Дзень беларускага пісьменства адзначылі ў бібліятэках
У бібліятэках Астравеччыны адзначылі Дзень беларускага пісьменства.
У падарожжа праз стагоддзі «Часоў былых і новых повязь» запрасіла вучняў сярэдняй школы №3 раённая бібліятэка. Падлеткі паглыбіліся ў гісторыю роднага слова, узгадалі тых, хто запальваў зоркі асветы на беларускай зямлі: Ефрасінню Полацкую і Кірылу Тураўскага, Францыска Скарыну, Сімяона Полацкага.
Школьнікі разгадвалі значэнне забытых слоў; пісалі лісты «па-старажытнаму» – тут кожны мог паспрабаваць сябе ў ролі сярэднявечнага пісца, выводзячы літары так, як калісьці гэта рабілі манахі-летапісцы.
У дзіцячай бібліятэцы для юных чытачоў правялі літаратурную гульню «Падарожжа ў слова».
Дзеці знаёміліся з гісторыяй беларускага кнігадрукавання – ад старадаўніх рукапісаў да сучасных выданняў, перакладалі словы і словазлучэнні з рускай на беларускую мову, адгадвалі загадкі, шарады, фразеалагізмы, тлумачылі значэнні прыказак і прымавак. Асаблівую ўвагу надалі беларускаму фальклору – мудрым казкам, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, раённая бібліятэка.
