Знакомьтесь: главный бухгалтер СПК "Гервяты" Гелена Волейко!

12:00 / 18.01.2016
гордость района ВолейкоПамыляюцца тыя, хто лічыць, што работа бухгалтара нецікавая і пазбаўлена рамантызму. Наадварот, яна патрабуе творчага падыходу, увагі і прафесіяналізму, таму што ад бухгалтара залежыць работа цэлай арганізацыі і ўсяго калектыву. У гэтым упэўнена галоўны бухгалтар СВК “Гервяты” Гэлена Антонаўна Валэйка, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару.
Прафесіянал, да якога маладыя спецыялісты звяртаюцца за парадамі, прывабная жанчына, якая разам з мужам выгадавала трох дзяцей, і добрая гаспадыня, Гэлена Антонаўна падзялілася сваімі думкамі пра прафесію, развагамі пра ролю жанчыны і ўспамінамі са свайго асабістага жыцця.

– Прафесію бухгалтара я выбрала выпадкова. Чамусьці лічыцца, што мы з дзяцінства марым кімсьці стаць ці быць на некага падобным. У мяне такога не было.
Я нарадзілася на Ашмяншчыне ў простай шматдзетнай сям’і. Бацькі, Антон Пятровіч і Станіслава Францаўна Гушчы, працавалі ў калгасе “Ураджай” – згадзіцеся, вельмі прыгожая і незвычайная назва! – зараз гэта кааператыў “Прыгранічны”. Я, сястра і два браты з дзяцінства дапамагалі бацькам па гаспадарцы, а яна ў нас была вельмі вялікая: трымалі некалькі кароў, свіней і безліч птаства. У той час працаўнікам калгасу давалі па гектару льну – і мы разам з бацькамі рвалі яго, а потым сцялілі.
– Як і ўсе вясковыя дзеці, працы я не баялася. Толькі калі надышоў час вызначыцца з прафесіяй, у вялікі горад не паехала.
Нездарма кажуць, што дома і сцены грэюць, пагэтаму пасля 8 класа я падала дакументы ў Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум на спецыяльнасць “бухгалтарскі ўлік”. Як паказаў час, не памылілася, што не паехала, як многія, у Мінск ці Вільнюс.
– Ніколі не падумала б, што Гервяты і тагачасны калгас “Радзіма”, куды мяне размеркавалі па накіраванні пасля заканчэння тэхнікума, стануць для мяне другой радзімай.
Памятаю, прыехала я сюды напачатку 80-х гадоў. Паўсюль балота было, не тое што зараз: тэрыторыя добраўпарадкаваная і заасфальтаваная. Мяне гасцінна сустрэў тагачасны старшыня калгаса Андрэй Андрэевіч Галагаеў і супакоіў: маўляў, не хвалюйся, дзяўчо, усё атрымаецца. Я вельмі ўдзячна Андрэю Андрэевічу за падтрымку, таму што мне, дзевятнаццацігадовай дзяўчыне, было вельмі боязна.
– Сёлета ў жніўні споўніцца 36 гадоў, як я працую ў СВК “Гервяты”.
За гэты час я прайшла шлях ад звычайнага да галоўнага бухгалтара. Як толькі прыйшла працаваць у калгас, усе вылічэнні рабіліся ўручную спачатку на лічыльніках, пасля на электронных вылічальных машынах. На змену ім прыйшлі камп’ютары. Я стаяла ў вытокаў укаранення камп’ютарных праграм у бух галтарскую работу: спачатку сама засвоіла, а потым дапамагала разабрацца з тонкасцямі работы на “разумнай машыне” іншым бухгалтарам. Завочна скончыла Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут.
– Мне заўсёды падабалася мая работа і лічбы.
Цікава вылічваць сабекошт прадукцыі, прыбытак ад яе рэалізацыі… А калі надыходзіць час квартальных справаздач, то і на выхадных магу прыйсці на працу, каб зрабіць баланс.
– Радуе, што гэткую ж дарогу, як некалі я, абірае зараз і моладзь.
У мінулым годзе ў СВК “Гервяты” прыйшлі працаваць чатыры маладыя спецыялісты-бухгалтары. Я імкнуся дапамагаць ім не толькі прафесійнымі парадамі, але і справай, таму што добра памятаю сябе, дзевятнаццацігадовую, пасля заканчэння Ашмянскага тэхнікума.
– Праз год пасля таго, як прыехала ў Гервяты, я выйшла замуж. Са сваёй другой палавінай, мужам Яўгенам Іванавічам, мяне звяла музыка.
У той час у калгасе быў свой хор, якія выступаў на святах не толькі ў Гервятах, але і ў Астравецкім раёне і ў вобласці. У хоры спявалі маладыя спецыялісты, пагэтаму мне прапанавалі далучыцца да аматарскага музычнага аб’яднання. Так я пазнаёмілася з Яўгенам. У нас нарадзілася трое цудоўных дзяцей, якія самі ўжо сталі бацькамі.
– Самае галоўнае дасягненне кожнай жанчыны, незалежна ад прафесійнай дзейнасці, – гэта яе сям’я і дзеці, пагэтаму я з упэўненасцю магу сказаць, што тры не толькі мае, але і мужа дасягненні – гэта дочкі Марына і Аня, сын Павел і шасцёра ўнукаў. Калі яны збіраюцца ў нашым доме, маё сэрца напаўняецца радасцю і шчасцем, што мы – адна вялікая і дружная сям’я.

Тры жыццёвыя парады ад галоўнага бухгалтара СВК “Гервяты”
*Што б ні здаралася ў жыцці – ніколі не апускайце рукі. Нешта не атрымліваецца з трэцяга разу – значыць, абавязкова атрымаецца з пятага ці шостага.
*Заўсёды спадзявайцеся і верце ў лепшае, і тады яно будзе ў жыцці.
*Беражыце сваіх блізкіх і любімых і часцей нагадвайце ім, што яны значаць для вас.

--------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.