У калекцыі ёлачных цацак Іосіфа Раўдановіча больш тысячы экзэмпляраў

14:00 / 08.12.2024

Прызнаюся: я сквапная. Не ў агульнапрынятым сэнсе, тут хутчэй наадварот – марнатраўка. А ў журналісцкім – так, сквапнюга! Карціць як мага больш убачыць, пачуць, даведацца цікавага, нябачанага, нязведанага. Але ў мяне ёсць апраўданне: мне гэтак жа неадольна хочацца падзяліцца гэтымі здабыткамі з нашымі чытачамі. Бо тая радасць, якую адчуваеш, прыдачыніўшыся да нечыйга душэўнага, духоўнага, інтэлектуальнага скарбу, шматразова памнажаецца, калі пры тваім пасрэдніцтве пра яго даведаюцца іншыя. 

Розная ўсялячына

Нават не ведаю, як адным словам назваць тое, што назбіраў за дзесяцігоддзі Іосіф-Анатоль Раўда­но­віч. Музей? Не хапае навуковага падыходу і дакументальнага складніка. Калекцыя? Дык калекцыянеры звычайна збіраюць нешта адно. А тут… 

Добра, назавём так, як і гаспадар – зборам рознай усялячыны. Але які гэта збор! І чаго! Я шмат чула пра яго, а калі пабачыла… Буду шчырай: такога мноства і такой разнастайнасці ўсяго на свеце, сабранага ў адным месцы адным апантаным чалавекам, бачыць не даводзілася.

– Калі ажаніўся і жонка зацяжа­рыла, задумаўся: чым заняць дзя­цей, калі яны падрастуць? – расказвае пра карані свайго захаплен­ня Іосіф-Анатоль Раўдановіч. – Выра­шыў збіраць старадаўнія, рэдкія, ціка­выя, прыгожыя рэчы. І паступова так уцягнуўся ў гэтую справу… Дзеці даўно выраслі, і ў гараж, дзе знаходзіцца большая частка калекцыі, заходзяць, каб зрабіць сэлфі ці паказаць сябрам. А я хварэю гэтым… Не магу прайсці міма цікавай рэчы. Затое ў родных і сяброў няма праблем з падарункамі мне да дня нараджэння! Як кажа сястра, табе прынясі якую-небудзь іржавую жалязяку ці купі на «блашыным рынку» фарфоравую статуэтку з адбітым носам – ты і шчаслівы! І гэта насамрэч так.

Расказаць у адным (і нават не ў адным) артыкуле пра калекцыю Іосіфа Раўдановіча немагчыма, нават калі кожнаму не тое што экспанату – напрамку – удзяліць хоць бы два-тры сказы. А што скажаш у трох сказах? І таму мы вырашылі расказваць пра іх пакрысе. 

А пачаць, у адпаведнасці з пануючым сёння перадсвяточным настроем, вырашылі з ёлачных цацак…

Родам з дзяцінства…

Вы памятаеце ёлкі свайго дзя­цінст­ва? 

Вядома ж, памятаеце – незалежна ад таго, якімі яны былі і чым вы ўпры­гож­­валі калючыя водарныя ці пухнатыя штучныя галінкі – выразанымі з папярэд­не ўласнаручна пафарбаванай паперы «гірляндамі» і ватнымі камячкамі ці су­часнымі стыльнымі шарамі і гір­лян­дамі.

Вось і Іосіф Раўдановіч памятае… 

– Перад Новым годам пасярод залы ставілі вялізную, пад столь, ёлку. І ўся яна, зверху да нізу, была ўвешана цацкамі… Я і сёння іх бачу, варта заплюшчыць вочы. На жаль, калі прадалі бацькоўскі дом у Міхалішках, скрынка з ёлачнымі цацкамі так і засталася на гарышчы – тады яны мяне не цікавілі. А цяпер сорамна прасіць у новых гаспадароў дазволу адкупіць іх… Ды, напэўна, і не засталося ўжо нічога…



Але ў адзін цудоўны момант (ці не перад Новым годам гэта здарылася?) Раўдановіч вырашыў папоўніць свой збор «рознай усялячыны» калекцыяй ёлачных цацак.

І панеслася! Нешта купляў, нешта, даведаўшыся пра яго ціка­васць, дарылі сябры і знаёмыя…

– Шмат чаго набыў на ждановіцкім рынку. Цяпер на «Куфары» можна купіць усё, што заўгодна. Цэннікі, праўда, чым далей, тым больш «кусаюцца», але ж калі вока загарыцца, то ніякіх грошай не шкода.

Самая дарагая цацка, па прызнанні калекцыянера, – балерына, зробленая з ваты.

– Заплаціў за яе… Не, не буду казаць, колькі, каб часам каго жаба не задушыла, – хітравата ўсміхаецца гаспадар. – Паверце: нямала! Але якая прыгажуня, пагадзіцеся! Пэўна ж, яшчэ даваенная…

Парачку такіх жа ватных гуцулачак яму прыслалі з Гомеля. 

А шкляныя гадзіннікі падарыла бухгалтар, даведаўшыся пра чарговае захапленне шэфа. 

Калекцыя верхавінак, адна прыгажэй за другую… Незлі­чо­ная колькасць самых розных шароў… Домікі, зайчыкі, гномікі на прышчэпках… Папугай – ці не такі ж, пра якога некалі расказвала Марыя Васілёнак у рэдакцыйным конкурсе навагодніх гісторый… Гірлянды шкляных пацерак і вісюлек пад столлю… Калекцыя Дзедаў Марозаў і Снягурак – ватных, пластыкавых, гумовых, пенапластавых…

Упэўнена: у вас не хопіць фантазіі, каб прыдумаць, чаго там няма! І сіл, каб падлічыць усе экспанаты. Ды і сам гаспадар гэтага дакладна не ведае, кажа, што больш тысячы. А колькі ў тым «больш» – не лічыў.

Ёсць тут і сучасныя ёлачныя цацкі. Раўдановіч справядліва зазначае, што сучаснае вельмі хутка становіцца гісторыяй і рарытэтам. І пры падборы экспанатаў кіруецца эгаістычным прынцыпам (ён гаспадар, яму можна): мне падабаецца! 

Да прыкладу, вось гэты вялізны шкляны шар незвычайнай прыгажосці.

– Напачатку нулявых купіў восем такіх – засталося два, – гаворыць Іосіф-Анатоль. – Шкада, але што зробіш: шкло, тым больш на ёлачных цацках, – рэч крохкая…

Ды ўжо ж, пераканалася… Пакуль даставала гадзіннікі з вітрыны, каб сфатаграфаваць, дзве цацкі разбіла. Трэба прыдумаць, чым замяніць…

Не дапаможаце – мне і Раўдановічу?



А ў вас?  

Прызнайцеся, у вас таксама дома ёсць запаветная скрынка з ёлачнымі цацкамі? Вельмі хутка вы яе дастанеце і, беражліва разгортваючы старыя газеты ці ў што яны ў вас там укручаны, будзеце не толькі любавацца, але і ўспамінаць: калі купілі, з якой нагоды, хто падарыў, якая гісторыя звязана з гэтай цацкай… 

…І зноў жа пра журналісцкую сквапнасць: падзяліцеся з намі! Не, не трэба несці цацкі ў рэдакцыю, хай сямейная рэліквія застанецца на памяць нашчадкам. А вось фотаздымак зрабіце, калі ласка, і дашліце нам. І дапоўніце яго гісто­рыяй пра сваю самую дарагую і любімую ёлачную цацку. Няважна, вялі­кай ці не вельмі, галоўнае – асабістай, шчырай і цёплай – як свята Новага года.

А мы ў адным са святочных нума­роў надрукуем вашы фотаздымкі і гісторыі. І такім чынам усе разам упрыгожым вялікую віртуальныую ёлку і зладзім агуль­ны карагод нашых успамінаў! 

Далучайцеся!




Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик