50 лет после школы: кемелишковские выпускники приехали на родину
13:00 / 07.06.2025
Пра традыцыі такіх спатканняў карэспандэнту расказала колішняя вучаніца Людміла Валынец.
– Вучыліся ў мясцовай школе, 2 класы ў паралелі, было дзесьці па 20-23 чалавекі ў кожным. Раз’ехаліся хто куды: амаль палова нашых жыве ў Літве і мясцовых хапае – Кемелішкі, Падольцы, Рытань, Смаргонь, Вілейка, – расказвае жанчына.
Ніякія кіламетры для школьных сяброў не перашкода: злятаюцца, бы птушаняты, у роднае гняздо, каб убачыцца, пагаварыць, узгадаць дзіцячыя гады.
Людміла Іванаўна гаворыць, што сустрэча школьных сяброў пачынаецца з імшы ў касцёле за памерлых настаўнікаў і аднакласнікаў, а таксама за здароўе жывых.
– Праграму сабе ладзім. На 40-гадовы юбілей і званок для нас звінеў, і гальштукі савецкія піянерскія былі. І цяпер душэўна пасядзелі, пераглядваючы школьныя фотаздымкі і ўзгадваючы ўсялякія смешныя выпадкі, як «партызаніць» хадзілі, у каго спісвалі… Прайшло столькі гадоў, а помнім, хто з кім сядзеў і за якой партай!
Ёсць у кемелішкаўскіх выпускнікоў і яшчэ адна завядзёнка: глядзець фільм пра сваю школу. Людміла Валынец аднавіла стужкавы запіс 1972 года.
– Праўда, сюжэт бязгучны, але гэта ніколькі не расстройвае: наклалі на сюжэт музыку і глядзім на вучняў нашых часоў, настаўнікаў, узгадваем імёны, прозвішчы, школьныя аўдыторыі – кранае да глыбіні душы, бо вяртае ў дзяцінства, – гаворыць Людміла.
Фота і відэа з архіва Л. ВАЛЫНЕЦ.