В День Независимости у памятника советским воинам и партизанам в Островце прошёл митинг
Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, распачаліся ў Астраўцы з урачыстага мітынгу.
Кіраўніцтва раёна, арганізацый і прадпрыемстваў, прадстаўнікі калектываў, грамадскіх аб’яднанняў і сілавых структур, духавенства, дзеці, моладзь і ветэраны працы сабраліся ля помніка савецкім воінам і партызанам, каб разам адзначыць галоўнае свята нашай краіны – Дзень Незалежнасці і 79-ю гадавіну вызвалення Беларусі і горада Астраўца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
-- Мы, беларусы, маем найвялікшую каштоўнасць -- спакой і згоду ў нашым доме. Яны дасталіся нам неймавернай цаной, і таму сённяшняе свята -- гэта свята ўсіх, каму дарагія і зразумелыя нашы агульныя каштоўнасці: гонар за краіну, жаданне працаваць для яе росквіту і любоў да сваёй зямлі. Мы жывём, працуем і марым. Сёння шчасце складаецца для нас не толькі з таго, каб быць здаровымі і паспяховымі. Шчасце -- гэта не ведаць, што такое вайна, пакуты і голад. Шчасце -- гэта мірнае неба над галавой і ўсмешкі блізкіх людзей. І за гэта шчасце мы ўдзячны нашым бацькам і дзядам -- пакаленню пераможцаў, -- адзначыў старшыня райвыканкама Ігар Шалудзін. -- Іх мужнасць заўсёды будзе яскравым прыкладам любові да Радзімы і свайго народа. Менавіта таму мы абавязаны памятаць, што незалежнасць, гэта, у першую чаргу, велізарная адказнасць перад гісторыяй Беларусі, перад будучым пакаленнем краіны. І колькі б ні прайшло гадоў, мы назаўжды захаваем у сэрцах вобраз тых, каму абавязаны жыццём, блакітным небам, магчымасцю працаваць на карысць нашай суверэннай дзяржавы.
За гады незалежнасці наша краіна прайшла вялікі шлях станаўлення і развіцця. Змяніўся і наш родны горад -- самы малады ў рэспубліцы.
На мітынгу ўзгадалі, што па выніках 2022 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі Астравецкі раён занесены на Рэспубліканскую дошку гонару за дасягненне высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця. З гэтай нагоды Ігар Шалудзін падзякаваў працоўным калектывам і ветэранам за стваральную працу.
У Год міру і стварэння на Астравеччыне пры падтрымцы грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” гімназіі №1 прысвоены статус “Школы міру”. Школьнікі захоўваюць нашу гісторыю і памяць, зберагаюць мір.
-- Ёсць шмат гарадоў, але нідзе нам не будзе так утульна і прыгожа, як на Астравеччыне. Незалежнасць – гэта свабода, незалежнасць -- гэта выбар прафесіі, будучага шляху. Сёння ў нас ёсць усё і мы стараемся і прыкладваем намаганні для выхавання і навучання, каб перадаць дзецям каштоўнасці, важныя для кожнага з нас: памяць, годнасць, веру. Са святам Незалежнасці! Міру, веры, надзеі і любові ў вашыя дамы, -- павіншавала прысутных на свяце дырэктар гімназіі №1 Алена Севасцьян.
Урачыстым маршам прайшлі парадныя разлікі вайсковых часцей і сілавых структур. Нашчадкі герояў Вялікай Перамогі ўсклалі да помніка кветкі і ў хвіліну маўчання ўспомнілі ўсіх, хто аддаў жыццё, каб мы жылі свабоднымі ў мірнай незалежнай краіне.
Напрыканцы мітынгу прайшло тэатралізаванае прадстаўленне, якое нагадала пра пачатак вайны, доўгачаканае вызваленне краіны і прымусіла задумацца пра захаванне гістарычнай праўды.
Наперадзе астраўчан і гасцей горада чакае шмат цікавых мерапрыемстваў: канцэрты мясцовых артыстаў і выступленні запрошаных музычных калектываў, спартыўныя спаборніцтвы, забаўляльныя праграмы, а таксама рэспубліканская патрыятычная акцыя “Спяём гімн разам” і салют.
Далучайцеся – і адсвяткуем Дзень Незалежнасці разам!
З першых вуснаў
Алег Слайкоўскі, камандзір 1146-га гвардзейскага зенітнага ракетнага палка:
-- Сёння ў нашай Беларусі свята. 79 гадоў назад літаральна за суткі быў вызвалены Мінск – сталіца нашай краіны. І гэтая дата воляй народу абрана галоўным дзяржаўным святам, яна стала сімвалам нашай незалежнасці. Сёння нялёгка, але вы паглядзіце ў вочы абаронцаў Айчыны, якія ўвекавечаны і глядзяць на нас з помнікаў, – уражвае іх бясстрашны погляд у твар смерці. Вось ім было нялёгка. Але яны падарылі нам права на жыццё і працу. Дзякуй ім!
Ва ўмовах глабальнай эскалацыі напружання Узброенныя Сілы з’яўляюцца гарантам ваеннай бяспекі дзяржавы, мірнай працы грамадзян, слаўнымі прадаўжальнікамі гісторыі і традыцый краіны. Віншую ўсіх са святам! Жадаю мірнага неба, новых дасягненняў дзеля нашай Рэспублікі Беларусь!