42 гады разносіла пошту Тарэса Вайцюль

Ёсць людзі – як сонца. Пастасуешся з імі – цяплей і святлей становіцца на душы. І хочацца далей несці гэта адчуванне і дзяліцца ім з іншымі.

З такіх – жыхарка Рымдзюн Тарэса Эдуардаўна Вайцюль. 85 гадоў жанчыне, і ногі ўжо дрэнна слухаюцца, і хваробы адольваюць. А вочы свецяцца маладым бляскам, і ўсмешка добрая-добрая. І людзі, калі яе паслухаць, усе харошыя – нібыта бог толькі такіх ёй на жыццёвым шляху і пасылаў…

Дзяцінства

Хоць зведаць ліха ёй давялося папоўніцы. Дзевяць гадкоў было Тарэсцы, калі з родаў памерла мама. Разгублены бацька застаўся з малой дачушкай і нованароджаным сынам на руках. А яшчэ – работа, гаспадарка… Паклікаў у нянькі старую бабулю – тая вытрымала толькі месяц. 

У зухаватай маладзіцы, што змя­ніла яе, усё ў руках гарэла – згарэла і дзіцятка, якое яна, па­купаўшы, пакінула голенькім «па­пыр­кацца». Немаўля засту­дзілася – і праз некалькі дзён яго не стала: медыцынскай дапа­могі тады, лічы, не было аніякай.

– Неўзабаве бацька ажаніўся, – успамінае Тарэса Эдуардаўна. – Мачыха перш была, як у казках… Не вельмі да мяне гарнулася. Малако толькі з-пад бляшанкі налівала (абястлушчанае – Н.Р.) Толькі калі сваіх дзяцей нарадзіла, нешта мацярынскае ў ёй абудзілася: падабрэла крыху…

Але скажу, забягаючы наперад: з гадамі не родныя дзеці, а падчарка Тарэса стала для «казачнай» мачыхі падтрымкай і апорай: менавіта яна дагля­дзела яе, нямоглую, да глыбокай старасці.

Дзяцінства было напаўга­лод­нае, напаўраздзетае. Добра, што бацька – майстар на ўсе рукі – мог усё зрабіць: і печ змураваць, і боты пашыць. А з рэшткаў скуры і дачушцы нешта на ногі стуліць, каб не босай у школу ў Гервяты хадзіла.

– Мамы вельмі не хапала, – змахвае запозненую сірочую слязу жанчына. – Вяртаемся з заняткаў, сяброўкі бягуць: «Мамка чакае! Мама бліноў напякла!» А мяне ніхто не чакае, не сустракае, не частуе… Плачу…

Пасля сямігодкі надумаліся яны з сяброўкай паступаць у Вільнюс. Прыехалі – па­смі­­хаюц­ца з іх гарадскія: «Дзя­рэўня!» Вядома: не тое адзенне, не той абутак, не тыя манеры…

– Каб удваіх прайшлі, то, можа, і засталася б. А то мяне пры­нялі, а ў каляжанкі даку­ментаў не хапіла. Адна не схацела заставацца ў чужым горадзе. Вярнуліся дахаты, – са шкадаваннем пра страчаную магчымасць атрымаць адукацыю і прафесію гаворыць Тарэса Эдуардаўна.

Паштальёнка

У сярэдзіне 50-х пошта – зрэшты, як амаль усе ўстановы на вёсцы – была ў калгасным пад­парадкаванні.

– Татка на кані малако з Рым­дзюн у Гервяты вазіў, – расказ­вае Тарэса Эдуардаўна. – Сустрэў яго старшыня калгаса і кажа: «Слухай, у цябе ж дзяў­чына граматная, школу закончыла. А ў нас паштальёнкі няма. Хай пошту носіць! Ты бу­дзеш прывозіць з Гервят на кані, а яна па вёсках разносіць».

На тым і пагадзіліся. Абход у юнай паштальёнкі быў вялікі – не толькі Рымдзюны, але і ўсе навакольныя вёскі. Зарплата, як і ва ўсіх калгаснікаў у той час, – працадні і ў канцы года: па­ру капеек ды паўмеха збожжа. Ды ў паляводстве не лягчэй. Перш думалася, можа, з цягам часу знойдзецца нешта лепшае. Але аказалася, што пошта – гэта на ўсё жыццё: 42 гады насіла на плячы вялікую сумку з газетамі і часопісамі Тарэса Эдуардаўна. 

Палягчэла, калі пошта ста­ла са­мастойнай і аддзяленне сувя­зі ад­крылі ў Рымдзюнах. Тады і паш­тальёнаў пабольшала. А калі яшчэ і службовы транспарт – веласіпед – выдзелілі, то ўжо і зусім добра.

– Так, сумка была цяжкая. Шмат выпісвалі газет і часопісаў: «Правду», «Известия», «Сельскую жизнь», «Работницу». З беларускіх – «Сельскую газету», «Работніцу і сялянку», «Гродзенскую праўду». А найбольш, вядома ж, раённую газету, яна амаль у кожны двор ішла. Людміла Дарафей, жонка старшыні калгаса, загадчыкам ФАПа працавала, дык яна ў кожную хату часопіс «Савецкі Чырвоны Крыж» выпісвала. А ён цяжэнны! За адзін раз усе нумары і не забярэш. А раней жа ўсё цераз пошту ішло – і пенсіі, і плацяжы. Калі наш начальнік аддзялення сувязі ішла ў водпуск ці ў дэкрэтны адпачынак – а ў яе чацвёра дзяцей – то я падмяняла. Штомесяц справаздачы складалі: колькі грашовых пераводаў, пасылак, тэлеграм, міжгародніх тэлефонных размоў. Жывёлу вяскоўцы здавалі – грошы ім праз пошту пераводзілі. Адказнасць вялікая. Часам ідзеш у суседнюю вёску праз лес, нясеш поўную сумку грошай – пенсіі трэба выплачваць. І не баялася нічога! Ды ніхто ніколі, дзякаваць богу, не паквапіўся. Адзін раз толькі з ласём спаткаліся на лясной дарозе, то я і спалохацца не паспела: ён сваёй дарогай пайшоў, а я – сваёй». 

– Мне падабалася мая работа, – усміхаецца жанчына. – Разно­сіш вечарам газеты, часо­пісы, паштоўкі перад святам, пісь­мы – радасць лю­дзям у хату. У кожнай вёсцы на лавачцы жанчынкі сядзяць. Каторы раз і ты прыся­дзеш, пагаворыш. Песні пяялі хораша! Цяпер, калі хто заспявае, скажуць, што п’яны. А тады ўсе спявалі. І танчылі. У клубе Ванда Кардзіс працавала, яна нас, маладых, сабрала і мы з літоўскімі песнямі і танцамі ездзілі выступаць. Перш – па вёсках, потым у Астравец. Нас заўважылі і ў Гродна адправілі, адтуль – ажно ў Мінск. Нават у Маскву запрашалі. Ды распаўся наш калектыў: каго ў армію забралі, хто замуж пайшоў. Ванда ў Смаргонь выехала…

Сям'я

Тарэса была адной з тых, з-за каго распаўся калектыў мастацкай самадзейнасці: яна таксама замуж выйшла.

– Калі па праўдзе, то не хацела ісці за свайго Івана, – прызнаецца жанчына. – Ён мне старым здаваўся: яму 27, а мне толькі 22. Я іншага кахала. У армію яго праводзіла. А тут Іван стаў заляцацца. Татку майму вельмі падабаўся: спакойны, кажа, разумны. А той з арміі яшчэ невядома ці вернецца да цябе. Паслухалася. Не дачакалася свайго салдаціка. Мусіць, такі лёс… Толькі ніколі не пашкадавала. Іван мой харошы быў. У калгасе кавалём працаваў. Паважалі яго ў гаспадарцы, цанілі, адзначалі за старанную працу. Выпіць каторы раз любіў, але не злоўжываў. А свякроўка дык і ўвогуле залатая! Нават калі што не так зраблю – ніколі слова дрэннага не скажа: усё добра. Да самай яе смерці жы­лі мы ў адной хаце і ні разу не пасварыліся. 

Пяцьдзясят гадоў пражылі Тарэса Эдуардаўна з Іванам Тамашавічам, ды 10 гадоў таму пакінуў ён сваю палавінку. Траіх дачок бацькі выгадавалі. Старанныя дзяўчаткі раслі, працавітыя. Пошту маці дапа­магалі разносіць, па гаспадарцы ўпраўляцца. Работы хапала: трымалі дзве каровы, каня, свіней, курэй – у вёсцы без гэтага раней было не пражыць. Затое ўсё сваё мелі – і мяса, і яйкі, і малако ды сыры-тварагі. І дзялкі Тарэсе давалі, як і ўсім. А як інакш? У вёсцы жывеш – павінен дапамагаць калгасу, калі хочаш, каб сенакос выдзелілі, саломы далі. 

– Тады ўсе так жылі, – паціс­кае плячамі Тарэса Эдуардаўна, калі нехта пачынае дзівіцца, як цяжка яны працавалі. – Я не хацела ісці на пенсію. Не магла зразумець: як можна выпраўляць на заслужаны адпачынак чалавека, калі ён яшчэ ў самай сіле? 

Яна і пасля выхаду на пенсію 6 гадоў яшчэ разносіла пошту, пакуль дзеці не сталі сварыцца: ну колькі можна, мама? А яшчэ ж і сацыяльным работнікам працавала 22 гады, нават пасля таго, як пошту пакінула. 

Напачатку прапанавалі: усё роўна ж ходзіш па вёсках, пенсію разносіш, то вазьмі пад апеку каго з нямоглых старых – хлеба ім прынясеш, цукру, вады ці дроўцаў у хату закінеш. Што за работа для вясковай жанчыны? Пагадзілася… Ды і паштальёнская сумка з цягам часу станавілася лягчэйшай: вёскі пусцелі, людзі сталі менш выпісваць газет, адпраўляць паштовак і пісьмаў.

Пад яе апеку аддалі восем адзінокіх старых. Даглядала іх як родных. Уночы, здаралася, тэлефанавалі, прасілі прыйсці даць таблетку ці проста пася­дзець побач, калі дрэнна стане. І ўдзень – незалежна ад графіка. Не адмаўляла ніколі – хатнія справы кідала, бегла: трэба ж дапамагчы! А калі на дзень нараджэння да яе прыйшла жанчына з суседняй вёскі з кветкамі, тортам і словамі падзякі за тое, што яе маму даглядала, як родная дачка, была ўзрушана да слёз. Кажуць, што людзі цяпер чэрствыя і дабра не помняць! Усё яны помняць – калі ёсць што помніць.

– Раней, вядома, цяжэй працаваць даводзілася, – успамінае былое мая суразмоўца. – А цяпер што ж? Толькі жыць ды жыццю радавацца… Ды здароўя ўжо няма.

Але Тарэса Эдуардаўна не за­цыкліваецца на сваіх хваробах. Штодня знаходзіць нагоду для радасці. Патэлефанавалі старэйшыя дочкі, Аня ці Марыйка, са свайго далёкага далёка, – радасць! Заехала малодшая, Валя, якая жыве ў Гервятах, – сонца ў акенца засвяціла. Пры­ехалі ўнукі – шчасце! Унучка Катрын, якая выйшла замуж за рымдзюнскага хлопца і змяні­ла месца жыхарства з Вільнюса на Астравец, цяпер частая госця: прыбраць, памыць, прыгатаваць – яе клопат. А для бабулі кожны яе прыезд – як глыток свежага паветра. І калі 15-гадовы праўнук Эдуард абяцае, што вырасце, вывучыцца, ку­піць машыну і ўсюды-усюды будзе вазіць бабулю, яна радуецца, хоць і разумее, што наўрад ці дачакаецца такога шчасця…

– Усё жыццё мне шэнціла на добрых людзей. Муж быў харошы, свякроўка залатая, суседзі – мо і ў свеце такіх людзей няма. Дочкі цудоўныя, унукі – іх сямёра – усе добрыя, чацвёра праўнукаў – радасць і пацеха. За ўсё Богу дзякую! – гаворыць Тарэса Эдуардаўна. 

Добраму чалавеку ўсюды доб­ра – казала мая аднавяскоўца. Так, сапраўды. Святло праганяе цемру. Цяпло саграе не толькі цела, але і душу. А дабрыня спараджае дабрыню...

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик, из архива героини