Знакомьтесь: гордость Островецкого района Валентина Паршутович!
15:27 / 19.11.2016
1

Адкуль жа яна бярэ столькі душэўных і фізічных сіл на ўсіх і на ўсё? – здзівіцца дапытлівы чытач. З любові, якая не падзяляе людзей на сваіх і чужых, якая ахінае людзей і жывёл, якая нараджае ўсмешкі і дазваляе з удзячнасцю сустракаць кожны новы дзень.
Аператар машыннага даення МТФ “Дрэвянікі” СВК “Гудагай” Валянціна Іванаўна Паршутовіч, чый партрэт сёлета занесены на раённую Дошку гонару, упэўнена, што толькі любоў да свету, людзей, жывёлы робіць чалавека – Чалавекам.
Бестурботнае дзяцінства
Яна нарадзілася ў звычайнай сялянскай сям’і ў Кумпянах. Акрамя Валі, у бацькоў было яшчэ два сыны і дачка, якія, дарэчы, усе як адзін звязалі сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Мама Ядвіга Станіславаўна працавала даяркай на ферме “Смілгі”, а тата Іван Якубавіч летам пасвіў статак, а зімой быў падгоншчыкам. Раней ніхто не звяртаў увагі на дзяцей і не пытаўся, ці ёсць на каго іх пакінуць, – каровы ж не будуць стаяць не падоенымі! – таму маці часта брала дачушку Валю з сабой на ферму.
– Я выгадавалася на ферме, – з усмешкай успамінае сваё дзяцінства Валянціна Іванаўна. – Усіх кароў ведала не толькі па мянушцы, але і па характары. А як цікава было назіраць за рагулямі! Яны і крыўдзіцца ўмеюць, калі не першую паклічаш на дойку, і характар часам могуць паказаць, калі штосьці ім не спадабаецца. Былі ў мяне і любіміцы: употайкі ад мамы прыносіла ім тоўстыя лусты хлеба…
– У дзяцінстве ўсё ўспрымаецца значна прасцей, чым у дарослым жыцці, – жанчына задумваецца. – Гэта зараз я разумею, як мама цяжка працавала. Пакуль я, бегаючы па кароўніку, лічыла рагуль, мама і іншыя даяркі – а на той час на ферме “Смілгі” іх было восем – працавалі. Кожная даярка мела па два праходы.
Квецень юнацтва
Пасля заканчэння 9 класа Алясінскай школы Валянціна паступіла ў Свірскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча на швачку-матарыстку і на працягу трох гадоў спазнавала прамудрасці гэтай прафесіі. З дыпломам у руках яна вярнулася на Астравеччыну і ўладкавалася працаваць па спецыяльнасці ў Дом бытавога абслугоўвання насельніцтва. Пазней перайшла на пошту.
– Калега, з якой працавалі паштальёнамі, пазвала з сабой у Індрубку на выпускны да сына, – успамінае Валянціна Іванаўна. – Там я і пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Часам задумваюся, што гэта: выпадковасць ці заканамернасць? А калі б я адмовілася, ці сустрэліся б мы тады з Юрыем?
У 1998 годзе яны пабраліся шлюбам і сталі жыць з Валінымі бацькамі. Разам з Юрам працавалі на ферме і пеставалі адну мару на дваіх – уласнае жыллё. Хтосьці параіў маладым уладкавацца на ферму ў Дрэвяніках – маўляў, і жыллё адразу дадуць. Спагадлівы дарадца не падмануў: Паршутовічам паабяцалі выдзеліць калгасны домік пры ўмове, што муж і жонка будуць добрасумленна працаваць на ферме… Так і сталася.
Працоўнае жыццё
Праз некаторы час Валянціну “павысілі” да аператара машыннага даення.
– Зараз у маёй групе 60 кароў, дваццаць з якіх – у запуску. Летам, вядома, больш малака. Адна карова з маёй групы ў сярэднім дае 13,5 кілаграма малака. А бывала, і больш за 20 кілаграмаў ад каровы атрымлівала, – расказвае Валянціна Іванаўна. – У адрозненні ад комплексаў, дзе аператары машыннага даення заняты выключна дойкай, на маленькіх фермах, як наша, мы яшчэ і цялят даглядаем. Зараз я адказваю за чатырох малышоў – але ў снежні чакаецца 9 ацёлаў, у студзені 10 каровак павінны ацяліцца… Найбольш прыплоду было ў мінулым годзе: ажно 25 бычкоў і цялушак.
Зараз на МТФ “Дрэвянікі” працуюць пяць даярак, адна з якіх – падменная. На ферме жанчыны з‘яўляюцца каля 7 гадзін раніцы: спачатку чысцяць прафілакторый і пояць цялят, а пасля пачынаецца дойка. У раскладзе рагуль на дзень з 10.30 да 12.30 значыцца прагулка. А другая дойка пачынаецца ў 6 гадзін вечара.
– Зараз вельмі строгія патрабаванні да малака, якое пастаўляецца на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Хочацца, каб яно было вышэйшага гатунку, каб каровы не хварэлі, – расказвае даярка. – Надоі, безумоўна, залежаць ад кармоў, але клопату за жывёлай яшчэ ніхто не адмяняў: і выяўленне мастытаў, і вызначэнне кароў “у ахвоце” ў многім залежаць ад даяркі.
Сямейнае шчасце
Дочкі Валянціны, гэтаксама, як і яна, гадаваліся, што называецца, на ферме.
– І ў дождж, і ў мароз бралі з мужам дачушак з сабой на ферму – не пакінеш жа адных. Затое якія працавітыя выраслі! – з пяшчотай у голасе расказвае Валянціна Іванаўна. – Старэйшая Маргарыта на наступны год будзе паступаць, а малодшая Алеся вучыцца ў 6 класе Гудагайскай сярэдняй школы. Хочацца, каб дачушкі былі здаровымі, атрымалі вышэйшую адукацыю…
– Але як Бог дасць, так і будзе, – працягвае жанчына. – Разам з мужам Юрыем, які працуе жывёлаводам на МТФ “Дрэвянікі”, трымаем бычка, свіней. А як жа на вёсцы без гаспадаркі? Гэта зімой лягчэй – можна дазволіць сабе ў абед кубачак кавы, а летам клопатаў хапае: агарод, ягады, грыбы… Здаецца толькі нядаўна пераехалі ў Дрэвянікі, а ўжо пяць гадоў мінула.
Для шчасця жанчыны больш нічога не трэба, акрамя ўтульнага дома, сям’і і любімай работы. У вольныя хвіліны, якія выдаюцца паміж дойкамі, аператар машыннага даення МТФ “Дрэвянікі” Валянціна Іванаўна Паршутовіч ловіць сябе на думцы, што ўсё ў яе жыцці склалася яшчэ лепш, чым некалі марылася. А інакш і не магло быць, бо ўсё ў жыцці жанчыны пачаналася з любові.
Алена ГАНУЛІЧ.