Попрощались со школой искусств
Пасля школьных урокаў яны беглі ў школу мастацтваў. Дзяўчаты шчыра рыхтаваліся да заняткаў: напярэдадні да позняга вечара штудзіравалі нотны сшытак і ў дзясяты раз ігралі мелодыю на музычным інструменце, а хлопцы веснавой парой часта прапускалі заняткі і падрыхтоўку да іх. Лепш жа мяч на стадыёне паганяць! Аднак усе з іх, хто на працягу пяці ці сямі гадоў разам з педагогамі спасцігалі сілу прыгажосці, дайшлі да фінішнага акорда: справаздачнага канцэрта, які сабраў поўную залу ў Варнянскай школе мастацтваў.Мамы і таты, бабулі і дзядулі, знаёмыя і аднавяскоўцы ў гэты дзень прыйшлі паглядзець і падтрымаць таленавітых дзетак. Педагогі з Астравецкай школы мастацтваў – ацаніць настаўніцкае майстэрства сваіх калег. І былі здзіўлены не толькі тым, як падрыхтаваліся дзеці да выступлення, але і таленавітым калектывам выкладчыкаў.
Калі слухала песню “Bessame” і “Падмаскоўныя вечары” у выкананні Аліны Вікенцьеўны і Аляксандра Сцяпанавіча Лянцэвічаў, Юліі Анатольеўны Блашкевіч, Вольгі Станіславаўны Бабойць, Уладзіміра Генрыхавіча Масойця, Вікторыі Паўлаўны Ярмак, Агаты Станіславаўны Субаткевіч – падумала: “Ну і чаму б не выступаць усёй сваёй моцнай і дружнай “камандай” на прафесійнай сцэне?”. Яны б далі фору і сталічным выканаўцам! Канцэртмайстар Таццяна Уладзіміраўна Ярмак акампаніравала вакальнаму ансамблю настаўнікаў. Калі мелодыя пранікае ў цябе, захоплівае і староннія раздражняльнікі не адцягваюць увагу, значыць, гэта – мастацтва.
Дзяўчаты і хлопцы ў сцэнічных касцюмах з захапленнем пазіралі на сваіх педагогаў, каб праз некалькі імгенняў выйсці на сцэну і выступіць гэтак жа дастойна, каб не падвесці настаўнікаў, з якімі крочылі некалькі гадоў да моманту атрымання пасведчання аб заканчэнні школы мастацтваў.
Атэстаты “дасведчаных у мастацтве” і памятныя сувеніры, якія падрыхтаваў СВК “Варняны” і яго старшыня Юрый Аляксандравіч Адула, з рук дырэктара школы атрымала 16 юнакоў і дзяўчат. І, як заўважыла Аліна Вікенцьеўна, не абавязкова быць паліглотам, каб зразумець музыку. Мова музыкі – адна, і яна яднае ўсіх людзей.
Словы ўдзячнасці педагогам ад імя бацькоў прагучалі ад Вольгі Віктараўны Едка. На памяць ад выпуску ў школе мастацтваў застанецца фотаапарат. А Марыя Ключнік запэўніла, што яны абавязкова будуць вяртацца ў знаёмыя сцены, дзе нават паветра пахне музыкай.
…Здаецца, лёгкая задача – сыграць на акардэоне, домры ці піяніна кампазіцыю, якую ведаеш, як “Ойча наш”, памятаеш, дзе трэба паскорыць тэмп, а дзе віруе вольная мелодыя. А ў патрэбны момант па-здрадніцку задрыжыць рука – і нешта не атрымаецца. Аднак юных дамрыстаў – Максіма Багдановіча, Мікіту Пазлевіча, Антона Юркойця – рукі не падвялі. Цудоўныя кампазіцыі на піяніна выканалі Ілона Калпак, Алеся Авен, Ілона Кімса, Ілона Букель, Вераніка Цыдзік, Віка Зенкевіч, Марыя Ключнік, Вадзім Ількевіч. “Уладары” акардэонаў і баянаў парадавалі прысутных сваёй ігрой. Вакальны кватрэт выканаў беларускую народную песню “Выйшла замуж маладою”, а Даша Кірпа саліравала з песняй “Шумяць вербы”.
Дзяніс Штура і Арцём Старук так сцанцавалі “Яблычка”, што пляск далоняў удзячных гледачоў даносіўся, напэўна, цераз сцены. Ад дуэта хлопцаў не адставалі і дзяўчаты: іспанскі, усходні, эстрадны танцы… І да кожнага нумара тэматычныя і прыгожыя касцюмы. А з мноствам танцавальных рухаў іх пазнаёміла харэограф Таццяна Вітольдаўна Клышко.
Настаўнікі Юлія Блашкевіч і Агата Субаткевіч са сваімі партнёрамі па танцу зрабілі сапраўдны сюрпрыз: аказваецца, не толькі выкладаць музычныя тэарэтычныя дысцыпліны і вучыць народным спевам умее прыгожая палова калетыву Варнянскай школы мастацтваў.
Завяршыў канцэрт вакальны ансамль педагогаў – і іх шматгалоснае выкананне сарвала шквал апладысментаў.
… Мая дачка, якая дзве гадзіны ўважліва назірала за выступаючымі, з крыўдай у голасе запытала: “А чаму я не спявала? Я таксама хачу!”
У пачатку канцэрта на твары дырэктара панавала ўсмешка, калі яна назірала за выступленнямі, а пальцы нервова церабілі насоўку. І дарэмна нервавалася Аліна Вікенцьеўна, назіраючы за выступленнямі сваіх выхаванцаў! Калі ў чатырохгадовых дзяцей пасля такога канцэрта прачынаецца цяга да музыкі – што ж тут яшчэ дадаць?
Сапраўдная школа мастацтваў!
---------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
