Тры іпастасі Іосіфа Раўдановіча

15:00 / 12.05.2014
У кожнага чалавека процьма твараў і вобразаў. Абставіны, кампанія, надвор’е, уласныя думкі і шмат што яшчэ прымушаюць нас мяняць калі не цалкам характар, дык хоць бы яго эмацыйную афарбоўку і паказваць свету сваё адпаведнае сітуацыі “я”. І ўсё ж у гэтай галерэі нашых “праяўленняў” ёсць вобразы пастаянныя, неаддымныя ад нашай сутнасці: забі іх у сабе – і страціш сам сябе.
У Іосіфа Раўдановіча такіх базавых сутнасцяў, прынамсі, тры: бізнесмен, захавальнік гісторыі (як ён сам вызначае гэты накірунак сваёй жыццядзейнасці) і… стваральнік песень.

Бізнесмен

Бізнесмен ён – з дзяцінства.
…Шмат гадоў таму тагачасны старшыня райспажыўтаварыства Чарняк прыбыў з “кантралюючай” мэтай у Міхалішкаўскі магазін гаспадарчых тавараў. Гандаль ішоў бойка, але, як адразу падалося старшыні, прадавец пры гэтым… не прысутнічаў. І толькі пасля таго, як чарга “рассасалася”, ён заўважыў белабрысую патыліцу, што выглядвала з-за прылаўка. Яе сямігадовы ўладальнік разлічыў апошняга пакупніка і падышоў да Чарняка:
– Хочаце што-небудзь набыць? – спытаўся. – Не? Тады, калі ласка, пакіньце гандлёвую залу…
Старшыня райспажыўтаварыства збянтэжана выйшаў на вуліцу. За ім з дзелавітым выглядам краму пакінуў і хлопчык: акуратна шчоўкнуў замком уваходных дзвярэй і накіраваўся ў глыб двара. Заінтрыгаваны Чарняк праследаваў за ім. Ля бочкі з газай стаяла невялікая чарга, Юзік – а гэта быў, канешне ж, ён (у “Гаспадарчых таварах” працавала яго маці, якую хлопчык штодня падмяняў на час дойкі кароў), дастаў спецыяльную латунную мерку і пачаў рэалізацыю паліва для хатніх лямп і прымусаў...
Пра гэты выпадак Чарняк пазней расказаў на агульным сходзе работнікаў раённай кааперацыі. Пахваліў дзелавую хватку хлопчыка, сказаў: “Расце змена”. Маці вярнулася са сходу з чырвонымі (і ад сораму, і ад гонару за сына) шчокамі.
…Дарослае жыццё Іосіф Раўдановіч пачаў з “баранкі” аўтамабіля: у родным калгасе імя Кірава стаў працаваць на бензавозе.
Дарэчы, менавіта гэты перыяд свайго жыцця сённяшні паспяховы бізнесмен успамінае з асаблівым замілаваннем:
– З прыемнасцю ўзгадваю “ранішнікі” на мехдвары, – прызнаецца ён. – Нетаропкі абмен навінамі. Праславуты мужчынскі гумар. Спецыфічныя розыгрышы… Цікава жылося – прынамсі, я нічога не планаваў мяняць. Але лёс распарадзіўся па-свойму…
Марына, жонка Іосіфа, працавала швачкай у Міхалішкаўскім філіяле раённага Дома быту. Аднойчы, у самым пачатку дзевяностых гадоў, туды зазірнуў незнаёмы літовец і ў кожнай з пяці швачак заказаў сабе штаны. Праз вызначаны час забраў заказ і, старанна яго разгледзеўшы, прапанаваў Марыне – ёй адной! – доўгатэрміновы кантракт.
– Неўзабаве жонка звольнілася з працы і пачала шыць дома, – расказвае Іосіф. – Раскрой стаў маёй справай: днём я займаўся дастаўкай ГЗМ, а па начах перакваліфікоўваўся ў закройшчыка. Літовец шчодра аплачваў нашы высілкі. Для параўнання: старшыня гаспадаркі атрымліваў у той час 400 рублёў, а мая жонка – дзве тысячы…
Потым быў пераезд у Астравец і эра “карабейніцтва”, калі Іосіф з мэтай “купі-прадай” падарожнічаў па Польшчы, Расіі, Турцыі, Кітаі…
Першы ўласны магазін… Другі…
І сённяшняе, незразумелае староннім жаданне пазбавіцца ад абодвух.
– На нейкім этапе камерцыйная дзейнасць перастала прыносіць задавальненне, – паціскае плячыма Іосіф Іосіфавіч. – Хіба што маральную стому… Вось так кінуў бы ўсё і пайшоў бы ў вартаўнікі! Уласна кажучы, паціху сапраўды кідаю. Да прыкладу, адмовіўся ад прадуктовага магазіна “Юліа”, а плошчу, якая вызвалілася, аддаў у арэнду гандляру ювелірнымі вырабамі. Так што астравецкія прыгажуні хутка будуць мець шанс у літаральным сэнсе дадаць сабе бляску…



Захавальнік гісторыі

Ёсць у памяшканні крамы “Юліа” пакой з асобным уваходам. Спецыфічнае памяшканне. Штосьці кшталту машыны часу. Адчыняеш уваходныя дзверы – і трапляеш у мінулае. Выстава экспанатаў пачынаецца яшчэ на лесвіцы, “бакавушкі” якой упрыгожвае калекцыя фотаапаратаў, самых розных: нямецкіх, расійскіх, французскіх, з гафраванай дыяфрагмай, з рухомым аб’ектывам, з іншымі тэхнічнымі і дэкаратыўнымі дзівосамі.
Проста на прыступках стаіць парачка самавараў і прасаў на вуголлі – экспанаты занадта распаўсюджаныя (пакуль што!), каб быць у пашане ва ўладальніка. Нарэшце заходзіш у пакой і – оба-на! – трапляеш у сапраўдны музей: чатыры тысячы значкоў самай шырачэннай (ад армейскіх – да “Беражы радзіму – тваю маці!”) тэматыкі, 300 экзэмпляраў вырабаў з фарфору, падборка патэфонаў, большасць з якіх знаходзіцца ў рабочым стане, пішучая машынка “Ундервуд”… Два старажытныя, багата аздобленыя крэслы, пра якія іх гаспадар гаворыць: “У Тракайскім палацы адзін такі, у мяне – два”. І – дзіцячая каваная люлька. І – калекцыя рэдкіх узнагарод…
– Вось гэты ордэн – унікальная ўзнагарода, – паказвае Іосіф Іосіфавіч. – Фактычна на тэрыторыі Беларусі іх захавалася толькі два, адзін з якіх знаходзіцца ў мяне. Гэтай узнагародай адзначаліся святары, якія ўдзельнічалі ў Другой сусветнай вайне. Яго атрымаў у свой час настаяцель стараверскай царквы ў Стрыпішках. Аднойчы падчас наведвання гэтай святыні я разгаварыўся з ім: пра вайну, пра гісторыю. Потым, калі я, развітаўшыся, вырашыў зазірнуць на стараверскія могілкі, настаяцель дагнаў мяне і аддаў сваю ўзнагароду: бяры, маўляў, мне ўжо няшмат засталося, а паслядоўнікаў няма…
– А гэтую незвычайную ўзнагароду атрымаў у пачатку 80-ых гадоў калгас імя Чапаева (сённяшні СВК “Варняны”), – працягвае расповед захавальнік гісторыі. – Вялікая зорка з апрацаванага каменя. Выпадкова я даведаўся, што яе збіраюцца прадаць за межы раёна, прапанаваў больш высокую цану – і рэдкая ўзнагарода засталася ў раёне.
Іосіф Іосіфавіч з апантаных – з тых, хто гатовы распавядаць пра кожны экспанат: гісторыю яго ўзнікнення і знаходкі, значэнне, кошт… Пра сваю нумізматычную калекцыю, да прыкладу, ён можа гаварыць гадзінамі.
У ёй – каля 500 манет розных часоў і краінаў, 300 з якіх – сярэбраныя. Самая старэйшая манета часоў Івана Жахлівага – іх не вылівалі, а секлі з сярэбранага дроту. Шмат юбілейных і іншых рарытэтаў.
І ўсё ж асаблівую цікавасць Раўдановіч выказвае да гісторыі сваёй маленькай радзімы – да Міхалішак.
– Гэта населены пункт з асаблівым магнетызмам, – сцвярджае ён. – Да яго прырастаюць душой, каб памятаць усё жыццё. Нават калі потым няма магчымасці праведаць. Праз Міхалішкі ішоў Напалеон са сваім войскам. Падарожнічаў і апісаў іх у сваёй кнізе граф Тышкевіч. Міхалішкі сталі запаветнай “краінай”, пра якую ён марыў усё жыццё, для яўрэйскага паэта Менке Каца…
Ясная справа, што пры такіх адносінах да мястэчка гісторыя паселішча ў яго захавальніка – на першым месцы. Іосіф Іосіфавіч сабраў унікальную падборку фотаздымкаў, на якіх касцёл і плябанія сфатаграфаваны яшчэ перад вайной. “Стоп-кадры” будаўніцтва Дома культуры ў Міхалішках. Фотамоманты даўніх местачковых святкаванняў. Былыя старшыні калгаса імя Кірава. А яшчэ – героі і пакутнікі мястэчка, у ліку якіх і яўрэі, загінуўшыя ў гета Астравеччыны або расстраляныя ў Панарах.



Стваральнік песень

А вось звярнуўся да музычнай творчасці Раўдановіч літаральна тры гады таму назад. Не, на гітары ён іграў з пятага класа. У якасці выкладчыка тут выступіў у свой час школьны настаўнік працы. У інструментальным ансамблі, які з лёгкай рукі апошняга з’явіўся ў школе, Іосіф іграў звычайна на рытм-гітары. Хаця… У яго музычнай самаадукацыі быў і “духавы” перыяд, гэта калі яшчэ адзін настаўнік надумаў стварыць пры школе аркестр духавых інструментаў. Іосіфу даверылі быць “першай трубой”.
– І такі азарт мяне ахапіў тады, – смяецца Іосіф Іосіфавіч, – што дудзеў дзень і ноч. Ажно шчокі хадуном хадзілі! Бацькам, прынамсі, вушы прадудзеў канчаткова…
З аркестрам, праўда, так і не склалася, а вось на гітары Раўдановіч іграе і сёння. Мае, дарэчы, і акустычную гітару, і электра-. Ёсць у яго таксама акардэон “Хорх” і фірменны баян.
– Калі іх набываў, спадзяваўся, што дзеці зоймуцца музыкай, – уздыхае ён. – Але сучаснай моладзі камп’ютар засціць свет – больш нічога ім ад жыцця не трэба… Можа, унукі захочуць?..
Дык вось, калі да музыкі пэўныя адносіны Іосіф Іосіфавіч меў, то з паэзіяй ён, лічы, толкам так і не пазнаёміўся. Не да таго было! Трэба было дапамагаць маці – і на працы, і дома. А калі і выдавала ся вольная хвілінка, цікавей было пабавіцца з сябрамі на вуліцы, чым “сушыць мазгі” з падручнікам у руках.
– Мой дзённік пярэсціў двойкамі, – смяецца Іосіф Іосіфавіч. – Але гэта не асабліва перашкаджала. Прынамсі, на маім школьным жыцці не асабліва адбівалася. У рэальным жа наогул часта атрымліваецца, як у вядомай прымаўцы: “Паважай свайго аднакласніка-двоечніка – магчыма, у будучым ён дасць табе працу…”
Карацей, ён быў звычайным вясковым хлапчуком, які не тое, што не пісаў вершы – нават не чытаў іх.
А тры гады таму прыехаў да Іосіфа ў госці смаргонскі спявак Сяргей Функ. Выпілі, як водзіцца, залажылі бяседу.
– Спяваў бы ты, Сяргей, свае ўласныя песні, – не вытрымаў Іосіф. – Навошта табе гэтыя перапеўкі “Лесапавалу”? Арыгінал усё роўна заўсёды лепшы за копію…
– Ды ведаю я, – злёгку пакрыўдзіўся той. – У мяне мелодый процьма, але дзе ўзяць адпавядаючыя майму светаадчуванню тэксты?..
– Давай я напішу, – пажартаваў Іосіф.
Пасмяяліся – і раз’ехаліся.
А праз нейкі час незнарок сказанае пачало непакоіць. “Мужык сказаў – мужык зрабіў” – парушалася асноўнае жыццёвае правіла Раўдановіча. Падобнае “святатацтва” ён не мог сабе дазволіць, таму аднойчы бяссоннай ноччу сеў за стол і… напісаў песню.
Функу спадабалася, і ён звёў Іосіфа са смаргонскім кампазітарам Таймурам Багіравічам Пагасянам. Працаваць яны пачалі па наступнай схеме: Іосіф пісаў вершы і прапаноўваў накідак будучай мелодыі; Пагасян, у якога дзве вышэйшыя музычныя адукацыі, распрацоўваў тэму і рабіў аранжыроўку.
Першую песню выканаў Сяргей Функ. Другую і трэцюю – таксама ён.
– Пасля нараджэння дванаццатага твора я вырашыў, што надышоў час шукаць іншых выканаўцаў, – гаворыць Іосіф. – Зайшоў у інтэрнэт, скінуў свае песні некалькім выканаўцам, якія мне падабаліся і без асаблівых спадзяванняў пачаў чакаць адказу.
І зноў умяшаўся Яго вялікасць лёс. Чым інакш патлумачыць той факт, што вядомая расійская шансанье Лёля Размахава пазваніла менавіта ў той момант, калі Іосіф літаральна на дзве хвіліны пакінуў шумнае вяселле і выйшаў з рэстарана на вуліцу?
– Алё! Вас непакояць з Масквы. Мяне завуць Лёля Размахава, і я хачу ўзяць чатыры вашы песні…
– Я не супраць, – толькі і адказаў Іосіф.
Потым была шчаслівая сустрэча з літоўскай групай “Купэ” і яе кіраўніком і выканаўцам Іллёй Ваткіным, які таксама пачаў выконваць песні Раўдановіча. І песня “Сцюжа” ў плэйлісце лепшых песень 2013 года літоўскага “Рускага радыё” заняла пачэснае сорак сёмае месца.
Сёння ў рэпертуары Ваткіна шэсць песень Раўдановіча. Дзеля адной з іх – “Беларусачкі”, напісанай па-беларуску, спявак нават пачаў вывучаць нашу мову.
– Цудоўная песня, – сказаў падчас нашай з ім размовы Ілля. – Маю намер прапанаваць яе на “Славянскі базар” у Віцебску. Песні ў Іосіфа наогул атрымліваюцца бяспройгрышныя – публіка прыймае іх на “біс”. Я працую з шасцю кампазітарамі і звычайна з сарака прапанаваных мне песень выбіраю адну-дзве. Прычым я вымушаны іх дапрацоўваць, каб адрэгуляваць, да прыкладу, тыя ж ударныя і безударныя канчаткі. А ў Іосіфа гэта атрымліваецца неяк інтуітыўна…
– Новая песня – як новае дзіця, – прызнаецца Іосіф Іосіфавіч. – Пішаш, пакутуеш… Часам некалькі дзён, часам – паўгадзіны… Злуешся, гатовы кінуць усё. А потым раптам нешта зварухнецца – і песня вылупіцца, як птушаня са шкарлупкі. І такая радасць ад гэтага, што да раніцы не заснуць… З вядомым паэтам Станіславам Валодзькам Іосіф Раўдановіч сябруе яшчэ са школьнай лаўкі. І хоць той даўно жыве ў Латвіі, усё ж час ад часу іх лёсы перакрыжоўваюцца. Вось і нядаўна давялося гуляць на адным вяселлі. Калі выдалася вольная хвілінка, мужчыны адышліся паразмаўляць. І Іосіф падарыў Станіславу дыск са сваімі песнямі. Валодзька ўставіў у магнітолу, паслухаў і чамусьці заплакаў.
– Не чакаў… – прызнаўся ён. – Ад цябе я мог чакаць што заўгодна, але тое, што аднойчы ты сядзеш за стол і будзеш шукаць рыфму… Неверагодна!


НА ЗДЫМКУ: творчае трыа: Ілля Ваткін, дырэктар группы “Купэ” і Іосіф Раўдановіч.


----------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.