Пра камандзіроўкі на распрацоўку бураломаў на Гомельшчыну і работу ў лясгасе расказвае Іван Лукша
12:00 / 28.04.2025
Вазіць, як жыць, – так можна ахарактарызаваць жыццёвы прынцып Івана Іванавіча. Хоць у Астравецкім лясгасе ён адносна нядаўна, з 2017 года, тым не менш за гэты час зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку: адказны, спраўны, акуратны, старанны.
– Увесь мой працоўны шлях звязаны з машынамі і дарогай. Працаваў у дарожна-рамонтным будаўнічым упраўленні. Магчыма, нічога не мяняў бы, але дзеці паступілі вучыцца, патрэбны былі грошы. Хтосьці са знаёмых падказаў, што ў лясгасе «вызваліўся» МАЗ, маўляў, калі хочаш, прыходзь паспытаць шчасця, – узгадвае Іван Лукша. – Прыйшоў – і з першых месяцаў адчуў розніцу ў зарплаце. Яна ў нас не фіксаваная, а залежыць ад «кубатуры». На рамонце не выгадна стаяць. Чым больш перавёз лесу, тым больш атрымаеш. Перавыканаеш план – абавязкова даплацяць. Ёсць стымул добра працаваць.
За няпоўныя 8 гадоў работы ў лясгасе з камандзіроўкамі мужчына аб’ездзіў ледзь не палову Беларусі.
– Напачатку адпраўлялі пад Гродна на «гарэльнік», быў на ўчастках, дзе лес усыхае. Дапамагалі калегам з Калінкавіцкага і Мозырскага лясгасаў ліквідаваць наступствы бураломаў. Бываў у розных камандзіроўках, але такія маштабы пашкоджання лесу даводзілася бачыць упершыню, – працягвае мужчына. – Вахта працягваецца 15 дзён. Прачнуліся, паснедалі – і за руль. Тут звычайны працоўны дзень, але здараецца, што і затрымліваемся, асабліва калі ўчастак аддалены ад горада. Не за гарамі пара, калі трэба будзе прытрымлівацца цеплавога рэжыму, таму «стартаваць» будзем з 4-х гадзін раніцы.
Чацвёрты год Іван Лукша эксплуатуе габарытны сарціментавоз. Па яго перакананні, тэхніка дасягнула сярэдняга ўзросту, але яшчэ звыш 5-ці гадоў можа спраўна паслужыць.
– Спачатку і складана, і цікава было налаўчыцца кіраваць гідраманіпулятарам, але гэту навуку асвоіў дастаткова хутка. Пагрузіў, разгрузіў – ні ад каго не залежыш: сам сабе гаспадар, – тлумачыць вадзіцель. – Машына змяшчае да 45 кубаметраў драўніны. Па лясных дарогах мой МАЗ няблага ідзе. Тэхніка паўнапрывадная, таму лічыцца больш прахадной. Хоць розныя выпадкі здараліся: адна справа – імчаць па трасе, іншая – па лясной дарозе. Даводзілася і папацець, каб «вылезці» з лясной пасткі, асабліва пасля моцных дажджоў: і паабкопвацца, і сучча пад калёсы нацягаць.
Як і раніцай перад выездам, так і вечарам пасля змены вадзіцель пільна аглядае свайго жалезнага напарніка.
– Тэхніку пакідаем на тэрыторыі дрэваапрацоўчага цэха. Менавіта тут дырэктар і галоўны інжынер штораніцы абмяркоўваюць фронт работ. Калі трэба рамантавацца, то едзем у механічныя майстэрні ці, як мы кажам, «у горад». Балазе, запчасткі заўсёды своечасова пастаўляюць, – працягвае мужчына. – У нас 9 лесавозаў. Рэдка здараецца, каб разам з іншымі хлопцамі працавалі на вывазцы лесу ў адным лясніцтве – звычайна па-розных раскіданы. А калектыў у нас спрацаваны! Шмат варнянскіх хлопцаў: Кірпа, Кайрыс, Сідаровіч, я – чацвёрты. Хоць даўно ўжо жыву ў Астраўцы.
У дзень нашай размовы Іван Іванавіч збіраўся на Спондаўшчыну. Канечная кропка маршрута не заўсёды адна і тая: дрэваапрацоўчы цэх, чыгуначная станцыя, калі маніпулятарам лесаматэрыялы пагружаюцца ў вагоны…
– Дырэктар знаходзіць рынкі збыту, а наша справа маленькая – перавозіць лес, – сціпла зазначыў вадзіцель.
Мне яшчэ не сустракаўся работнік лясной галіны, які б не любіў ціхае паляванне. Іван Лукша – не выключэнне, хоць, па словах мужчыны, на гэты занятак часу не хапае.
– Мне ж не за грыбы плацяць, – усміхаецца мужчына. – Здараецца, што як паедзем «за сетку» – гэта значыць пад самую граніцу – ёсць колькі вольных хвілін: не адзін дзясятак грыбоў назбіраеш. Здаецца, там яны самі пад ногі «кідаюцца»!
Напрыканцы гутаркі задала герою традыцыйнае пытанне пра тое, хто першы яму паведаміў пра занясенне партэта на Дошку гонару.
– Наш ідэолаг. Павіншавалі жонка з дзецьмі і хлопцы з работы. Вось за якія заслугі трапіў туды, шчыра скажу: не ведаю. Быў на Дошцы гонару Гродзенскага лесагаспадарчага аб’яднання, нашай установы… Сёлета толькі вярнуўся 25 сакавіка з камандзіроўкі, як паведамілі што ізноў мой партрэт будзе вісець у канторы. Прыемна, канешне, і дзякуй кіраўніцтву за такую высокую ацэнку маёй работы, – працягвае суразмоўца. – Хоць, лічу, што кожны з нашых працаўнікоў варты гэтага. Мая работа залежыць і ад таго, колькі нарэжа драўніны харвэстар, а фарвардар – натрылюе. Разам мы робім агульную справу!