Каляды свайго дзяцінства ўзгадвае ксёндз Дзмітрый Леўчык
Пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах Дзмітрый Леўчык
Як адзначаў ў дзяцінстве гэтую ўрачыстасць і як святкуе зараз Ражаство, расказаў святар.
Нарадзіўся і гадаваўся будучы святар у Навагрудку. З дзяцінства яму запомнілася, што Божае Нараджэнне для іх было сямейным святам, калі ўсе збіраліся на сумесную вячэру за вігілійным сталом.
– Ведаю, што некаторыя на гэтае свята ехалі да бабуль-дзядуль на вёску, але ў нас было прынята на Каляды быць дома. Елку прыносіў тата – упрыгожвалі разам. Брат старэйшы за мяне на 8 гадоў і ў яго дастаткова рана з’явілася сама сям’я, то часта аплаткай дзяліліся толькі мама, тата і я. Папярэдне маліліся, чыталі ўрывак з Евангелля пра нараджэнне Езуса, – успамінае святар. – На стале, пакрытым белым абрусам, былі посныя стравы. Запомнілася, што ўсё было па-просту, але неяк утульна і цёпла. Гэты святочны вечар заканчваўся ўдзелам у Пастэрцы, якую ў нашым касцёле праводзілі апоўначы.У падлеткавым узросце Дзмітрый з сябрамі збіраліся звычайна ля касцёла раней: жартавалі, гулялі ў снежкі, прыгадвалі смешныя выпадкі.
У многіх каталіцкіх сем’ях Дзед Мароз прыходзіць менавіта на Каляды, а не на Новы год. А ў сям’і Леўчыкаў такой традыцыі не было.
– З маленства, колькі сябе памятаю, я не верыў у Дзеда Мароза. Увогуле з дзяцінства рос разважлівым і дастаткова скептычным. Разумеў, што казка – гэта толькі казка, якая нічога агульнага не мае з рэальнасцю. Ад бацькоў ведаў з малых гадоў, што Бог існуе, – прызнаецца святар.
Значны ўплыў на духоўны выбар Дзмітрыя аказаў мясцовы пробашч: на працягу пяці гадоў у парафіі былі пакліканні – і юнакі паступалі ў духоўную семінарыю, праўда, не ўсе сталі святарамі.
Па прызнанні ксяндза Дзмітрыя, найбольш яму запомнілася Божае Нараджэнне не з дзяцінства, а са святарства.
– Гэта было падчас майго вікарыяту ў Ваўкавыску. Там была традыцыя, калі ўсіх разам збіраў светлай памяці пробашч Антоній Філіпчык – дарэчы, ураджэнец Астравеччыны. Пра тыя аплаткавыя сустрэчы засталіся самыя цёплыя ўспаміны, – працягвае святар. – Цяпер на свята забраў бацькоў з Навагрудка да сябе ў Гервяты.
Для ксяндза Дзмітрыя Божае Нараджэнне – гэта не толькі таямніца веры, а сімвалічная і значная падзея.
– Сам факт, што ў гэты свет Сын Божы прыходзіць, як дзіця, адкрывае для нас сапраўднае, светлае, добрае, – лічыць пробашч. – Найчасцей у гэты вігілійны вечар падчас дзялення аплаткай, калі просім прабачэння і адрасуем пажаданні, мы па максімуму праяўляем дабрыню, добразычлівасць да іншага чалавека. Варта спытацца ў сябе: што ў іншыя дні перашкаджае нам праяўляць свае найлепшыя якасці? Усцешаны, што трэці год запар радасць раздзялю з вернікамі ад свята, якое ў нашай парафіі распачнецца батлейкай. Яе падрыхтавалі дзеткі з катэхеткай Кацярынай Емяльян. Кожнаму жадаю сямейнай цеплыні, шчырай дабрыні і ўзаемнай любові.