На Астравеччыне першым сярод вадзіцеляў 2 тысячы тон перавёз Павел Кікіліч з КСУП “Гервяты”
Гэтую ўборачную кампанію хоць і ўскладняе надвор’е, тым не менш ураджай не можа не радаваць: на круг хлебаробы набіваюць амаль на 14 цэнтнераў больш, чым у мінулым годзе. Нагадаю, што ў раёне вызначыліся ўсе пераможцы працоўнага спаборніцтва. А першым вадзіцелем-“двухтысячнікам” Астравеччыны стаў Павел Кікіліч з КСУП “Гервяты”.
Гэты працаўнік і на першай тысячы прадэманстраваў найбольшы спрыт. Праўда, прозвішча Паўла Іванавіча для мяне было новым. Аказваецца, невыпадкова: два гады назад мужчына са Смаргонскага раёна пераехаў на радзіму і вярнуўся ў родную гаспадарку.
– Гэта жніво для мяне 12-е. На ўборках я са школьнай пары. Родам з Рымдзюн, бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы, таму паважаю і цаню работу вяскоўцаў, – падзяліўся герой жніва. – Сваю перамогу прысвячаю ўсяму нашаму калектыву – кожны на месцы спрацаваў на “выдатна”. Таму працягваем убіраць, вазіць і дапрацоўваць збожжа і рапс!
Першаму “двухтысячніку”-вадзіцелю старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула ўручыў Дыплом і грашовую прэмію.
Віншуем хлебароба!
У тэму
На аўторак, 12 жніўня, на Астравеччыне зжата палавіна плошчаў збожжавых. Намалочана без малога 35 тысяч тон зерня ўраджайнасцю 49,1 цэнтнеры з гектара. “Двухтысячны” рубеж адолелі 2 вадзіцеля, у тым ліку Валерый Змітровіч з КСУП “Гудагай”, “тысячны” – 13 вадзіцеляў і 11 камбайнерскіх экіпажаў. Адно звяно аператараў зернесушыльных комплексаў дапрацавала звыш 5-ці тысяч тон, а звыш 3-х тысяч тон – 2 звяны.