Уражаннямі ад удзелу ў Дні беларускага пісьменства дзеліцца Ніна Рыбік
Пачаткам новага літаратурнага года назвала Дзень беларускага пісьменства гродзенская паэтка Вольга Алізар. Сёлета яго святкаванне праходзіла ў Касцюковічах.
Калі я прымала прапанову прыняць удзел у гэтым свяце, шчыра кажучы, сумнявалася: ці варта ехаць так далёка, з аднаго краю рэспублікі на другі, ды яшчэ транзітам праз Гродна?
Але цяпер, калі эмоцыі крыху астылі і можна спакваля, смакуючы, перабіраць у душы і ў памяці згадкі-пацеркі, магу сказаць: бочка мёду атрымалася поўнай духмянай і рознаслоўнай смакаты. І нават некалькі лыжак дзёгцю ў выглядзе дальняй дарогі і пэўных бытавых нязручнасцяў яе не сапсавалі.
Каманда
Як вандроўніца з багатым вопытам, магу пацвердзіць пачутыя некалі словы: поспех любога падарожжа як мінімум напалову залежыць ад складу яго ўдзельнікаў. І таму адно з першых пытанняў, якое я задала арганізатарам: хто едзе?
Аказалася, што кампанія падабралася невялікая, разнастайная і надзвычай цікавая. У Касцюковічы з Гродна выправілася даволі прадстаўнічая дэлегацыя пад кіраўніцтвам усюдыіснага, за усіх перажываючага і ўсіх падтрымліваючага намесніка старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Дзмітрыя Радзівончыка.
У склад яе з улікам аўтара гэтых радкоў увайшлі дзесяць паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў.
Пераможца шматлікіх літаратурных конкурсаў, у тым ліку і двух абласных імя Багдановіча паэтка Юлія Мельнік і незвычайна таленавіты і да таго ж пладавіты паэт і выканаўца ўласных песень Андрэй Татур –яны прыязджалі ў Астравец на прэзентацыю зборніка “Нам – 17” і астравецкія прыхільнікі паэтычнага слова. думаю, іх памятаюць.
З цудоўнымі і глыбокімі вершамі цікавай і абаяльнай ва ўсіх адносінах Кацярыны Каламійцавай у аматараў паэзіі нашага раёна, думаю, яшчэ будзе магчымасць пазнаёміцца.
Намінанты на Нацыянальную прэмію майстар паэтычнага слова Таццяна Яцук (па маім асабістым меркаванні, яна даўно і як ніхто іншы варта гэтай узнагароды, але не я прымаю падобныя рашэнні) і, па словах Дзмітрыя Радзівончыка, “два метры мужчынскага абаяння” Руслан Півавараў.
Вольга Алізар – мяккая, цёплая, прыгожая, як “Карункі жыцця” – так яна назвала сваю апошнюю кнігу вершаў, так падобную на аўтара. Яна да ўсяго яшчэ і адмысловая майстрыха, якая не толькі піша вершы, але і вышывае іх на ручніках. Паверце на слова: гэта рукатворны цуд!
Кандыдат філалагічных навук, дацэнт, выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, лекцыі якой запомніліся практычна ўсім беларускім філолагам, што заканчвалі гэтую вну, Святлана Тарасава – не толькінавуковец, які ведае пра беларускую літаратуру ўсё і яшчэ трошкі, але і самабытная паэтка, за асабістае знаёмства і стасункі з якой я надзвычай удзячна Касцюковічам.
На месцы да нас далучыўся сын двух абласцей – Магілёўскай і Гродзенскай – малады, ранні, надзвычай таленавіты і перспектыўны Андрэй Дарожкін.
Сталіца
Не, на гэты раз размова пойдзе не пра сталіцу нашай Радзімы горад-герой Мінск, а пра сталіцу ХХХІІІ Дня беларускага пісьменства Касцюковічы.
Гэта невялікі раённы цэнтр на крайнім усходзе Магілёўскай вобласці (чытай: Рэспублікі Беларусь), сувымяральны з Астраўцом (без малога 15 тысяч насельніцтва ў горадзе, 22 тысячы – у раёне) з багатай літаратурнай спадчынай.
Шчодрая і спеўная касцюковіцкая зямля нарадзіла і ўзгадавала класікаў Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава, Алеся Пісьмянкова. Новы мурал на высотным доме на ўездзе ў горад з іх партрэтамі – даніна памяці знакамітым землякам і візітоўка літаратурных Касцюковічаў.
Годнае месца ў літаратурнай спадчыне гэтага краю займаюць таксама Аляксей Пысін, Васіль Хомчанка, Леанід Левановіч. Словам, Касцюковічы сталіцай Дня беларускага пісьменства былі абраны невыпадкова і недарэмна.
Свята
У цэлым свята атрымалася. Хапала і хлеба (водар шашлыкоў лунаў над Касцюковічамі ад рання і да змяркання), і відовішчаў: пры ўсім жаданні немагчыма было абысці ўсе лакацыі, якія гасцінна запрашалі паслухаць, убачыць, адведаць, пазнаёміцца, набыць, паўдзельнічаць, пагутарыць…
У павільёне Гродзенскай вобласці супрацоўнікі абласной бібліятэкі імя Карскага і Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама пастараліся годна паказаць творы нашых аўтараў. На спецыяльных банерах былі прадстаўлены праекты рэгіянальных СМІ, прысвечаныя Году беларускай жанчыны: не без гонару адзначыла, што астравецкае “Преображение” вылучалася сярод іх і формай, і зместам.
Падчас праграмы “Родным словам паяднаныя” ва ўдзельнікаў нашай дэлегацыі была магчымасць прадэманстраваць сваю творчасць і апробаваць слоўцы, якія толькі ўчора ці даўным-даўно вылузнуліся аднекуль з падсвядомасці, з нетраў душы і леглі на паперу, на гучанне і на ўспрыманне іх: гэта вельмі важна для аўтара – убачыць, “чым слова наша адгукнецца”, адчуць паяднанасць думкамі і пачуццямі з тымі, на чый суд выносіцца запаветнае, выпакутаванае. Гучалі вершы і песні, жарты і вынікі сур’ёзных навуковых даследаванняў пра асаблівасць і ўнікальнасць беларускай літаратуры.
У рамках праграмы “Родным словам паяднаныя” адбылася прэзентацыя кнігі “Праз гады і газетныя старонкі”, прысвечанай гісторыі “Астравецкай праўды”. Па праўдзе кажучы, прэзентаваць публіцыстыку, ды яшчэ такую аб’ёмную, цяжка. Але выйсце знайшлося: вялікую цікавасць і водгук гледачоў і слухачоў выклікалі старонкі з яшчэ не напісанай кнігі пад умоўнай назвай “Не для друку”: аўтар расказала пра розныя камічныя і анекдатычныя выпадкі з паўсядзённага жыцця “Астравецкай праўды”.
Не было, мусіць, на свяце тых, хто абмінуў касцюковіцкі горад майстроў. У нас было не вельмі шмат часу для вандровак па ім. Тым не менш, прагуляўшыся па радах, адзначылі і дыхтоўнасць дрыбінскіх валёнак, і прыгажосць льняных абрусаў ды ручнікоў, і арыгінальнасць ды разнастайнасць каваных і ганчарных вырабаў (рэдакцыйная калекцыя папоўнілася 117 экспанатам – глінянай савой). У павільёне Гродзенскай вобласці цэнтральнае месца займалі творы астравецкіх народных майстроў: вырабы з саломкі Алены Малышавай і выцінанкі Аксаны Вакуліч. Там жа можна было паспрабаваць свае здольнасці ў розных відах прыкладнога мастацтва.
Найбольш уразіла – прынамсі, мяне – экспазіцыя павільёна рэдкай кнігі, дзе былі прадстаўлены ўнікальныя выданні з усіх рэгіёнаў краіны. Рэпрынтнае выданне рукапіснай “Берасцейскай Бібліі” 1563 года з каментарыямі і тлумачэннямі на палях; першы фотаздымак Максіма Багдановіча з маці, зроблены ў гродзенскай фотамайстэрні Садоўскага і Казлоўскага ў 1892 годзе; факсімільнае выданне “Буквара” 1631 года; прыжыццёвыя выданні “Паўлінкі” Янкі Купалы (Пецярбург, 1913 год) і “Сымона-музыкі” Якуба Коласа (Мінск, 1918); знакамітая гісторыка-геаграфічная манаграфія Аляксея Сапунова “Рака Заходняя Дзвіна” (Віцебск, 1893 год); асабістыя рэчы, старонкі рукапісаў, аўтографы Аркадзя Куляшова, Кандрата Крапівы, Міхася Лынькова… З гэтага музея пад адкрытым небам не хацелася выходзіць!
Узнагароды
Гродзенская каманда вярталася з Касцюковічаў з шэрагам узнагарод. Найбольш іх атрымаў Андрэй Дарожкін, які стаў пераможцам літаральна ва ўсіх намінацыях конкурсу маладых літаратараў “І кружыцца планета Куляшова” і яшчэ некалькіх – усе не палічыла.
Пераможцам шэрагу конкурсаў прызнана Юлія Мельнік.
Былі адзначаны паэтычныя здабыткі Таццяны Яцук і Людмілы Кебіч.
А самай галоўнай перамогай – не толькі асабістай, а ўсяго Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – стала прысуджэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі “Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства” намесніку старшыні аддзялення Дзмітрыю Радзівончыку за кнігу «Масты і берагі. Нарэшце я зразумеў, як гэта працуе…”
Да слова: астравецкія чытачы неаднаразова сустракаліся з Дзмітрыем Мікалаевічам. Ён быў удзельнікам прэзентацый паэтычнага зборніка “Нам – 17”, кніг аўтара гэтых радкоў “Кожны стрэчны нам – настаўнік” і “Праз гады і газетныя старонкі. Частка другая”.
Дзмітрый Радзівончык – аўтар і неверагодна артыстычны чытальнік вершаў. Апошнім часам ён усур’ёз заняўся літаратуразнаўствам. І як бачым, плённа: яго кніга прызнана лепшай у гэтай тэматыцы з выдадзеных у мінулым годзе.
…Вярталіся мы з Касцюковічаў у прыўзнятым настроі, натхнёныя на новыя творы і перамогі, са спадзяваннем, што ў наступным годзе ў Маладзечне – менавіта там пройдзе ХХХIV Дзень беларускага пісьменства – узнагарод, добрых і розных, гродзенскія пісьменнікі атрымаюць не менш.
Хоць, зрэшты, галоўнае не гэта. Калі народжаныя ў глыбіні душы радкі – няважна, паэтычныя, празаічныя ці крытычныя – будуць ісці ад сэрца пісьменніка і знаходзіць водгук у чытача, абуджаць яго думкі, пачуцці, жаданне станавіцца лепшым; калі будзе гучаць матчына мова і бацькава слова; калі на выпеставанай лепшымі сынамі Айчыны літаратурнай ніве будзе ўзыходзіць, каласіцца і даваць шчодры ўраджай маладая рунь – тады будзе жыць гэтае цудоўнае свята беларускага слова, кнігі, творцаў: Дзень беларускага пісьменства.
І, магчыма, (ёсць у мяне такая асабістая запаветная мара) некалі яно прыйдзе і на Астравеччыну…
