Воздушный дозор Островетчины

16:47 / 11.04.2023

03.jpg

На ахове нябеснай прасторы ў нашым раёне стаяць вайскоўцы 49-й радыётэхнічнай брыгады і 1146-га гвардзейскага зенітнага ракетнага палка, якія базіруюцца непадалёк Варнян. У мінулую нядзелю гэтыя фарміраванні адзначылі прафесійнае свята – Дзень войскаў супрацьпаветранай абароны.

Галоўная задача падраздзяленняў: ахова паветранай прасторы каля Дзяржаўнай мяжы і галоўнага стратэгічнага аб’екта нашай краіны – атамнай электрастанцыі.

Пра сябе і адметнасці службы расказалі вайскоўцы брыгады і палка.

РАЗВЕДКА: радыётэхнічны цэнтр 49-й радыётэхнічнай брыгады

Гістарычная даведка

У жніўні 1932 года ў Гомелі сфарміраваны 11-ты асобны батальён паветранага назірання, апавяшчэння і сувязі, які пазней увайшоў у склад 4-й асобнай брыгады супрацьпаветранай абароны, а перад Вялікай Айчынная вайной перайшоў у падначаленне Кобрынскага брыгаднага раёна. Вайскоўцы змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў баях пад Тулай, Бранскам, Арлом, Курскам, Сталінградам, Яльцом. У 1952 годзе часць перайменавалі ў 49-ты радыётэхнічны полк, а ў 2009-м полк пераўтвораны ў брыгаду.

Яфрэйтару Ігару Панышу застаўся ўсяго месяц да звальнення ў запас.

Прызвалі мінчаніна ў армію пасля заканчэння каледжа.

– Начальную ваенную падрыхтоўку праходзіў у Мачулішчах, пасля быў накіраваны ў Астравецкі раён. Напэўна, за ўсю службу самым складаным быў першы месяц: пакуль асвоіўся, зразумеў, што ды як, – гаворыць малады чалавек. – Па прыбыцці на месца мы не адразу прыступілі да выканання акрэсленых згодна займаемай пасадзе задач -- гэтаму трэба было навучыцца. На першыя дзяжурствы заступалі пад наглядам афіцэраў, і толькі здаўшы “залік”, пачалі выходзіць самастойна.

Праз паўгода радавому Панышу за добрыя паказчыкі па выкананні службовых задач прысвоілі званне яфрэйтара.

– Я аператар. У мае абавязкі ўваходзіць адсочваць абстаноўку на паветранай прасторы – дастаткова вялікі радыус назірання, – тлумачыць Ігар. – Баявое дзяжурства нясём у машынах, аснашчаных розным абсталяваннем: станцыямі, лакатарамі, радыёвышынямерамі, комплексамі сродкаў аўтаматызацыі… Кожнаму аператару вызначаны пэўныя каардынаты, у межах якіх вядзецца назіранне. Калі ў полі зроку з’яўляецца падазроны аб’ект, дакладваем аператыўнаму дзяжурнаму на камандны пункт, дзе прымаюць рашэнне аб далейшых дзеяннях. Наша падраздзяленне займаецца толькі разведкай паветранай прасторы, а па выяўленых старонніх аб’ектах “працуюць” зенітчыкі.

Пасля службы ў арміі Ігар плануе ісці ў выратавальнікі.

– У фізічным плане я ў поўнай баявой – армія дапамагла: рэжым, трэніроўкі… Таму буду спрабаваць, – усміхаецца хлопец.

Прапаршчык Святлана Петрашэўская змяніла грамадзянскую прафесію на ваенную 4 гады таму.

02.jpg

– Прыехала я з Магілёўшчыны. Адвучылася ў медкаледжы, працавала ў Мсціслаўскай паліклініцы памочнікам урача. А потым выйшла замуж за ваеннага – і адправілася ўслед за мужам служыць, – усміхаецца Святлана. – Калі ехалі сюды, ведала, што ў медпункце ёсць вакансія фельчара – сямейны падрад ужо чакалі. Дарэчы, хоць мы з мужам і ў адной часці, бачымся толькі падчас пастраенняў – у кожнага свае абавязкі.

Жанчына кажа, што паміж працай і службай – розніца ёсць, і яна істотная.

– І, па шчырасці, мне ў арміі прасцей, чым на грамадзянцы. Хаця як успомню першыя дні… Цяжка было пераключыцца на зусім іншую хвалю, прызвычаіцца да статутных адносін. І “зоркі” павывучваць! Добра, што муж дапамагаў, – смяецца фельчар. – Прыйшла сюды ў званні радавога, каб атрымаць прапаршчыка, адвучылася 5 месяцаў на ваеннай кафедры сталічнага медінстытута.

У абавязкі Святланы ўваходзіць допуск да баявога дзяжурства, дыспансерызацыя, лячэнне ваеннаслужачых з лёгкімі захворваннямі, аказанне першаснай дапамогі…

– Ведаеце, з чым найчасцей звяртаюцца за меддапамогай? – пытае ў мяне фельчар і адразу ж адказвае: – З мазалямі. А калі патрэбен агляд вузкага спецыяліста – то накіроўваем ваеннаслужачага ў мясцовую паліклініку альбо шпіталь. Яшчэ вядзём амбулаторныя карткі, возім салдат на абследаванне – усё, як і ў паліклініцы. І на курсы павышэння кваліфікацыі нас таксама адпраўляюць. (Усміхаецца.)

АХОВА: 1146-ты гвардзейскі зенітны ракетны полк

Гістарычная даведка

Полк вядзе адлік існавання ад асобнага зенітна-артылерыйскага дывізіёна, які быў сфарміраваны пад Ленінградам у жніўні 1941 года. Вайскоўцы дывізіёна абаранялі форты “Красная Горка”, “Серая лошадь”, прыкрываў “Дарогу жыцця”, Волхаўскую ГЭС, Ленінградскую вобласць. У жніўні 1943-га 251-шы асобны зенітны артылерыйскі дывізіён перайменаваны ў 36-ты гвардзейскі зенітны артылерыйскі дывізіён. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ён дыслацыраваўся ў Клайпедзе. У 1956 годзе ў Оршы з’явілася новае падраздзяленне -- 1146-ты гвардзейскі зенітны ракетны полк, у які ўвайшоў і 36-ты дывізіён. Дваццаць гадоў таму полк перастаў існаваць, а ў снежні 2017-га ён быў зноў сфарміраваны.

Гвардыі малодшы сяржант Канстанцін Ханевіч служыць пяты месяц.

04.jpg

У армію астраўчанін пайшоў пасля вучобы ў каледжы.

– Прызвалі адразу ў часць, дзе знаходжуся і цяпер. Пасля праходжання начальнай ваеннай падрыхтоўкі нас размеркавалі па розных накірунках службы –пачалося навучанне вызначанай спецыфіцы. Для гэтага ёсць заняткі (яны стаяць у распарадку дня): тэорыя, практыка з выкарыстаннем поўнамасштабных трэнажораў… Так было цягам месяца згодна функцыяналу пасады, на якую рыхтуюць байца. І ў завяршэнні – кантрольныя заняткі, – пералічвае малады чалавек і падагульвае: -- Словам, як у школе: тлумачаць, паказваюць, практыкуешся, робіш дамашняе заданне – і на наступны раз адказваеш і паказваеш тое, чаму вучылі на папярэднім “уроку”.

Чарговае званне наш зямляк атрымаў пасля сяржанцкіх збораў.

– Яны праходзілі на нашай базе – сюды прыязджалі ваеннаслужачыя з усіх воінскіх часцей і злучэнняў службы проціпаветранай абароны, -- тлумачыць вайсковец. – Зборы ўключалі заняткі па фізічнай, страявой, агнявой падрыхтоўках, статутах – па ўсіх прадметах агульнавайсковых дысцыплін, а таксама па розных службовых накірунках.

За высокія паказчыкі, прадэманстраваныя падчас збораў, неаднаразовыя заахвочванні ад камандавання палка і камандавання 1-й зенітнай ракетнай батарэі – Канстанціну прысвоілі званне гвардыі малодшага сяржанта і прызначылі на пасаду намесніка начальніка разліку, старшага аператара.

– Асноўная мая задача падчас баявога дзяжурства – сканіраванне паветранай прасторы з дапамогай сістэмы выяўлення цэляў “Свой-чужы”, – расказвае наш зямляк. – На ўзбраенні ў нас самая сучасная тэхніка – зенітны ракетны комплекс “Тор-М2Э”. Аснашчэнне гэтых машын дазваляе адсочваць і паражаць не толькі аэрадынамічныя, але і балістычныя цэлі ў складанай паветранай абстаноўцы, ва ўмовах перашкод.

Гвардыі старшы лейтэнант Аляксандр Амялішка ў сістэме супрацьпаветранай абароны 3 гады.

01.jpg

Ураджэнец Гродна прыбыў ў вайсковую часць пасля заканчэння Ваеннай акадэміі – хлопец па спецыяльнасці псіхолаг.

– Асноўная задача – работа з людзьмі. Вяду псіхалагічнае суправаджэнне службовай дзейнасці вайскоўцаў, а таксама членаў іх сямей. Займаюся адборам кандыдатаў на кантрактную службу, салдат для заступлення на баявое дзяжурства – на яго можа трапіць не кожны, нават за ўвесь перыяд службы, – заўважае малады чалавек. – Акрамя таго, у мае абавязкі ўваходзіць псіхалагічная карэкцыя – каб перыяд адаптацыі вайскоўца да службы прайшоў як мага лягчэй і хутчэй, прычым гэты час у кожнага розны: каму трэба месяц, а каму і паўгода.

Асабліва цесна ўзаемадзейнічае псіхолаг з маладым папаўненнем. За перыяд начальнай ваеннай падрыхтоўкі ён максімальна дэталёва павінен “адгледзець” асобу кожнага навабранца.

– У твар, па імені, паводзіны і гэтак далей. У гэты час я вельмі цесна ўзаемадзейнічаю з салдатамі. Калі ўзнікае неабходнасць, размаўляю з бацькамі салдат, педагогамі ўстаноў адукацыі, дзе хлопцы вучыліся, – усё гэта для таго, каб зрабіць заключэнне аб прызначэнні ваеннаслужачага на канкрэтную пасаду, у тым ліку і да выкання задач баявога дзяжурства, – тлумачыць Аляксандр.

Як, і ва ўсіх калег, службовы дзень псіхолага пачынаецца з пастраення на плацы, а пасля ён адпраўляецца ў камандны пункт – ацэньваць псіхаэмацыянальны стан ваеннаслужачых, якія заступаюць на баявое дзяжурства.

– І далей – згодна складзенаму плану (распрацоўваю яго на месяц), – усміхаецца афіцэр. – Ёсць вызначаныя дні, калі працую з ваеннаслужачымі, якія патрабуюць дадатковай увагі; акрамя таго праводжу анкетаванні, заняткі з салдатамі тэрміновай службы і пастаянным складам… У другой палове дня ацэньваю псіхаэмацыянальны стан тых, хто будзе заступаць на сутачны нарад. І абавязкі ваеннаслужачага для мяне ніхто не адмяняў: фізпадрыхтоўка, заняткі-трэнажы, нарады…

Фота аўтара і з архіва 49-й ртб.

Текст: Рита Дремо