Знаёмцеся: сацыяльны работнік Алена Рабянок
10:00 / 06.01.2025
Аднойчы Алена Рабянок вырашыла кардынальна змяніць працоўную сферу – стала сацыяльным работнікам. І на новым месцы яна знайшла сваё прызванне.
Алена Францаўна можа бясконца расказваць пра падапечных: хто кім працаваў, чым захапляюцца, якімі былі ў маладосці – любяць пажылыя людзі пагаварыць пра жыццё-быццё.
– Пагутарыць – гэта абавязкова! – пацвярджае сацыяльны работнік. – Здаецца, слухаў бы і слухаў – так цікава расказваюць. Як раней было, чым вёскі нашы жылі, як людзі працавалі і адпачывалі – ой, усяго і не перакажаш. І што галоўнае: часам сутнасць паўтараецца, але так распавядаюць, што кожны раз гучыць па-новаму. Люблю паслухаць пра даўнейшае. Цяпер шмат вынаходніцтваў, нанатэхналогіі… А пачуеш пра былое – і разумееш, якія ў той час таксама мудрыя і знаходлівыя людзі былі, чаго дасягалі і як, здавалася б, з безвыхадных сітуацый выкручваліся. На мой погляд, варта ў іх павучыцца.
На сёння ў Алены Францаўны 10 падапечных: двое з іх, як і сама жанчына, жывуць у Страчанцы, васьмёра – у Вялікай Страчы. Адлегласць паміж населенымі пунктамі – больш за 4 кіламетры. І добра яшчэ калі надвор’е спрыяльнае, то можна і на веласіпедзе пракаціцца – хутка і для здароўя карысна. А вось у непагадзь і халодную пару года сацыяльнаму работніку даводзіцца няпроста.
– Зімой дабірацца праблематычна, – згаджаецца жанчына. – Таму мне ў гэты час, з аднаго боку, і хочацца снега – навагоднія святы ўсё ж, а з іншага – па голым асфальце ехаць нашмат лягчэй. Дарэчы, веласіпед наша аддзяленне выдзеліла – лічу, добрае падспор’е для сацыяльных работнікаў.
Алена Францаўна і цяпер з цеплынёй успамінае пачатак працоўнай дзейнасці ў якасці сацработніка. Спачатку падапечных было 5. Паколькі яны жылі ў адной ці суседняй вёсцы, усіх добра ведала, таму ніякіх нязручнасцей не ўзнікла. Але аднойчы жанчыне патэлефанавала яе куратар з аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму і сказала, што дачка адной з бабуль, што жыве на хутары непадалёк Вялікай Страчы, шукае для маці сацыяльнага работніка.
– Я не ведала, што гэта за чалавек, – успамінае субяседніца. – Такое было ўпершыню, таму і зараз памятаю, як хвалявалася і нават крыху пабойвалася, калі пераступала парог хаты. Новая падапечная спачатку да мяне прыглядалася і ў размовы па душах не кідалася. Але аказалася вельмі цікавым чалавекам.
Мне падабаецца яе прамалінейнасць. Там няма ніякіх падводных камянёў – гаворыць, як ёсць. У нас склаліся настолькі добрыя адносіны, што яна мяне нават дачкой называе. А гэта, лічу, дарагога каштуе!
Сваіх падапечных Алена Францаўна наведвае ў залежнасці ад групы здароўя. Адным хапае і двух разоў на тыдзень, другім трэба больш. Дарэчы, жанчына прызналася, што ўжо даўно не пытае, што каму зрабіць ці дзе ўзяць тыя ж вядро з анучай падлогу памыць, – усё ведае сама.
А на святы ці дні нараджэння страчанкаўскі сацработнік стараецца парадаваць падапечных сюрпрызам. Звычайна гэта сувенір, зроблены сваімі рукамі: кампазіцыя на стол, кошык з кветкамі, спечаны пірог ці торт. Ды і сама ніколі не застаецца без увагі. Напрыклад, у мінулым годзе яе бабулі і дзядулі павіншавалі праз «Астравецкую праўду».
– Было прыемна, – прызнаецца Алена Францаўна. – Гэтыя людзі даўно сталі для мяне роднымі. Ды і як па-іншаму, калі столькі часу праводзім разам, дзелімся, так бы мовіць, і радаснымі, і сумнымі навінамі. За амаль 3 гады, што працую, ні разу не пашкадавала, што рашылася змяніць дзейнасць. Мне падабаецца, адчуваю аддачу за сваю працу. А ўжо пра наша кіраўніцтва – гэта наогул асобная размова. У які б час ні зайшоў у тэрытарыяльны цэнтр, у чый кабінет ні завітаў – усюды рады цябе бачыць, усе ветлівыя, стараюцца дапамагчы. Спачатку нават неяк няёмка было. А дырэктар, Святлана Казіміраўна! Гэта ж такі сонечны добразычлівы чалавек! Ідзеш па калідоры, яна першая з табой вітаецца, усміхаецца і пра справы пытае. У такія моманты думаю: чаму раней не прыйшла сюды працаваць?! (Смяецца.)
Дарэчы, хоць Алена Францаўна ў сферы сацыяльнай дапамогі працуе не так даўно, яна хутка заслужыла давер кіраўніцтва і павагу калег. Значыць, сапраўды знайшла сваё прызванне.
Апытанне ў тэму
– Самае складанае ў рабоце?
– Маральны аспект: калі бачыш, што падапечнаму цяжка, а дапамагчы не можаш. З узростам з’яўляюцца розныя балячкі, якія не вылечыш лекамі, хіба суцішыш крыху боль. І калі назіраю, як чалавек сядзіць, а ісці не можа або з ціхім стогнам пацірае нагу, руку, бок, бо трываць моўчкі невыносна – на душы коткі скрабуць, што нічога не можаш зрабіць для палёгкі, нават не ведаеш, што і сказаць.
– А што самае прыемнае?
– Калі людзі ўсміхаюцца. А яшчэ – адчуваць іх давер і ўдзячнасць. У такія моманты разумею, што займаюся патрэбнай справай. І гэта цудоўнае пачуццё.
– Калі б не сацыяльны работнік, кім хацелі б працаваць?
– Лічу, лёс прыводзіць нас туды, дзе мы павінны быць. У дзяцінстве марыла стаць парыкмахерам, але баялася, што не здам хімію, таму паступіла на прадаўца. Аднак і цяпер прычоскі якія хочаш зраблю. (Усміхаецца.)