты – копіі дакументаў, перавыдадзеныя экзэмпляры кніг “Мая ліра”, “Голас душы”, “Дзея маёй мыслі…”, копіі фатаграфій Казіміра Сваяка, яго сям’і, сяброў…
Так, экспанатаў пакуль няшмат, і знешні выгляд дома (як некалькі разоў паўтарыў прафесар Мальдзіс) мог быць крыху больш набліжаны да арыгіналу, але самае галоўнае, што гэты Дом уратаваны, і цяпер 2 кастрычніка можна па праву лічыць другім днём яго нараджэння. А экспанаты з’явяцца – людзі, убачыўшы сур’ёзнасць і саліднасць экспазіцыі, з задавальненнем перададуць у дар экспазіцыі свае здабыткі, звязаныя з імем Казіміра Сваяка.
Адкрыццё сядзібы прайшло неяк на адной ноце – шчыра і пранікнёна. Патрэбныя, у самую “кропку” словы змагла знайсці вядучая імпрэзы Вольга Турубарава, яе настрой перадаўся і іншым выступоўцам, якія падыходзілі да мікрафона. У дар новастворанаму музею Адам Мальдзіс і Алег Драбышэўскі перадалі жывапісныя работы, рукадзельніца Ніна Мілаш падарыла сваю фларыстычную карціну “Маці свету”, Гэлена Глагоўская перадала некалькі арыгінальных фатаграфій Казіміра Сваяка, а Ірына Багдановіч – копіі дакументаў. Прывітальнае слова гасцям і жыхарам Бараняў выказаў прысутны на свяце старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч.
У гонар гэтага асенняга дня, які, па сутнасці, стаў яшчэ адной вельмі высокай прыступкай адроджанай памяці Астравеччыны, было вырашана на панадворку Стэповічаў пасадзіць малады дубок – сведку сённяшняй падзеі, якому прыродай суджана перажыць усіх прысутных на свяце, іх дзяцей, унукаў… Пачэснае права пасадзіць дрэўца выпала на долю В.В. Барташэвіча, загадчыка аддзела культуры С.Л. Сяўко, прафесара А.В. Мальдзіса, а таксама прадстаўнікоў сям’і Стэповічаў, якія прысутнічалі на свяце. Дубок распрастоўваў свае карані на новым месцы “прапіскі”, а над вёскай луналі пакладзеныя на музыку шчымлівыя коласаўскія радкі: “Мой родны кут!... К табе я ў думках залятаю, і там душою спачываю…” І прысутнасць светлай душы Казіміра Сваяка тут, у ягоным родным кутку, стала неаспрэчнай. Зрэшты, не толькі душы…
–Добры дзень, добрыя людзі! – на парозе дома стаяў… Канстанцін Стэповіч. – Запрашаю вас у госці да нас…
Ад блізкага падабенства хлопца, які граў ролю паэта, з Казімірам Сваяком літаральна перахоплівала дух – той малады, поўны надзей хлопчык, які больш за сто гадоў назад паехаў скараць Пецярбург, усміхаўся шматлікім гасцям радаснай усмешкай. Як Хрыстос, калі Яму крычалі Хасанну. Хаця і ведаў, што яго чакае: непамерная праца, пераследаванне, здрада, кашаль з крывёй…
Але недзе непадалёк запяяў певень, і насланнё знікла – на парозе стэповічаўскага дома стаяў артыст народнага тэатра раённага Дома культуры Аляксандр Сідарэнка, дзе дэманстравалася мелодрама
Сімвалічную стужку новай экспазіцыі пераразалі прафесар Адам Мальдзіс і старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч. Асвяціў яе пробашч Міхалішкаўскага касцёла святога Міхала ксёндз Анатоль Захарэўскі. А першую экскурсію па новаму музею правяла мясцовая краязнаўца Іаланта Валуевіч.
Далей быў пераезд у Падольскі Дом культуры, дзе сваімі звесткамі аб сям’і Стэповічаў, аб творчасці і лёсе Казіміра Сваяка, а таксама ўражаннямі ад свята падзяліліся прафесар Гэлена Глагоўская, навуковы супрацоўнік літаратурнага інстытута імя Янкі Купалы Ірына Багдановіч, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка, адзін з галоўных спонсараў выдання “Выбраных твораў” К. Сваяка Г. Забуга, праўнук Аляксандра Стэповіча (роднага брата Канстанціна), завяршыў абмеркаванне прафесар Адам Мальдзіс.
І хаця расповеды вучоных былі цікавымі і змястоўнымі, усё ж прысутныя ў зале раз-пораз кідалі нецярплівыя позіркі на сцэну – там вось-вось павінен быў распачацца спектакль “Янка Канцавы” па аднайменнай п’есе Казіміра Сваяка.

…Не кампліментаў дзеля… Дзеля шчырасці мушу прызнаць, што настолькі высокага мастацкага ўзроўню ад самадзейнага (няхай сабе і Народнага) драматычнага калектыву ніхто не чакаў. “Янка Канцавы” – цяжкая і для выканаўцаў, і для гледача п’еса. Падзей на сцэне амаль не адбываецца, маналог Янкі, можа, крыху занадта павучальны. Але самадзейная трупа сыграла гэта ўсё так, што глядзелася на адным дыханні. Не ігралі – жылі на сцэне Насця Клімашэўская, Насця Ляховіч, Вераніка Занько, Максім Валканоўскі, Аляксандр Стэх, Аляксандр Міцюль, Ядвіга Зорына, Юля Гаваноўская і Вадзім Мароз. Мастацкі рэжысёр і выканаўца ролі Бэрчыхі – Вольга Турубарава.
Кульмінацыйным момантам спектакля стаў яго фінал, калі самадзейныя артысты выйшлі на паклон і вынеслі з-за куліс партрэт Казіміра Сваяка, паставілі яго на авансцэне, а побач – запаленыя свечкі. Публіка апладзіравала трупе стоячы…



ПАСЛЯСЛОЎЕ

Заканчваецца год Сваяка. Зроблена вельмі шмат: названа яго імем вуліца райцэнтра, адкрыта экспазіцыя, выпушчаны ў свет “Выбраныя творы”, праведзены шматлікія літаратурныя конкурсы, адбыліся памінальныя службы ва ўсіх касцёлах Астравеччыны. У нашай раёнцы былі апублікаваны творы Сваяка, якія ніколі раней не друкаваліся. Адноўлены спіс “Хаўрусу Сваяка”, і ў газеце з’явіўся артыкул пра лёсы хаўруснікаў. Зроблена многае для таго, каб незаслужана забытае імя Казіміра Сваяка зноў засвяцілася на небасхіле сваёй радзімы. Каб прарочымі сталі словы рэдактара газеты “Беларуская крыніца”, якія ён даслаў ужо безнадзейна хвораму паэту: “За вашу глыбокую міласць да Беларусі Народ наш будзе вечна вам удзячны”.
Казімір Сваяк апярэдзіў свой час – ён горача любіў і вучыў любіць іншых краіну, якой у тыя часы дэ-факта не было, прынамсі, у нашых мясцінах. Сёння Беларусь ёсць – жыве і развіваецца. Толькі ў Астравецкім раёне падчас апошняга перапісу беларусамі сябе назвалі 85,6 працэнта агульнай колькасці жыхароў раёна. Без прымусу. Людзі проста адчуваюць сваю прыналежнасць да гэтай нацыянальнасці і смела яе выказваюць. Значыць, не дарэмна паклаў сваё палаючае любоўю сэрца на алтар адраджэння Беларусі наш таленавіты святар-паэт.


Ганна ЧАКУР.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.