Упраўляючы справамі Рытанскага сельвыканкама Зоя Пляўга: “Люблю сваю работу”

11:00 / 15.12.2024

Працу дзяржаўных служачых рэдка адзначаюць – яны ж не вы­рабляюць матэрыяльныя каштоўнасці, не перавыконваюць планы, не ратуюць людзей ад хвароб і не рыхтуюць высокакласных спецыялістаў. Іх часта называюць чыноўнікамі, і ў слова гэтае часам закладваецца негатыўны падтэкст: маўляў, усе яны бюракраты, кручкатворы, ім бы толькі ганяць людзей па кабінетах. 

Зоя Пляўга, кіраўнік справамі Рытанскага сельвыканкама, партрэт якой сёлета занесены на раённую Дошку гонару, паўсядзённай працай і шматлікімі словамі падзякі, якія штодня чуе ў свой адрас, абвяргае гэтае досыць спрэчнае меркаванне.

– Не ведаю, можа, у горадзе, дзе адзін аднаго не ведаюць, так нехта думае і гаворыць. У вёсцы ж кожны навідавоку. Калі ты да людзей адносішся з увагай і павагай, то і яны да цябе адпаведна. Ва ўсякім разе, мяне чыноўніцай ніколі не называлі – ні жартам, ні ўсур’ёз, – гаворыць Зоя Мікалаеўна.

Хоць за 21 год яе работы на пасадзе спачатку сакратара сельскага Савета, потым – кіраўніка справамі сельвыканкама (назва пасады мянялася, а сутнасць яе зас­талася той жа, хіба што кола абавязкаў істотна пашырылася) здаралася рознае. Працуючы з людзьмі, немагчыма заўсёды і ўсім дагадзіць, тым больш калі на другой шалі вагаў – строгае выкананне закона.

– Скажам, цяпер папулярная тэма – пад­ключэнне электраацяплення, – расказвае жанчына. – Для гэтага патрэбен пісь­мо­вы дазвол усіх дарослых жыхароў. А дачка гаспадароў выйшла замуж за лі­тоўца і даўно жыве ў суседняй краіне, хоць і зарэгістравана ў бацькоўскім доме. Яны прыходзяць: дайце даведку, што яна з намі фактычна не пражывае. Але ж рэгістрацыя існуе, я не магу яе адмяніць! Ці падобная сітуацыя. Заключаем дагаворы на цэнтралізаваны вываз смецця. У доме жывуць двое старых бацькоў, а зарэгістраваны яшчэ і іх дарослыя дзеці, якія даўно выехалі ў горад. І плата бярэцца за пяць чалавек, хоць фактычна пражывае двое. Зноў прэтэнзіі да мясцовай улады: чаму так? 

Але нездарма кажуць: калі не ведаеш, што рабіць, – рабі па законе. Калі ўзнікае дылема: задаволіць просьбу і парушыць закон ці дзейнічаць у адпа­веднасці з яго патрабаваннямі – Зоя Пляў­га заўсёды выбірае апошняе.

Калі ж дылемы гэтай няма, то яна заўсёды стараецца дапамагчы людзям. Скажам, прыйшоў нехта за даведкай, а якая дакладна патрэбна, не ведае. Зоя Мікалаеўна дасць некалькі, каб чалавеку лішні раз не хадзіць за другой, якая, ведае кіраўнік справамі з уласнага вопыту, абавязкова спатрэбіцца. Ці параіць выкарыстаць рэспубліканскую базу дадзеных – не ўсе ведаюць, што, да прыкладу, зусім неабавязкова ехаць з Мінска ў Рытань, каб узяць даведку аб адсутнасці ўласнага жылля па месцы пастаяннай рэгістрацыі, зрабіць гэта можна ў любым бюро тэхнічнай інвентарызацыі краіны. 

Часта людзі тэлефануюць, просяць вы­пісаць тую ці іншую даведку і перадаць з аказіяй. Прасцей, вядома, сказаць, каб прыязджалі асабіста. Але Зоя Мікалаеўна, якая жыве ў Кемелішках, а працуе ў Рытані, разумее, што не так лёгка чалавеку, асабліва пажылому, дабрацца пры кожнай патрэбе ў сельвыканкам: на тэрыторыі Рытанскага сельскага Савета 81 населены пункт і 36 з іх – хутары. І жанчына шукае тую аказію. У Падольскай зоне «паштальёнам» працуе старшыня сельвыканкама Рыгор Цэйка: едучы дахаты, адвозіць даведкі, каму трэба. Іншым яна, здараецца, перадае праз работнікаў саўгаса «Падольскі» – добра, што яго дырэкцыя і сельвыканкам знаходзяцца ў адным будынку. Калі трэба – пакідае канверты ў магазіне. Трэба ж дапамагаць людзям!

І не толькі ў юрыдычных пытаннях…

Зоя Мікалаеўна ўспамінае, як аднойчы, калі ў сельскім Савеце – а тэрыторыя Кемелішкаўскага цалкам уваходзіла ў пагра­нічную зону – выдавалі даведкі жыхарам Літвы аб тым, што на вясковых могілках ёсць пахаванні іх блізкіх родзічаў, да яе звярнулася жанчына з просьбай выдаць дакументальнае па­цвярджэнне, што тут знаходзіцца магіла яе бацькі.

– Нас абавязвалі, калі ўзніклі сумненні, правяраць, ці сапраўды ёсць такое пахаванне, у якім стане яно знаходзіцца. Пытаю ў жанчыны, калі памёр яе бацька, дзе яго магіла. А яна паціскае плячыма: не ведаю… Не выдала я ёй жаданай даведкі. Што я выслухала ў свой адрас, не паўтару  – сорамна. Думала, больш тую жанчыну не ўбачу. Але, мусіць, ёй вельмі патрэбна была віза, бо яна зноў з’явілася ў сельскім Савеце. На гэты раз упэўнена прывяла мяне да дагледжанай магілы бацькі… «Вы ўпершыню тут? – пацікавілася я. – То хоць памаліцеся за спачын яго душы! Не ведаю, якім ён быў, але ж даў вам жыццё…» Больш я той жанчыны не бачыла, але, бываючы на могілках, заўсёды падыходжу да таго пахавання, бачу, што яно ў парадку…

Слухаючы, як свабодна Зоя Мікалаеў­на аперыруе рознымі юрыдычнымі паняц­цямі, удакладняючы нюансы тых ці іншых адміністрацыйных працэдур – а кіраўнік справамі сельвыканкама выконвае іх, да слова, ажно 58, – даведалася, што юрыдычнай адукацыі ў жанчыны няма.


Працаваць у сельскі Савет Зоя Пляўга прыйшла 21 год таму. Старшынёй тады быў светлай памяці Аркадзь Кісель, чалавек мудры, неабыякавы, ініцыятыўны.

– Аркадзь Уладзіміравіч усяму мяне навучыў, – гаворыць Зоя Мікалаеўна. – Найперш – рабоце з дакументамі, а га­лоўнае – з людзьмі: гэта – асноўнае ў нашай працы. Ён раніцай, да пачатку рабочага дня, ведаў, што дзе адбылося, здаралася, паспяваў прыструніць мужа-дэбашыра ці дапамагчы «разруліць» канфліктную сітуацыю паміж суседзямі. Сапраўдным гаспадаром быў на сваёй тэрыторыі…

Пасля Кісяля Кемелішкаўскі сельскі Савет, які да таго часу перабазіраваўся ў Рытань, узначаліў светлай памяці Часлаў Шаблінскі. Потым старшынёй працаваў Сяргей Кошчыц. Калі ў 2003 годзе адбылася аптымізацыі сельскіх Саветаў, Падольскі і Кемелішкаўскі не проста аб’ядналіся, а змянілі назву на Рытанскі. Старшынёй абралі вопытнага і дальнабачнага Рыгора Цэйку. 

А сакратаром, а цяпер ужо – кіраўніком справамі – нязменна застаецца Зоя Пляўга. Некалі яе ўсяму вучыў Аркадзь Уладзіміравіч, а калі з іншых сфер – першы з адукацыі, а другі – з сельскай гаспадаркі – прыйшлі Шаблінскі і Ко­шчыц, то ўжо ёй даводзілася падказваць, раіць сваім кіраўнікам, а здаралася, што і папраўляць іх. Да таго часу Зоя Мікалаеўна разбіралася ва ўсіх тонкасцях дзейнасці нізавога органа мясцовай улады: вывучала нарматыўную базу, пастаянна павышала кваліфікацыю на шматлікіх курсах – там заўсёды можна даведацца нешта новае і ад лектараў, і ад калег. І цяпер ужо да яе маладыя звяртаюцца за парадай у складаных выпадках.

…Дык за што ж чалавека, праца якога не вымяраецца ў тонах, гектарах, літрах, перамогах у алімпіядах і конкурсах і іншых канкрэтных паказчыках, заносяць на Дошку гонару? Пытаюся пра гэта ў старшыні Рытанскага сельсавета Рыгора Цэйкі.

– За старанную і добрасумненную шмат­­гадовую працу, – коратка адказвае ён.

І няважна, на якім месцы чалавек працуе – за рулём камбайна, у аперацыйнай ці ў крэсле кіраўніка справамі сельвыканкама.

Галоўнае – каб людзі напрыканцы рабочага дня гаварылі яму дзякуй. 





Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик