Курсант академии авиации Антон Бородич рассказывает об учёбе и службе
Буду інжынерам
Як і любога хлопчыка, Антона прываблівала ваенная форма. Да таго ж ён, сын вайскоўца, мог не ў фантазіях, а ў рэчаіснасці прымяраць бацькавы кіцель, бушлат…
– Найбольш падабаліся галаўныя ўборы: берэт і кепка, мабыць, таму што з усяго форменнага выбару яны найлепш глядзеліся на мне, – усміхаецца юнак. – Пра прафесію ваеннага тады я не марыў, у дзяцінстве хацеў быць футбалістам альбо міліцыянерам. А ў 9 класе вырашыў паступаць на інжынера-энергетыка – на гэта паўплывала працуючая ў раёне атамная электрастанцыя. Аднак у выпускным класе падкарэктаваў свае планы: буду інжынерам, толькі ў ваеннай сферы.
Антон выбраў спецыяльнасць «беспілотныя авіяцыйныя комплексы» – вывучае тэхналогіі іх эксплуатацыі.
Пытання, у інтарэсах якіх войскаў хоча вучыцца, у школьніка нават не паўставала: толькі ўнутраныя. Чаму? Бацька афіцэр часці 7434, якая стаіць на ахове Беларускай АЭС. Да таго ж заняткі ў ваенна-патрыятычным клубе «Адзінства», выхаванцам якога Антон быў тры гады, зрабілі свой уплыў.
– Са спецыяльнасцю дапамог вызначыцца бацька: ён прынёс прафарыентацыйны лісток, які змяшчаў пералік спецыялістаў, патрэбных для ўнутраных войскаў. Там жа была інфармацыя пра вну і ваенныя факультэты, прапануемыя профілі. – Прывабіла работа з беспілотнікамі – гэтаму вучаць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, – узгадвае курсант. – Спярша пазнаёміўся з гэтай навучальнай установай завочна: праглядзеў сайт, умовы паступлення. Але ж нездарма кажуць, што лепш адзін раз убачыць, чым сто – пачуць. Пабываў на дні адкрытых дзвярэй. Тады пазнаёміўся ўвачавідкі з будучай альма-матар; паглядзеў тэхнічную базу ваеннага факультэта; удакладніў цікавячыя пытанні, якія тычыліся паступлення; пагутарыў з курсантамі.
Служба пачынаецца з парога
Дакладней, служба ў курсантаў пачынаецца з першага дня прыбыцця ў размяшчэнне. А вось навучальны год, як і ў студэнтаў: 1 верасня.
– Ваенны факультэт – гэта вучоба і служба адначасова: жывём па статуце, нясём унутраную службу, ахоўваем аб’екты факультэта, – расказвае другакурснік Антон. – Да прыняцця прысягі на вернасць Радзіме мы, як і салдаты ў арміі, праходзілі пачатковую ваенна-прафесійную падрыхтоўку – так званы КМБ. Ён пачаўся ўжо 1 жніўня. Вывучалі воінскія статуты, засвойвалі азы тактычнай і агнявой падрыхтоўкі, аказанне першай даўрачэбнай дапамогі.
У той жа час КМБ – своеасаблівы іспыт «на ўзважыць». Гэты час, калі, трапіўшы ў адрозныя ад звыклых умовы, дае магчымасць перагледзець сваё рашэнне альбо ўпэўніцца, што менавіта гэтага і хацеў.
– Калі гаварыць пра чаканні і рэчаіснасць, па праўдзе, уяўляў сабе, што адаптавацца будзе цяжэй (Усміхаецца.) На самой справе прывык да новага ўкладу жыцця нашмат лягчэй і хутчэй, – запэўнівае юнак і зазначае: – У курсантаў асаблівая філасофія жыцця: мы не кожны сам па сабе, а, як мушкецёры: адзін за ўсе і ўсе за аднаго. Мы братэрства. Ну і дысцыпліна: ёсць статутныя законы – і яны працуюць. Няма паняцця «буду-не буду», ёсць слова «трэба!» (Смяецца.) І яшчэ адна адрозная асаблівасць, якую не заўважыць немагчыма: знешні выгляд: форма, прычоска; паводзіны павінны быць адпаведнымі.
– Вучаць нас і грамадзянскія выкладчыкі, і афіцэры. Нягледзячы на тое што ўніверсітэт грамадзянскі, сумесных заняткаў са студэнцкімі групамі, да прыкладу, па агульнаадукацыйных прадметах, у нас няма, – працягвае курсант. – Калі гаварыць менавіта пра заняткі, імпануе так званы жывы працэс: тэорыя не адарвана ад практыкі. Напрыклад, вывучаючы схемы, працуем не па карцінках, а з тэхнікай: робім і разбіраем вузлы, шукаем няспраўнасці і тут жа вучымся іх выпраўляць. У нас вельмі добрая матэрыяльная база: трэнажоры, сімулятары, лабараторыі, вучэбная тэхнічная авіяцыйная база.
Першая практыка была летам. Пасля здачы сесіі курсанты маёй спецыяльнасці адправіліся ў цэнтр падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў, дзе асвойвалі лятальную навуку – працавалі з дронамі.
Да слова, на факультэце актыўна займаюцца навуковай і вынаходніцкай дзейнасцю, а зробленыя тут трэнажоры і вучэбныя комплексы адзначаны ўзнагародамі рэспубліканскіх і міжнародных выстаў.
Быт курсантаў акадэміі амаль не адрозніваецца ад умоў на іншых ваенных факультэтах. Жывуць у грамадзянскім інтэрнаце, але на асобных паверхах; пакоі блочнага тыпу, разлічаны на 2-3 чалавекі.
– У 6 раніцы пад’ём – і панеслася: зарадка, ранішні туалет, агляд (праверка знешняга выгляду), сняданак, выхаваўчая работа і прававое інфармаванне, вучэбныя заняткі, спартыўна-масавая работа, самападрыхтоўка, вячэра, вольны час, інфармацыйная гадзіна, вячэрняя прагулка, падчас якой ходзім з песнямі, паверка і адбой, – пералічвае Антон. – Да слова, пра вольны час. Гэта не азначае, што ты сабраўся і пайшоў, напрыклад, прагуляцца па горадзе. Гэта час, калі можна скарыстацца тэлефонам (іх мы здаём), дарабіць дамашняе заданне, прывесці рэчы ў парадак, памыць адзенне…
Курсанцкія заўважынкі
Не канікулы, а канікулярны адпачынак…
…Так-так, у нас ужо ўсё па-даросламу! (Смяецца.) Назва гучыць больш важка. Ды і змест іншы. Па-першае, адпачынак пачынаецца (у адрозненне ад студэнтаў) не адразу пасля здачы апошняга экзамена і да пачатку новага семестра, а ў вызначаны тэрмін. Так, зімой ён складае 14 дзён, летам – 30. Па-другое, курсанты атрымліваюць раз у год матэрыяльную дапамогу на аздараўленне.
Да слова, можа стацца так, што з адпачынку давядзецца вяртацца раней: так стымулююць тых, хто мае незакрытыя пытанні па сесіі.
Не выхадны, а звальніцельны…
…Калі па раскладзе няма вучэбных заняткаў – гэта не азначае, што ў курсанта вольны час і праводзіць яго можна як хочацца. Каб, скажам, прагуляцца па горадзе альбо з’ездзіць дамоў у выхадны дзень, трэба мець звальніцельны. Гэта адзін з відаў заахвочвання, атрымаць якое можна, калі няма праблем з вучобай і дысцыплінай. Дзённы звальніцельны даецца суадносна на дзень, а сутачны – на тэрмін ад адных да трох сутак.
Не Аляксей Васільевіч, а таварыш маёр…
…(Усміхаецца.) Сапраўды звыклы зварот у грамадзянскім жыцці, узяць тую ж школу, у курсантаў саступае месца статутнаму. Насамрэч, прывыкаеш да вайсковага лексікону нашмат хутчэй, чым гэта можа здавацца па першасці, – усё ж асяродак робіць сваю справу.
Не стыпендыя, а забеспячэнне…
… Пачнём з таго, што грашовае забеспячэнне ў курсантаў нашмат вышэйшае за стыпендыю студэнта і яго памер залежыць ад тэрміну выслугі, звання і сярэдняга бала па вучобе. Да прыкладу, я на дадзены момант атрымліваю 818 рублёў.
Калі гавораць пра поўнае рэчавае забеспячэнне курсантаў, маюць на ўвазе не толькі форму: адзенне, галаўныя ўборы і абутак. Сюды яшчэ ўваходзіць бялізна, шкарпэткі, мыючыя і чысцячыя сродкі, прадметы гігіены. Плюс бясплатнае пражыванне ў інтэрнаце, харчаванне…
Пачатак, ён цяжкі самы. Першы курс за плячамі, як кажуць, прыгледзеўся, абстукаўся, зразумеў што да чаго… Што ж, цікавай вучобы і годнай службы, таварыш курсант!
Пра самае-самае курсанта Бародзіча
- Самае складанае – пачынаць новую старонку жыцця, найперш –перафармаціравацца на іншы ўклад.
- Самае неспадзяванае – атмасфера еднасці: усяго за год з саслужыўцамі сталі як браты.
- Самае радаснае – атрымаць звальніцельны на Новы год. Ездзіў у Бабруйск, дзе жывуць нашы родныя. На гэта свята мы заўсёды збіраемся сям’ёй.
- Самае галоўнае: паступіць туды, куды марыш, і не расчаравацца ў гэтым.
У тэму
Спецыяльнасці, якія прапаноўвае ваенны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі
Атрыманне вышэйшай адукацыі:
▪ тэхнічная эксплуатацыя паветраных суднаў і сродкаў наземнага забеспячэння палётаў (прафілізацыя: тэхнічная эксплуатацыя бартавых сістэм паветраных суднаў дзяржавіяцыі);
▪ эксплуатацыя аэрадромаў і сродкаў наземнага забеспячэння палётаў (прафілізацыі: электрагазавае забеспячэнне і кадравая работа; інжынерна-аэрадромнае забеспячэнне і кадравая работа);
▪ беспілотныя авіяцыйныя комплексы (прафілізацыі: тэхнічная эксплуатацыя беспілотных авіяцыйных комплексаў дзяржавіяцыі; тэхналагічная эксплуатацыя беспілотных авіяцыйных комплексаў дзяржавіяцыі).
Атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі:
▪ тэхнічная эксплуатацыя паветраных суднаў і рухавікоў.
*На ваенны факультэт прымаюць і дзяўчат, аднак не на ўсе спецыяльнасці.
