Вязальшчыца Часлава Адахоўская: шлях ад захаплення да майстэрства

16:00 / 10.08.2025
Многія жанчыны ўмеюць вязаць (сама грэшная: люблю пазабаўляцца з пруткамі, хоць і разумею, што прасцей, хутчэй, а часам нават і танней купіць патрэбную рэч). Некаторыя робяць гэта добра і нават адмыслова.

І ўсё ж, калі бачу Чаславу Адахоўскую ў чарговым непаўторным жакеце, кардыгане, кофтачцы, сукенцы, касцюме ўласнаручнай вытворчасці, не магу стрымаць захопленага «Ах!» 

І разумею, колькі трэба вучыцца і практыкавацца, каб дасягнуць такога ўзроўню. Ды і ці магчыма гэта?

Часлава Генрыхаўна доўга адбівалася ад маіх прапаноў расказаць пра яе захапленне, маўляў, усе вяжуць, я не лепшая за іншых. Але я была настойлівай… Урэшце, яна здалася.

– Вязаць навучылася ад мамы, светлай памяці Яніны Іванаўны Русак, – расказвае Часлава Генрыхаўна. – Яна была тая яшчэ рукадзельніца. Хоць, здавалася б, калі ёй? Працавала на ферме, усё жыццё хадзіла ў перадавіках. Дома свая гаспадарка, сям’я, дзеці. Але ж паспявала. Вось вы кажаце – майстэрства. А я і сёння не ўмею так, як мама, неадукаваная вясковая жанчына: убачыць на некім кофту з новым узорам, прыйдзе дахаты – і тут жа яго вывяжа па памяці. А якія складаныя ўзоры прыдумвала для дываноў! Возьме аркуш паперы ў клетачку і ўсё дакладна намалюе, а потым паўторыць на кроснах. 

Даўней вязанне было не столькі захапленнем ці рэлаксацыяй, як цяпер, колькі сродкам аблегчыць жыццё. Жанчына ўспамінае, што бацькі заўсёды трымалі авечак. Іх мылі перад тым, як стрыгчы, а затым яна, дзяўчынка, паклаўшы на калені галаву паслухмянай жывёліны, супакойвала яе, а мама зразала пасмы спецыяльнымі вялікімі нажніцамі. Затым воўну расскубвалі, мылі, везлі на ваўначоску. Мама прала ніткі, з іх вязалі цёплае, даўгавечнае і прыгожае адзен­не: світары, кофты, камізэлькі, рукавіцы, шкарпэткі… Пруткоў не было, іх рабілі з веласіпедных спіц: заточвалі адзін канец, надзявалі які-небудзь абмежавальнік на другі…

У дзяцінстве Чэся лічыла, што вяжуць усе дзяў­чаты – а як інакш? А калі паступіла ў Навагрудскі сельгастэхнікум, зразумела: не ўсе… Яна ахвотна абвязвала сябровак, якія не ўмелі ці не любілі гэтым займацца.
А калі выйшла замуж і адно за другім нара­дзілася трое дзяцей, то ўменне з нічога зрабіць нештачка ў часы павальнага дэфіцыту набыло практычнае значэнне.  Распусціў старую кофту – атрымаўся касцюмчык малому, абтрапаліся рукавы ў світара – можна з гэтых нітак звязаць камізэльку, шапку, у крайнім выпадку, шкарпэткі.

– У 90-я нітак было не купіць, – успамінае Часлава Генрыхаўна. – Выручалі рознакаляровыя «падушкі» з нітронавым валакном – прадаваліся кіла­грамовыя ўпакоўкі. І каштавалі танна. Валакно было штучнае і не самай высокай якасці, затое яркае і прыгожае, самых розных колераў. Яго яшчэ трэба было спрасці – тут ужо мама выручала. 

Затое дзеці Адахоўскіх заў­­сёды фарсілі ў яркіх аб­ноўках! Нехта з зайздрас­цю гаварыў: вядома, стар­шы­нёўскія! (Вя­часлаў Ада­­хоўскі на працягу мно­гіх га­доў уз­начальваў калгас «Ра­­­дзі­ма»). І мала хто ведаў, што пер­шая гервяцкая лэ­дзі, па­даіўшы карову, да­гле­­­­дзеў­шы немалую, як і ў ін­­шых вясковых жанчын, гас­­па­­­дарку, прыбраўшы дом і на­карміўшы сям’ю, да­пазна ся­­дзіць з пруткамі, каб у сы­­на і дачок з’явіліся но­выя пры­го­жыя світарок ці сукенач­ка, якіх ні ў кога больш не было.

З узорамі і мадэлямі таксама існавалі праблемы: кніг па вязанні амаль не выпускалі і яны былі ў дэфіцыце, як і ўсё астатняе ў той час. 

– А мне, у адрозненне ад мамы, патрэбна схема, – прызнаецца вязальшчыца. – Неяк па вялікім блаце дасталі кніжку з апісаннямі вязаных вырабаў – колькі радасці было! Потым стаў выходзіць часопіс для вязальшчыц «Ксюша» – адразу падпісалася.

…Цяпер хапае ўсяго: розных нітак, інструментаў для вязання, мадэляў, іх апісанняў, відэаўрокаў. Рукадзельніцы ўсяго свету аб’ядноўваюцца ў інтэрнэце ў групы і дзеляцца сваімі ўменнямі і сакрэтамі – Часлава Генрыхаўна ўздымаецца на больш высокія прыступкі майстэрства, у якое даўно перарасло яе захапленне. Яе спрытным рукам падуладны не толькі пруткі, але і кручок: сурвэткі і абрусы яе работы могуць упрыгожыць любую мэблю, а вывязаныя з асобных элементаў кофтачкі, сукенкі, касцюмы выклікаюць шчырае захапленне самых патрабавальных модніц! Па-ранейшаму, убачыўшы цікавую мадэль, яна загараецца: «Хачу!» – і шукае ніткі, разбірае складаныя ўзоры, асвойвае новыя тэхнікі. 

Канешне ж, сёння ўсё можна купіць. Але такіх рэчаў, што вывязвае Часлава Генрыхаўна, – не. Ці яны будуць каштаваць нейкіх нерэальных грошай. 

Ды і не гэта галоўнае. Для жанчыны яе дзіцяча-юнацкае захапленне даўно стала неад’емнай часткай жыцця, часцінкай яе самой.

Адно толькі засмучае Чаславу Генрыхаўну: дзеці і ўнукі не носяць прыгожыя ўборы, звязаныя яе рукамі. Што ж, у іх свой стыль жыцця і адзення і свае прыярытэты. 

Затое гардэробу Чаславы Адахоўскай можа пазайздросціць любая модніца, якая цэніць трыкатаж і ручную работу!

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик