Встреча островецких школьников и воинов-интернационалистов
Напярэдадні дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у музеі гімназіі №1 прайшло ток-шоу “Адкрыты фармат”, арганізатарамі якога сталі загадчыца музея В.Т. Лябецкая і настаўніца гісторыі Н.Т. Мажэйка.
24 гады прайшло з таго часу, калі савецкія войскі былі выведзены з тэрыторыі Афганістана. Тым не менш боль і смутак тых гадоў назаўсёды засталіся ў памяці тых, каму выпаў шанц выканаць інтэрнацыянальны абавязак. Да гэтага часу баліць сэрца і ў тых, чые дзеці і браты не вярнуліся з той далёкай, чужой вайны.
На жаль, прыходзілі “цынкавыя труны” і на Астравеччыну. Назаўсёды засталіся маладымі ў памяці сваіх аднаслужыўцаў і родных Іосіф Канстовіч і Станіслаў Бялячыц.
Як аказалася, сённяшнія школьнікі шмат ведаюць пра чужую нам краіну. А ў тыя далёкія часы савецкія салдаты напачатку нават і не ведалі, куды яны трапілі.
Сёння на тэрыторыі нашага раёна пражываюць 73 воіны-афганцы. Двое з іх – Уладзімір Сяргеевіч Драган і Сяргей Станіслававіч Івашка – былі запрошаны на сустрэчу ў гімназію. Знамянальна, што ўдзел у “Адкрытым фармаце” прынялі школьнікі і іх класны кіраўнік з Расіі, а таксама старшыня Беларускага саюза афіцэраў Яўгеній Васільевіч Мікульчык і дырэктар СШ №67 горада Мінска Валянціна Пятроўна Дашкевіч.
Сваімі ўспамінамі падзяліліся са школьнікамі воіны-афганцы – Уладзімір Сяргеевіч Драган і Сяргей Станіслававіч Івашка, якія ведаюць пра Афганістан і тую страшную вайну не па чутках, ім давялося ўбачыць усё на свае вочы і з задзірыстых, вясёлых, бесклапотных рабят за некалькі гадзін стаць дарослымі. Старшыня Беларускага саюза афіцэраў Я.В. Мікульчык пра войны таксама ведае не па чутках. У гады Вялікай Айчыннай вайны ва ўзросце 11 гадоў ён стаў сувязным партызанскай брыгады, часта даводзілася яму трапляць пад абстрэлы фашыстаў, не раз ён быў на краі пагібелі. Але выжыў, каб служыць на карысць Радзімы. Яўгеній Васільевіч на сустрэчу ў гімназію прыехаў не з пустымі рукамі – у падарунак музею ён прывёз кнігу пра дзейнасць Беларускага саюза афіцэраў.
З падарункамі прыехала на сустрэчу да школьнікаў і дырэктар СШ №67 горада Мінска В.П. Дашкевіч. У гэтай мінскай школе ўжо шмат гадоў працуе музей, прысвечаны батальёну “Беларускіх арлят” – дзецям вайны. І таму ваенная тэма, якую абмяркоўвалі рабяты падчас мерапрыемства, ёй таксама не чужая.
Ксенія Канстовіч рассказала прысутным пра свайго дзядзьку Іосіфа Канстовіча – аднаго з тых жыхароў Астравеччыны, які не вярнуўся з афганскай вайны, і чыю памяць штогод ушаноўваюць не толькі яго сям’я, але і ўсе воіны-інтэрнацыяналісты, моладзь, актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Дарэчы, пра памяць і грамадзянскі абавязак гаварыла падчас мерапрыемства і выконваючая абавязкі першага сакратара раённага савета БРСМ А.П. Лазарава.
Увогуле ўспамінаць тыя страшныя гады балюча і цяжка, і вельмі часта іх проста хочацца забыць. Тым не менш іх трэба помніць, каб не дапусціць новых войнаў і бед.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.