45 гадоў працуе на адным месцы майстар па рамонце гадзіннікаў Марыя Рацкевіч
11:00 / 12.02.2025
Але ў Марыі Антонаўны ў той час ужо быў капітал, які за грошы не купіш: майстэрства і добрае імя. Да таго ж яна была тады і застаецца да гэтага часу манапалістам у вузкай нават не нішы – шчыліне – гэтай паслугі ў нашым раёне.
Зрэшты, цяпер не толькі ў раёне. Майстроў па рамонце гадзіннікаў і ў рэспубліцы засталося няшмат. І многія з іх могуць толькі памяняць батарэйку, а механіка для іх – цёмны лес.
– Хоць цяпер і механічны гадзіннік бывае аднаразовы, – гаворыць майстар. – Здараецца, прыносяць людзі фірменны аксэсуар, набыты за немалыя грошы ў ювелірным магазіне, кажуць: «Упаў – і не працуе». Адкрываеш, а механізм пластыкавы, адламалася дэталь – і нічога не зробіш.
Хоць калі зрабіць нешта можна, Марыя Антонаўна прыкладзе ўсе намаганні, каб аднавіць механізм. Для яе гэта справа гонару. Нездарма да яе так любяць прыходзіць пажылыя са сваімі старадаўнімі хранометрамі. І яна любіць імі займацца. Калі ўдаецца ажывіць рарытэт і стрэлкі зноў пачынаюць адлічваць ход гісторыі – радуецца, нібы ў латарэю выйграла.
Гадзіннікі даўно перасталі быць прыкметай грамадскага статусу, цяпер яны – паўсядзённая і нават неабавязковая рэч. Многія імі не карыстаюцца, кажуць, што час і на мабільніку можна паглядзець. А калі хранометр сапсуецца, некаторым прасцей купіць новы, чым несці ў рамонт стары. Таму Марыя Рацкевіч цяпер займаецца не толькі рамонтам гадзіннікаў, яна асвоіла новыя паслугі: робіць дублікаты ключоў, устаўляе кнопкі, мяняе бегункі на замках-маланках і выконвае мноства іншых дробных і патрэбных людзям спраў. За цаной не стаіць, часта за нейкі дробны рамонт увогуле не бярэ грошай.
…Яна ўжо даўно на заслужаным адпачынку, але акенца ў майстэрні па рамонце гадзіннікаў на першым паверсе Дома быту па-ранейшаму адчынена.
– Пенсія ў мяне невялікая, пражыць на яе цяжка, – тлумачыць адну з прычын свайго прафесійнага даўгалецця Марыя Рацкевіч.
І дадае:
– Зрэшты, я б працавала, нават калі б яна вялікая была. А што дома рабіць? Муж памёр 11 гадоў таму, дачка дарослая, унукі выраслі… А тут я з людзьмі. Я ўсіх ведаю, мяне ўсе ведаюць… Пакуль паслугі мае запатрабаваны і здароўе дазваляе – чаму б і не?
Працуйце, Марыя Антонаўна! Бо да каго ж мы будзем насіць свае гадзіннікі, калі вы пакінеце сваю майстэрню?..