В Островецком районе прошёл традиционный турслёт

турслет 2016Як заўсёды, самых заўзятых турыстаў сабраў бераг Віліі каля Альхоўкі. Узброіўшыся палаткамі, паходным інвентаром і добрым настроем яны зляцеліся сюды, каб паўдзельнічаць у спаборніцтвах, пераўтварыцца ў кулінараў і артыстаў, адпачыць ад штодзённай мітусні і адчуць сябе своеасаблівымі спартсменамі і сапраўднымі турыстамі.

Раённы турыстычны злёт, які традыцыйна праводзіць аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і быў прысвечаны Дню Незалежнасці Беларусі і Году культуры, прайшоў  насычана і цікава.

На два дні адчуць сябе турыстамі-авантурыстамі вырашылі восем каманд з арганізацый і ўстаноў раёна: жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ДЛГУ “Астравецкі лясгас”, Белтэлекама, Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы, СВК “Гудагай”, БелАЭС, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і СВК “Варняны”. Каб удзельнікі не сумавалі, арганізатары прыдумалі для іх насычаную і разнастайную праграму – дайсці да фінішу можна было толькі прайшоўшы 11 іспытаў, дзе спартыўныя спаборніцтвы чаргаваліся з мастацкай самадзейнасцю і майстар-класам сапраўдных шэф-повараў.

турслет 20161Урачыстае пастраенне, прывітанне каманд-удзельніц, пажаданне лёгкіх стартаў – і турзлёт пачаўся. Першым на пляцоўку паспрабаваць спрыт і хуткасць рэакцыі запрасіў валейбол. Як і ва ўсіх гульнявых відах спорту, залог добрага выніку тут – не толькі ўменне добра падаваць і адбіваць, але і з’яднанасць каманды. Лепш за ўсё гэта атрымалася ў валейбалістаў з ЦРБ, на другім месцы аказалася каманда ЖКГ, на трэцім – РАНС.

Пакуль адны прадстаўнікі каманды змагаліся з мячом пад сеткай, другія спрабавалі шанцаванне ў дартсе. Кожны старанна прыцэльваўся, каб выбіць як мага больш ачкоў, аднак вынік не заўсёды апраўдваў спадзяванні – і часам замест жаданай “дзясятачкі” дроцік ляцеў у “малако”. Найлепшую трапнасць у дартсе прадэманстравалі медыкі, другое месца занялі атамшчыкі, а трэцімі сталі лясгасаўцы.

турслет 20162Прыгожым, грацыёзным і відовішчным атрымалася спаборніцтва па скачках праз скакалку. Суддзі толькі паспявалі лічыць, як удзельніцы з усмешкай і лёгкасцю  дэманстравалі спрыт у скачках. Праўда, адных хапіла ненадоўга, а вось іншыя трымаліся да апошняга. У выніку першае месца заняла каманда ЦРБ, на другое месца наскакалі ўдзельнікі БелАЭС, а трэцім стаў РАНС.

Арганізатары турзлёту кожны год стараюцца разнастаіць праграму і прыдумаць нешта арыгінальнае. Сёлета такой навінкай стаў мас-рэстлінг – пераводзіцца як “перацягванне палкі” і з’яўляецца нацыянальным відам спорту Якуціі. Правілы простыя: удзельнікі ўпіраюцца нагамі ў адну палку, бяруцца за палку – і стараюцца вырваць яе з рук саперніка. Спаборніцтва выклікала ажыятаж і буру эмоцый: кожны з усіх сіл стараўся перацягнуць палку на сябе, а ў выніку двое ўдзельнікаў паядынку аказваліся на траве – і толькі адзін з пераможнай палкай. Самымі дужымі тут аказаліся лясгасаўцы, крыху адсталі медыкі, а замкнулі тройку лідараў камунальнікі.

турслет 20163Спаборніцтвы для сапраўдных мужчын прадоўжыла распілоўванне бервяна. Узяўшы ў рукі не сучасны імклівы “Шціль” ці старэйшую “Дружбу”, а верную памочніцу прадзедаў – двухручную пілу, турысты старанна ўзяліся за справу. Ляцелі апілкі, кропелькі поту па-здрадніцку сцякалі па твары, “вжыг-вжыг” мілагучна спявала піла. Сантыметр за сантыметрам тоўстае бервяно скаралася сіле рук чалавечых. Дарэчы, тут каманда лясгаса даказала, што яны сапраўды ўмеюць не толькі дакументы афармляць, а калі патрэбна – то і хутка ўручную дрэва распілаваць. Менавіта яны і занялі першае месца. Распілоўшчыкі з РАНС сталі другімі, а каманда ЦРБ – трэцяй.

Між тым, сваіх асілкаў, какетліва пабліскваючы на сонцы, чакала 24-кілаграмовая гіра. І па чарзе стала на справе правяраць іх сілу рук і вынослівасць. Здаецца, простая ўмова – падымай і апускай, на самой справе прымушае сканцэнтраваць у адно цэлае: волю і фізічную моц. У выніку пераможцам у гэтым спаборніцтве стаў удзельнік каманды РАНС, другое месца заняўасілак з лясгаса, на трэцім –з  СВК “Гудагай”.

турслет 20164На гэтым спартыўныя спаборніцтвы ў першы дзень турзлёту скончыліся, а на змену ім прыйшла не менш цікавая конкурсная праграма. А пачалася яна з кулінарнага конкурсу. Ці трэба казаць, што ён моцна ўдарыў па страўніках членаў журы і здзівіў арыгінальнасцю і шэдэўральнасцю. Аказваецца, звычайная запечаная курыца можа ператварыцца ў імпазантную даму на пляжы, шыкоўная русалка з агуркоў плаваць па талерцы, а суп з сякеры існуе на самой справе! Ну і, вядома ж, не абышлося без духмянай, наварыстай, толькі што прыгатаванай юшкі. Словам, журы было не проста ў разгубленасці, а ў лёгкім трансе ад крэатыву і фантазіі шэф-повараў. Кожны з іх адзначыўся нейкай “ізюмінкай”, пагэтаму было вырашана прысудзіць прызавыя месцы ўсім камандам. Так, таленавітыя кулінары з лясгасу, раённай бальніцы і ЖКГ занялі першае месца – іх стравы ўразілі больш за ўсё. БелАЭС і СВК “Варняны” сталі другімі, а Белтэлекам, СВК “Гудагай” і РАНС – трэцімі.

У чарговым конкурсе “Побыт турыста” ўдзельнікі павінны былі не толькі абсталяваць месца размяшчэння ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі і правіламі аховы навакольнага асяроддзя, але, па магчымасці, і арыгінальна яго аформіць. Тут больш за ўсё ўразіў гатэль пяць зорак “Астрамеды” цэнтральнай раённай бальніцы, у якім кліентам прадстаўляюцца спа-працэдуры, лячэнне гразямі, пілінг рыбкамі на беразе Віліі, шыкоўныя стравы ў мясцовым рэстаране і нават паслугі сапраўднага мага. У выніку гатэль пяць зорак стаў пераможцам у гэтым конкурсе.

Арыгінальна прадставілі свае турыстычныя харомы і лясгасаўцы: гасцей тут сустракалі не толькі зубр і зайчык, але і самыя сапраўдныя русалкі. А каманда Белтэлекама нагадала ў жартаўлівай форме пра паслугі, якія яны аказваюць насельніцтву. У выніку гэтыя дзве каманды занялі другое месца.

турслет 20165Астатнія каманды парадавалі акуратнасцю, чысцінёй і вясёлымі аздабленнямі турыстычных лагераў – ім было прысуджана трэцяе месца.

Аказваецца, талентам удзельнікаў турзлёту не было межаў – і ў гэтым давялося ўпэўніцца падчас конкурсу мастацкай самадзейнасці. Разнастайнасць рэпертуару, майстэрскае выкананне, артыстызм, жарты і прыколы – сваю хвіліну славы каманды правялі дастойна. Найлепш гэта атрымалася ў вясёлых і дружных удзельнікаў з лясгасу, СВК “Гудагай” і БелАЭС. Другое месца журы прысудзіла РАНС, СВК “Варняны”, ЦРБ  і Белтэлекаму. Каманда ЖКГ заняла трэцяе месца.

Музычная тэма працягнулася на  дыскатэцы, якой і завяршыўся першы дзень турзлёту.

турслет 20166Наступны дзень распачалі спартыўныя спаборніцтвы – каманды гулялі ў “Гарады”. У цэнтры поля стаяў куб – своеасаблівы горад, які абаранялі тры ўдзельнікі, а чатыры нападаючыя павінны былі закінуць мяч усярэдзіну горада. Словам, адны – абараняюць, другія – нападаюць. Самымі хуткімі і спрытнымі тут аказаліся медыкі, на другім месцы – лясгасаўцы, а замкнулі тройку прызёраў атамшчыкі.

Дарэчы, сёлетні турзлёт аказаўся багатым на інтрыгу і сюрпрызы. З пачатку спаборніцтваў сярод удзельнікаў хутка вызначыліся дзве каманды, якія яўна прэтэндавалі на перамогу: лідзіравалі медыкі, ва ўпартай пагоні за імі ішлі лясгасаўцы. Перад апошнім спаборніцтвам іх раздзяляла 10 ачкоў – напэўна, члены каманды ЦРБ ужо ў думках віншавалі сябе з перамогай і вызначалі месца для чарговага кубка. Аднак… Фінальным відовішчам было перацягванне канату, які і расставіў усе кропкі над “і”: медыкі не трапілі ў паўфінал; каманда лясгасу, наадварот, рвала жылы, перацягваючы сапернікаў. І канат удачы скарыўся іх сіле і празе да перамогі – яны занялі першае месца. Другімі сталі варнянцы, а выратавальнікі апынуліся на трэцім месцы.

Але самае цікавае і непрадказальнае было наперадзе – пры вызначэнні агульнакамандных месцаў: некалькі разоў пералічыўшы колькасць ачкоў, зверыўшы іх з палажэннем аб турзлёце і злажыўшы агульную суму, журы вынесла канчатковы вердыкт – з розніцай у 1,5 ачка (!) і агульнай сумай 262 ачкоў перамагла каманда ДГЛУ “Астравецкі лясгас”. На другім месцы – Астравецкая ЦРБ (260,5 ачка). Трэцяе месца заняла каманда БелАЭС, усяго толькі на 1,5 ачка апярэдзіўшы ўдзельнікаў РАНС. Вось такім непрадказальным бывае вынік!

Тройка лепшых каманд і пераможцы ў асабістых заліках былі ўзнагароджаны Кубкамі, дыпломамі і падарункамі.

Марына МАЦКЕВІЧ.