Путешествия на мотоцикле: Жодишки и водяная мельница

Гэта своеасаблівы стыль жыцця, калі ты, не паспела вясенняе сонейка раза­гнаць нізкія зімовыя хмаркі, пачынаеш «вастрыць лыжы» і марыць пра неабсяжныя далячыні.

Вандраваць можна пешшу, на машыне ці аўтаспынам, збіраць у скарбонку ўспамінаў эмоцыі ад далёкіх паездак ці мясцовых турыс­тычных паходаў. 

А месцаў, пра якія мы не ведаем і нават не чулі, у Беларусі шмат.

Вандруйце разам з намі ў новым праекце «Мотавандроўкі»  – і самастойна. А сваімі знаходкамі і эмоцыямі дзяліцеся ў сацыяльных сетках у групах «раёнкі».

Ну што ж, апусцілі забрала моташлема – і наперад!

Млын у Жодзішках: ёсць і працуе!

Даўно ўпэўнілася: неабавязкова пераадольваць сотні кіламетраў, каб убачыць нешта цікавае ці знайсці для сябе штосьці новае. І калі ўсе гістарычныя месцы, турыстычныя кропкі свайго раёна пройдзены ўздоўж і ўпоперак, паглядзіце ў бок суседзяў: па Ашмяншчыне і Смаргоншчыне таксама можна пракласці цікавыя і пазнавальныя маршруты.

Я пра Жодзішкі Смаргонскага раёна. Дакладней, пра вадзяны млын (бо ёсць у гэтым аграгарадку і іншыя месцы з даўняй гісторыяй), адзіны дзеючы на тэрыторыі Беларусі.

Каля рэчкі бурлівай…

Гістарычныя крыніцы сцвярджаюць, што фундамент млына закладзены ў пачатку 18 стагоддзя, а сам ён пабудаваны ў 1871 годзе. І хоць ад праезджай часткі будынак падаецца невялікім і прыземістым, зусім іншы выгляд адкрываецца з другога боку.

Месца, дзе, нібы высачэзны волат, красуецца каменна-драў­ляны будынак, прыгожае – на беразе невялікай, але бурлівай ракі Палавойкі. Уражвае і вя­лізнае кола ў 4 метры дыямет­рам з лапаткамі-каўшамі, якія «ажыўляюць» усе механізмы. Дарэчы, калі сярод некранутай зеляніны дрэў, прахалоды і вясковай цішыні кола пачынае свой рух, разумееш, наколькі вялікая моц вады…

Перамеле – мука будзе

Гаспадары млына мяняліся не раз, апошнім да 1951 года быў Юрый Кабак. Потым вадзянік належаў мясцоваму калгасу, і трапіць туды, каб змалоць муку, жадаючых было хоць ад­баўляй – мяхамі зерне вазілі не толькі жыхары Жодзішак, але і суседніх вёсак.

А потым у калгас прыйшла электрычнасць… Добрая справа і сучасная выгода. Млын стаў незапатрабаваны. 

У 1996 годзе яго выкупіў мясцовы прадпрымальнік, рэстаў­раваў і зрабіў свайго роду ту­рыс­тычным аб’ектам.

На першым паверсе можна ўбачыць старажытныя каменныя жорны – дарэчы, і цяпер з дапамогай іх і вады тут перамолваецца збожжа. 

Шмат у першым пакоі ста­ра­даўняга абсталявання і цікавай інфармацыі. Да прыкладу, пра севазварот, пладароднасць глебы, асаблівасці вырошчвання пшаніцы, ячмяню, ільну…

 

На свае вочы паназіраць, як круціцца ад вады драўлянае кола, як сыплецца мука з жорнаў у мяшкі, адчуць яе асаблівы, неперадавальны пах…

«Хлебны» пакой

У асобным невялічкім пакоі даведалася, як сабраныя ў полі зярняткі траплялі на стол у выглядзе круглай духмянай булкі, – і зноў здзівілася: столькі тут усяго! Вунь у куточку збожжа ў тоўсценькіх мяхах чакае сваёй чаргі на памол, там у стройны рад выстраіліся косы, граблі, сярпы, прыстасаванні ўжытку для ручнога абмалоту снапоў. Дзеючая веялка для ачышчэння зерня ад мякіны і ручныя жорнавы з вялікім каменем-«кругляшом» «жывыя» – пашанцавала іх нават пакруціць! А вось гарачая жніўная пара – у фотаздымках і замалёўках.

І галава ўсяму гэтаму багаццю – вялікі бохан жытняга хлеба з запечанай да хрусту скары­начкай…

Пра быт і не толькі…

Пазнаёміцца з ганчар­нымі, ка­вальскімі, дрэва­апрацоўчымі прыста­са­­ван­нямі; ткац­кім стан­­­­­ком, за якім, здаецца, да першых пеўняў ся­дзіць гаспадыня; прад­ме­­тамі ўжытку, сярод якіх і швей­ная машына, і чыгун­кі, і драўляныя вёдры, боч­кі, коўшыкі, мож­на на дру­­гім павер­се. Аказ­ваец­ца, нека­торыя экс­пана­ты спраў­ныя і імі можна карыстацца.

А ведаеце, якімі раней былі дзіцячыя хадункі? Драўляная тычка, замацаваная ў столі, у канец якой прасунуты скураны рэмень: падперазаў ім дзіцятка – і перасоўваецца яно па падлозе кругамі. Злавіла сябе на думцы: не толькі хадзіць вучыцца, але і маці рукі развязвае, каб яна хатнімі справамі магла заняцца.

Векавыя традыцыі беларускага народа і вялізнае – дзеючае! – кола часу... Пакуль існуе такі тандэм, упэўнена, нашы дзеці і ўнукі будуць ведаць гісторыю сваёй краіны і паважаць яе. Галоўнае – пазнаёміць іх з дзедавай спадчынай, напрыклад, у Жодзішках!

…Яшчэ б мяшэчак свежа­змолатай мукі турысту тут прыдбаць «на памяць» – увогуле шыкоўна і запамінальна было б!

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович