Путешествуем с Аленой Ганулич. Алушта

Адпачынкам на Чорным моры цяпер нікога не здзівіш. І я доўга думала, ці дзяліцца ўражаннямі ад паездкі. Мне ж не пакарыўся гістарычны Рым, “духмяны” Парыж ці блакітнавенная Венецыя…
І ўсё ж... Хоць ніводнага разу не бывала ў Егіпце, на Мальдывах і ў блізкай Балгарыі (мне няма з чым параўноўваць), магу сказаць і не пакрывіць душой, што залатыя берагі Украіны нічым не саступаюць яе замежным ды разрэкламаваным суседзям па кантыненце.


Куды падацца?

Праз два тыдні, як вярнулася са свайго водпуску, знаёмая агалошыла пытаннем: чым здзівіла мяне мора? У першыя хвіліны я не знайшла, што адказаць. У кожнага, хто едзе адпачываць да мора, адказ будзе сваім.
Пакінуць працу на працы, хатнія турботы – дома, адарвацца ад штодзённай руціны – і выправіцца да абпальваючага сонца і халодных хваль… Уражанне ад упершыню ўбачанага мора жыве са мной і дагэтуль.
Калі вы ні разу ў жыцці не бачылі неабсяжнага марскога далягляду, можаце паглядзець “Рэквіем па мары”, дзе героі кінастужкі, нягледзячы на ўсё выпрабаванні і дыягназы, едуць да мора…
У гэты раз са сваімі дзяўчатамі, сястрой і дачкой, я вырашыла выправіцца да мора не праз турыстычнае агенцтва, а “дзікунамі”. На поезд “Мінск-Сімферопаль”білет у купэ каштуе каля 980 тысяч рублёў. Для дзяцей да 5-гадовага ўзросту трэба набываць “нулявы” білет – аднак гэта значыць, што вы і дзіця будзеце займаць адну паліцу. Калі хочаце, каб у малога таксама было месца, давядзецца аплаціць 30% ад кошту дарослага білета – каля 300 тысяч рублёў.
Варта адзначыць, што білеты выкупляюцца за 45 дзён да паездкі. Набыць білет можна на любой чыгуначнай станцыі, пагэтаму не трэба дапускаць памылку, як некалі я, і ехаць за білетамі ў сталіцу. Чыгуначныя касы пачынаюць рэалізоўваць квіткі з васьмі гадзін раніцы. Білетны касір параіла прыязджаць за білетам у зваротны бок за пятнаццаць хвілін да абнулення касы.
Магчыма, некаторыя памятаюць, як некалькі беларускіх інтэрнэт-парталаў вясной пісалі, што мінчане раскуплялі білеты на цягнікі да Сімферопаля літаральна за дзесяць хвілін з пачатку продажу. За шэсць білетаў (з якіх два дзіцячыя) давялося заплаціць каля 500 умоўных адзінак. Знаёмым, якія ездзілі ў Крым на сваёй машыне, дарога абышлася ў 200$.


Час «ікс»

…Ну вось, нарэшце час “ікс” настаў: чамаданы спакаваны, пашпарты разам са страхоўкамі і білетамі на цягнік надзейна схаваны ў сумцы… Дызель-цягнік з Гудагая адмервае манатонным пастукваннем дарогу да Мінска, адкуль ужо камфартабельны поезд будзе набліжаць нас да Сімферопаля.
Сімферопаль, ці так званыя Крымскія вароты, адкуль адкрываюцца ўсе дарогі да мора, сустрэў нас у пяць гадзін раніцы вялікай колькасцю людзей. Робіш крок – і да цябе абавязкова падыдзе вадзіцель таксі ці маршруткі. Праз некалькі хвілін галава пачынае распухаць ад сугучча слоў –“Ялта, Кактэбель, Феадосія”. Сівавалосы мужчына яўна не славянскай знешнасці, як толькі мы ступілі на сімферопальскую зямлю, прапаноўваў даехаць да Алушты за 50$ – а да гэтага курортнага горада найменшая адлегласць ад Сімферопаля. Але не трэба спяшацца і пагаджацца з першай жа прапановай. У выніку мы заплацілі за дарогу 80 грыўнаў (адна грыўна прыкладна роўна тысячы беларускіх рублёў).


Кватэрныя «агледзіны»

Алушта размяшчаецца ў адкрытай да мора даліне. З трох бакоў да яе падступаюць горы, а два перавалы адкрываюць доступ вятрам. З-за такога своеасаблівага геаграфічнага размяшчэння пайшла і назва горада, што ў перакладзе азначае “скразная”, “умытая”. Знакаміты ўрач Боткін пісаў: “Алушта здаравейшая, чым Ялта: падчас летняй спёкі паветра бесперапынна абнаўляецца праз горныя праходы.” …Маршрутка спынілася ля шэрага алушцінскага аўтавакзала, і мы на пару з грувасткім чамаданам нарэшце дабраліся да свайго “Рыма”. У тое ж імгненне падляцела некалькі чалавек з прапановамі жылля. Кожны наперабой імкнуўся запэўніць, што менавіта ў яго самая лепшая і самая зручная для адпачынку кватэра. У мінулым годзе, калі планавалі паездку да мора, жыллё браніравалі праз інтэрнэт. Аднак па прыездзе нас чакала расчараванне: гаспадыня ўзяла плату за пражыванне з дзіцяці (хоць папярэдне была дамоўленасць пра тое, што плаціць не трэба), замест абяцанага цёплага душа, быў летні, і то рэдка. Таму сёлета ўсё вырашалі на месцы.
Мы выбралі варыянт своеасаблівага “кватэрнага трансферу”: калі можна пад’ехаць і паглядзець розныя варыянты жылля. Пятнаццаць хвілін хадзьбы да мора, кандыцыянер, усе зручнасці, тэлевізар, бесправадны інтэрнэт… А больш за ўсё мяне падкупіў від, які адкрываўся з балкона: з аднаго боку – горы, з другога – неабсяжная сіняя стужка мора. Здаецца, працягнеш далонь – і дакранешся да пульхных аблокаў…
Канец жніўня ў Алушце выдаўся спякотным, сонца не шкадавала сваіх пацалункаў: тэмпература паветра на працягу адзінаццаці дзён была каля 34 градусаў.
Стомленыя, але шчаслівыя, нават не паспеўшы распакаваць рэчы, мы адразу рушылі да мора. Нават мая чатырохгадовая дачушка скакала на месцы ад такой прапановы.
Цесныя вулачкі горада імкнуцца ўгору ледзьве не серпанціннай стужкай. Гаспадары прыпаркаваным каля дамоў машынам кладуць пад калёсы шырокія камяні, каб выключыць верагоднасць “уцёкаў” сваёй “ластаўкі”.


Мора хвалюецца раз…


Я памятаю сваю мінулагоднюю паездку ў Феадосію, калі ўсюды ляжалі цэлыя горы смецця: ля мора, кафэшак, магазінаў – усюды паперкі… Алушцінскія пляжы і вуліцы маглі пахваліцца няхай і не такой чысцінёй, як гарады і вёскі Беларусі, але адноснай дагледжанасцю.У адрозненні ад Феадосіі, дзе шмат гарадскіх пляжаў, у Алушце амаль усе месцы адпачынку платныя: цэны вар’іруюцца ад 35 да 100 грыўняў за чалавека. Марскія горкі, валейбол, адмысловая гульня ў каменьчыкі – мая дачка была задаволена. Вось толькі бабкі ды пірагі з жоўтага пяску паляпіць не атрымалася – пляжы ў Алушце галечныя. Пазагараць бясплатна можна было таксама ў Прафесарскім кутку. У ХІХ стагоддзі тут пасяліўся вядомы рускі геолаг і выкладчык Н.А. Галаўкінскі, а пасля тут пачалі будаваць свае дачы іншыя светачы навукі. Мора быццам пакрыўдзілася на людзей за тое, што не даюць адпачыць, і “выганяла” людзей у літаральным сэнсе гэтага слова. Упершыню за сваё жыццё я бачыла хвалі такой вышыні і магутнасці! Аматары вострых адчуванняў недалёка ад берага імкнуліся іх “лавіць”, аднак чалавеку не саўладаць са стыхіяй: накрывала з галавой, выкідвала, як бездапаможных рыб, на бераг. Прызнаюся, мы таксама паспрабавалі на смак марской вады – “салёнкі” (як ахрысціла яе Саша). Але на наш адпачынак выпалі і дзянькі з гладкім, бы паверхня шкла, морам – так што скардзіцца няма на што.


Заморскія «фрукты»


Як у нас ля некаторых дамоў расце так ненавісная гаспадынямі “шнітка”, так у Алушце можна сустрэць размарын. Тоўстымі разгалінаваннямі, шматлікімі адросткамі і парасткамі расліна адваёўвае сабе ўсё новую тэрыторыю. Шматлікія гандлёвыя шапікі і лаўкі вабяць вока стракатымі колерамі. Тут можна набыць усё, чаго душа пажадае: эфірнае масла, упрыгожванні, вырабы з дрэва і гліны, дэкаратыўныя сувеніры, народныя строі і ўбранні, разнастайныя дзіцячыя цацкі… Пах прыпраў лунаў у паветры і прымушаў спыніцца, каб зачаравана глядзець, не адводзячы вачэй, як прадавец па-майстэрску насыпае няроўнымі слаямі перац чырвоны, куркуму, базілік, перац белы, гваздзіку – нават складана паўтарыць усе назвы… А чаму б не пакаштаваць марскіх далікатэсаў? Марынаваныя мідыі мне спадабаліся, а вось рапаны – не вельмі: аказаліся сухаватымі. І канешне ж, ні з чым непараўнальныя ўсходнія слодычы без цукру, на мёдзе, з рознымі відамі арэхаў. Упершыню пакаштавала не сушаны, а натуральны інжыр, які расце тут, як у нас яблыкі. Заморскі фрукт аказаўся прыемным і вельмі салодкім на смак. На вочы часта трапляліся “тэнісныя мячы”, якіх мясцовыя жыхары прадавалі даволі дорага: 20 грыўняў за штуку. Прагульваючыся па парку, мы знайшлі дрэва, на якім раслі гэтыя светла-зялёныя, шурпатыя, круглыя шары. “Маклюра”, або “Адамаў яблык”, выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне, і ў ежу яго ўжываць нельга.


Глядзі ў абодва

Штодзённая дарога да мора пралягала праз цэнтральную сасновую алею. Дрэвы з калючымі іголкамі раслі паўсюль: кіпарысы з тонкімі станамі цягнуліся да неба, раскідзістыя сосны ў сваім ценю хавалі разамлелых ад сонца адпачываючых… Давялося нават пазнаёміцца з рыжай вавёркай, якая без страху брала з рук людзей міндаль. А ў алушцінскім дэльфінарыі “Немо” мы змаглі паназіраць за гладкаскурымі дэльфінамі і марскімі львамі. Пакатацца з горкі і адчуць, што такое “з макаўкай” памераць глыбіню басейна, не баяліся нават дзеткі. Саша, з’ехаўшы з такой горкі, сказала: “Пырскі – сабе, дзіця – сабе!”. А вось водная прагулка на цеплаходзе “Шторм” спадабалася ўсім: спакойны голас экскурсавода закалыхваў, а бязмежная марская сінь пасяляла ў душы спакой. З разнастайнасцю падводнага свету можна было пазнаёміцца ў вялікім акварыуме. Першая зала яго прадстаўлена насельнікамі Чорнага і Азоўскага мораў, у другім знаходзяцца прэснаводныя рыбы з усёй планеты, у наступным – рыбы з Індыйскага акіяна і Чырвонага мора. А ў клініцы “Доктар Фіш” можна было пры жаданні паправіць сваё здароў’е пры дапамозе “лускатых” сяброў, якія лечаць псарыяз і нават робяць манікюр.
Блукаючы вулкамі Алушты, мы неўпрыкмет прыйшлі – бы ногі самі прывялі нас – да храма Усіх Крымскіх Святых і Феадора Стацілата. Мы не заходзілі ўнутр, але ў думках падзякавалі за цудоўны адпачынак.


…Беларусь сустрэла нас дробным дажджом і парывістым ветрам, быццам напамінала, што “залатыя” дні засталіся там, у Алушце, настала пара вяртацца ў звыклы свет. А ўспаміны? Варта толькі ўключыць камп’ютар, кааб вярнуцца ў лета і зноў адчуць мройныя пацалункі сонца.


-----------------------
Алена ГАНУЛІЧ