Что такое чудеса и когда они происходят – рассказывают малыши

12:00 / 25.12.2024
Калі здараюцца цуды; якія прыкметы раскажуць, што хутка адбудзецца нешта казачнае; хто можа быць чараўніком… – гэтыя і іншыя сакрэты з веданнем справы раскрывалі карэспандэнту маленькія жыхары Астравеччыны.

Каб быў чараўніком

Міндаўгас Штура, 7 гадоў, аг. Рымдюны:

– Калі б я пераўтварыўся ў чараўніка, начараваў бы сабе тэлефон, навушнікі, планшэт; зрабіў бы, каб усе дзверы самі адчыняліся – у вялікіх магазінах і кафэ такія бачыў… (Задумваецца.) Навучыўся б хутка перамяшчацца ў прасторы – тады маме не трэба было б за пакупкамі ісці далёка ў магазін, я хуценька збегаў і прынёс. Тады зрабіўся б падобным да Флэша – гэта супергерой такі са звышмагчымасцямі!

Кіраваў бы часам – спы­няў яго, каб людзі, напрык­лад, не рабіліся ста­рэнькімі і нямоглымі. А яшчэ ахоў­ваў бы нашу краі­ну ад ворагаў, каб вайны не было.

Чарадзеям для ўсялякіх цудаў не абавязкова мець нейкія асаблівыя рэчы, да прыкладу, чароўную палачку. Ім дастаткова толькі падумаць – і ўсё здзейсніцца. Нават Дзед Мароз гэтым спосабам карыстаецца, калі свой мех збірае: стукне посахам – і патрэбныя падарункі там з’явяцца.

Цуд – гэта сюрпрыз

Даша Язерская, 6 гадоў, аг. Рымдюны:

– Цуд – гэта сюрпрыз, калі пад ёлкамі з’яўляюцца пада­рункі. Хтосьці лічыць і пера­ўвасабленне чараўніцтвам, але яно больш  адносіцца да навуковага.

Каб зрабілася чараўніцтва, патрэбны асобыя ўмовы. Да прыкладу, трэба быць гатовым, што яно не здараецца, калі захочаш, а толькі на Каляды ці на Новы год. Гэта па-першае. Па-другое, адбываецца ўсё чароўнае не ў любы час сутак, а ноччу. Для цуда патрэбна халоднае надвор’е, таму што зіма – гэта свята, а свята – гэта і ёсць зіма!

Нават калі будзе дрэнны настрой, цуд з табой здарыцца. А вось калі дрэнна сябе паводзілі, то ніякага сюрпрызу не чакайце! Гэта я ведаю з навагодніх мульцікаў пра Машу і Мядзведзя: сапсаваў Мядзведзь ёлку – і свята не было… (Уздыхае.)

Некаторыя думаюць, што дастаткова марыць пра нешта – і тады яно ў цябе з’явіцца. А я лічу, што абавязкова трэба пісаць ліст Дзеду Марозу, каб бачыў, што дзіця чакае.

Трэба ўмець марыць

Марк Кундзелеў, 6 гадоў, г. Астравец:

– У чараўніцтва трэба верыць – маю на ўвазе Дзеда Мароза. Цуды можна ўбачыць дома – калі пад ёлкай з’яўляюцца падарункі; у зімовым лесе – напрыклад, калі пашанцуе, можна ўбачыць сані Дзеда Мароза. А вось у магазіне чараўніцтва ніколі не адбываецца – там толькі глядзіш і марыш, каб табе што-небудзь купілі… Хаця ў некаторых магазінах стаяць упрыгожаныя ёлачкі – значыць, пад іх Дзед Мароз таксама кладзе падарункі, праўда, браць іх нельга.

Цуд можа адбыцца нават з тым чалавекам, які ў яго не верыць. Думаю, тыя не вераць у чараўніцтва, хто не ўмее марыць альбо доўга-доўга чакаў цуда, а яно не адбылося – і ўсе надзеі скончыліся. І яшчэ прыйшоў у галаву адзін варыянт: з-за таго, што людзі становяцца дарослымі, яны развучваюцца марыць – дарэмна, бо гэта перашкаджае заўважаць незвычайнасці. Канешне ж, з імі ў дзяцінстве бывалі цуды, яны атрымлівалі падарункі, а потым усё гэта спынілася, перастала адбывацца, і дарослыя расчараваліся…

Зіма – казачны час

Даша Махнач, 6 гадоў, г. Астравец:

– Часцей за ўсё чараўніцтва здзяйсняецца ноччу – у свята. Напрыклад, на Новы год, калі атрымліваеш падарункі. 

Увогуле ў асноўным цуды можна ўбачыць толькі зімой, бо яна лічыцца часам добрых чараўнікоў. Мне здаецца, цуды адбываюцца таму, што людзі робяць для гэтага асобую абстаноўку: рыхтуючыся да святаў, упрыгожваюць дамы, усміхаюцца, стараюцца парадаваць адзін аднаго, добрыя ўчынкі робяць – і тады да іх завітваюць чараўнікі, каб пацешыць сваімі падарункамі.   

Добры ўчынак – гэта не незвычайнае і дзівоснае, іх лёгка адрозніць: чараўніцтва робіцца само па сабе і ты не можаш зразумець, як гэта адбы­ваецца.

Здараецца цуд і ў звычайны дзень, напрыклад, нараджаецца дзіцятка: тое, чаго не існавала, раптам узялося – гэта сапраўдная загадка. 

Чараўніцтва абавязкова бу­дзе, калі выканаць галоўную ўмову: верыць у яго і моцна жадаць. 

Чарадзеямі могуць быць і людзі 

Віка Скарульская, 6 гадоў, д. Тракелі:

– Не толькі казачныя героі ды Дзед Мароз могуць валодаць чароўнай сілай. Цуды могуць рабіць і звычайныя людзі, нават бабулі. Да прыкладу, святы Мікалай раздае не толькі падарункі, ён, у адрозненне ад Дзеда Мароза, можа прынесці дзіцяці шчасце! Думаю, нават Прэзідэнт можа рабіць цуды. Напрыклад, наш Прэзідэнт падружыў цэлыя народы: ён змог зрабіць так, каб Расія, у якой жыве шмат-шмат людзей, больш, чым у Беларусі, сябравала з намі! Каб я стала кіраваць краінай, таксама сяб­равала б з іншымі краінамі і ахоўвала народ ад вайны.

Сапраўдныя чараўнікі – гэта дарослыя, якія ўсё ведаюць. А дзеці не могуць ствараць магію, бо не разумеюць, як яна робіцца, таму ім трэба недзе павучыцца. Напрыклад, для пачатку ў школе, каб умець і чытаць, і пісаць. І тады, калі споўніцца 19 гадоў, ты, магчыма, станеш чараўніком.

Галоўнае – паводзіны

Назар Лукша, 6 гадоў, г. Астравец:

– (Летуценна.) О, цуд – гэта нешта такое неверагоднае і радаснае! Я самае шчаслівае дзіця на планеце Зямля, бо са мной розныя чараўніцтвы здараюцца.

Цуд немагчыма пашчупаць, бо гэта недакранальная і нябачная магія, у выніку якой з’яўляюцца сапраўдныя рэчы. Ну напрыклад, калісьці (тады ўсяго 4 гады мне было) на Новы год Дзед Мароз прынёс велізарную скрынку з канструкцыяй (канструктар. – Заўв. аўт.).


Чакаючы чараўніцтва, трэба сябе добра паводзіць, і тады калі не Дзед Мароз, то мама дакладна спраўдзіць жаданую мару. 

Магію могуць бачыць нават бабулі і дзядулі. (Паўшэптам.) Я ведаю, пра што яны мараць: памаладзець. Такое чараўніцтва складана зрабіць, але магчыма. Для гэтага трэба знайсці залатую рыбку і загадаць жаданне!



Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо