Семейная аллея выросла в Островце в неделю родительской любви

15:17 / 20.10.2023


Адзінаццаць маладых сем’яў вырашылі пакінуць след у гісторыі Астраўца: яны пасадзілі алею сямейных дрэў, далучыўшыся такім чынам да аднаіменнага рэспубліканскага праекта ГА БРСМ. Сімвалічна, што адбылося гэта падчас тыдня бацькоўскай любові.

У той дзень непадалёк Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі было шматлюдна і весела: гучала музыка, выратавальнікі частавалі ўсіх гарбатай на палявой кухні, а для дзяцей быў накрыты салодкі стол. Словам, панавала настолькі святочная і адначасова па-сямейнаму ўтульная атмасфера, што многія прахожыя спыняліся і з цікаўнасцю назіралі за дзеяй.

– Віншую ўсіх з Днём маці і надыходзячым Днём бацькі і жадаю, каб вашы сем’і жылі ў міры і згодзе, а дзеці радавалі, – звярнуўся з прывітаннем да прысутных загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Собалеў. – Прыемна, што сёння сабралася столькі людзей, якія хочуць, каб наш горад стаў прыгажэйшым. Вы пасадзіце сваё сямейнае дрэва ў новай, маладой і таму пакуль малазялёнай частцы горада. З гэтымі саджанцамі будуць падрастаць вашы дзеці – і вы разам будзеце прыходзіць даглядаць іх і любавацца алеяй.

Першы сакратар райкама ГА БРСМ Вольга Максімава падзякавала сем’ям, што так актыўна адгукнуліся на добрую справу, а затым уручыла ім імянныя таблічкі і саджанцы туй.



І зарыпелі рыдлёўкі, і закіпела работа: таты капалі ямы, мамы садзілі дрэўцы, а іх сыны і дочкі з адпаведнай ім непасрэднасцю стараліся дапамагчы. І хутка вырасла алея дрэў сем’яў Купрыновіч, Сямашка, Пугаўскіх, Весяловых, Яновіч, Федасевіч, Фешчанка, Альшук, Герасім і Цеслоўскага, Бакланавых і Буйніцкіх.

Алеся і Андрэй Буйніцкія, КСУП “Гудагай”:

– З радасцю адгукнуліся на прапанову пасадзіць дрэўца. Мы жывём у гэтым горадзе, дык чаму б не зрабіць штосьці для яго. Пасля прывядзём сюды нашых дзяцей і пакажам, каб яны ведалі, што вось тут расце наша сямейная туя.

Анжаліка і Аляксандр Яновічы, Астравецкі лясгас:

– Пасадзіць дрэўца ў тыдзень бацькоўскай любові – напэўна, гэта важна для любой сям’і. Будзе што дзецям расказаць. А паколькі мы працуем у лясгасе, то дакладна ведаем, што расліны прыносяць шмат карысці для навакольнага асяроддзя.

Антаніна і Дзмітрый Весяловы, РУП ЖКГ:

– Мы наогул сям’я актыўная: разам з дзецьмі, а іх у нас чацвёра, за любы “кіпіш”. (Смяюцца.) Дарэчы, і жывём непадалёк – лічы, кожны дзень тут дочкі ў школу ходзяць. А падрасце наша алея – і будзе ўтрая прыемна прагульвацца па гэтай вуліцы. Можна доўга разважаць, як і што трэба рабіць, каб было лепш. А можна ўзяць і зрабіць – для горада, для сябе, для нашчадкаў. 





Текст:
Фото: Марина Мацкевич