Алена Качан успамінае свайго бацьку Аляксандра Урбановіча

Напярэдадні Дня бацькі хачу расказаць пра свайго тату Аляксандра Міхайлавіча Урбановіча.

Ён нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Валожынскім раёне. Маленькім застаўся без маці. Яго бацька працаваў старшынёй сельскага Савета. Ён рана застаўся ўдаўцом з трыма малымі сынамі на руках, мой тата – самы меншы. Неўзабаве бацька ажаніўся – цяжка мужчыне ў вёсцы аднаму несці такі груз. Нарадзілася яшчэ двое дзяцей. Мачыха, вядома ж, найперш любіла і шкадавала сваіх, чужыя ёй былі непатрэбны.

Калі пачалася вайна, таткаў бацька стаў сувязным партызанскага атрада. Але часта замест яго ў лес з рознымі заданнямі ішоў малодшы сын Сашка.

Пасля вайны мой тата вырашыў вучыцца на настаўніка, хоць было і голадна, і холадна. За міску супу і лусту хлеба дапамагаў удовам і салдаткам рабіць усю мужчынскую работу. Так і навучыўся ўсяму.

Пасля вучобы ў Ашмянскім педагагічным вучылішчы прыехаў працаваць у Багданаўскую сельскую школу на Валожыншчыне. Тут сустрэў свой лёс – маю маму Зінаіду Сяргееўну. Сваімі рукамі пабудаваў дом, змайстраваў мэблю – яго ложак, стол, табурэткі, тумбачка да гэтага часу стаяць у нашай роднай хаце.
Ніхто ніколі не бачыў тату п’яным. А я дык не памятаю, каб ён калі-небудзь сядзеў без справы: увесь час быў заняты, нешта рабіў.

48 гадоў ён працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Багданаўскай сельскай школе. Немагчыма палічыць, колькі вучняў за гэты час прайшлі праз яго рукі і сэрца. Аляксандра Міхайлавіча Урбановіча і сёння добрым словам успамінаюць у роднай вёсцы.

Бацькі пражылі разам 63 гады. Калі мамы не стала, я забрала 92-гадовага тату да сябе ў Астравец. Ён быў ужо вельмі слабы. Але ніколі ні на што не скардзіўся, увесь час паўтараў: «Усё добра… Дзякуй, дачушка».

Мінула паўтара гады, як таты няма. А мне яго і цяпер не хапае…

Алена КАЧАН, Астравец.