Пра Каляды расказвае жыхарка Газы Яніна Іосіфаўна Хаткевіч
13:00 / 25.12.2024
Планавала паразмаўляць з гераіняй выключна пра Каляды, але гутарка вылілася ў людскі лёс маленькай жанчыны з вялікай верай, дзе заўсёды было месца Богу.
Расказвае Яніна Іосіфаўна Хаткевіч, в. Газа (91 год):
– У хаце было 10 душ: бацькі, цётка з дзядзькам і шасцёра дзяцей. Быў звычай лазню паліць на першы дзень Каляд. Нам, малым, трэба было расчысціць да яе дарогу, бабулю ў санках з суседняй хаты завезці памыцца, а потым дапамагчы рыхтаваць стол.
Мама варыла кісель з аўса ў печы, а цётачка рабіла клёцкі, якія мы качалі на стале. Белых клёцак з пшанічнай мукі толькі на адну місачку было – такі ласунак, што не расказаць. А цёмных – з жытняй – колькі хочаш, але ж яны не такія смачныя. Цукру не было, «сахарынай» прыпраўлялі цёрты мак. Грыбы, журка – вось і ўся вячэра.
Як цямнела і ў небе з’яўлялася першая зорка, сядалі за стол. Пасля куцці цягнулі з-пад абруса сена ці, як у нас казалі, «лёс»: доўгая сцябліна абяцала шмат гадоў, кароткая – малы век. Потым беглі на двор глядзець на неба. Калі зорна, будуць куры несціся. Калі пахмурна, карова будзе шмат малака даваць. І ішлі да суседкі Стасіхі, дзе спявалі калядкі і весяліліся.
З касцёлам я з дзяцінства. У Міхалішках быў малады ксядзулька – да яго хадзілі на катэхізмы. Ён усё казаў: «Выязджаеш у дарогу, жалуй за грахі; сядаеш на ваду, жалуй за грахі; на каня – жалуй за грахі». І адну нядзелю так, і другую, і трэцюю… Не вытрымала, падняла руку і пытаюся: «Ксядзуля, а чаму ты ўсё нам кажаш шкадаваць за грахі?». А ён: «Дзетка, ніхто не ведае, калі яго свечка згасне: можа, на вадзе; можа, у дарозе; можа, на кані; можа, у хаце. Пан Бог, як нараджаецца чалавек, адразу свечку запальвае. Пакуль яна гарыць, датуль чалавек жыве».
Жывая праўда, столькі гадоў пражыла і не раз у гэтым упэўнівалася… Моцна хворую маму якраз перад Калядамі прывезлі з бальніцы дахаты, я ўжо замужам была, дзетак мела. Сасніла яна нашу бабулю. Бачыць, што трапіла на той свет і яе пад руку бабця вядзе. Паабапал у двух радах гараць свечкі, але абы-якія: і большыя, і меншыя, некаторыя дагараюць… Мама запытала, што гэта такое. Бабця ёй у адказ: «Гэта ўсіх людцаў душы». «А пакажы мне, дзе мая душа?» Падвяла яе бабуля да мамінай свечкі – а там толькі канчучок гарыць, а побач другая свечка згасае. Мама так і не запыталася, чыя яна…
На першы дзень Каляд сталі збірацца да касцёла, сусед на трактары абяцаў завезці. Пасля касцёла зайшла да іх у Каценавічы. Пасядзелі, а потым брат Владэчак прапусціў мяне і кажа: «Ну, сястрыца, да спаткання, заставайся здаровая!» Божачкі, хто б падумаў, што бачымся апошні раз…
На другі дзень Каляд зноў паляцела ў касцёл, але да іх ужо не заходзіла, дахаты спяшалася. Прыйшла і так захацелася на печ, а ніколі ж гэтага не рабіла! Прылегла – і нібыта правалілася. Залятае мой сын Янэчак і плача: памёр наш дзядзька Владэчак… Згасла яго свечачка на Каляды.
…Замуж пайшла ў Горшавічы, а пазней сюды, у Газу, хатку перавезлі. Дзе з мужам пазнаёмілася? У міхалісны двор хадзілі свінаркамі, 18 гадоў мне было. Загадчыкам быў Юзюк, ён нас з маім Юзюком і пазнаёміў. З хлапцамі яны ўтрох прыехалі ў Каценавічы і сталі ў варотах. Я выйшла і запрасіла ў хату. Селі ў кухні, а Юзюк кажа, што да мяне ў сваты прыехаў: матка памерла, а яму трэба жаніцца. Так і пасваталіся, і за тры тыдні вяселле зрабілі на Міхала.
Яго хата ў гародзе стаяла і «возера» пад плотам, вада да парога падыходзіла. Кладкі паставілі, каб прайсці. Мама паціснула плячыма, а тата сказаў: «Можна хоць дзе жыць, абы добры чалавек быў».
Як ехалі з Горшавіч у Міхалішкі, машына загразла – ні сюды ні туды. Тады прыехала нейкая фурманка. Хлопец з Барань добра дарогі не ведаў, каня як пакіраваў – і паляцелі мы. Добра, я хоць не на зямлю павалілася, а на Юзюка – сукенку не запэцкала. Я так загаласіла, калі перакуліліся, пэўна, аж у Каценавічах чулася. Але ў касцёл даехалі, Адольф Сакалоўскі даваў шлюб, вельмі строгі ксёндз быў.
Потым увайшлі ў хату, Божачка мой, думаю, куды вешаць ручнік? А куды ж ён мяне прывёз? Каб я гэта бачыла на пераглядах, нізавошта нікуды б не паехала. Пэўна, лёс такі…
Пазней з Юзюком да старшыні калгаса Франчанкі паехалі прасіцца, каб у Газе хаціну паставіць. Тут і Алінка, і Стаська, і Янэчак нарадзіліся.
Чалавек мой старэйшы быў на 12 гадоў. Талковы, разважлівы. Жылі добра, я яму больш камандавала. Юзюк штораз пускаў мяне да касцёла, а сам дзяцей малых глядзеў. Пешшу ішла ў Міхалішкі, а назад заходзіла да мамы ў Каценавічы. Зімой дзень кароткі – як дахаты ў нядзельку прыйду, ужо і цёмна. Быў добры чалавек – усё жыццё разам…
…Цяпер жыву з унучкай і яе сям’ёй, двое дзетак у хаце – Андрэйка і Сашуля. Добрыя хлопчыкі! Куццю ядзём разам. Яна даўней не такая была, як цяпер: ні буракоў, ні бульбы нельга было ставіць на стол, лічылася, што куры падзяруць агарод…
Люблю Божае Нараджэнне, асабліва, калі калядкі спяваюць. Раней усё больш у Міхалішкі ў касцёл хадзіла, а цяпер з Аксанкай у Варняны едзем. Прашу Божачку, каб усе былі здаровенькія, каб не было вайны, каб людзі лагодна жылі… І дзякую яму за ўсё. Сем гадоў мне сышло, як у нас здарыўся пажар: восем хат і восем гумнаў у Каценавічах згарэла. Ледзь вынесла маленькіх братоў, у калысцы ляжалі… Хто, калі не Ён, нас уратаваў?
З усім сэрцам і ўсёй душой, як і кожны год, буду пераймаць Пана Езуса. Толькі з Богам трэба жыць. Цяпер усяго ёсць, не тое, што даўней, а людзям усё нечага не хапае. Малюся і за дзяцей, і за ўнучак, і за праўнукоў, і за ўсіх людцаў, каб маленькі Езус зайшоў у кожную хатку.