Островецкий журналист на съезде Союза писателей Союзного государства
Гродзенская пісьменніцкая дэлегацыя ў МасквеВялікая група беларускіх пісьменнікаў на чале са старшынёй грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Мікалаем Чаргінцом 14 кастрычніка выправілася ў Маскву, каб прыняць удзел у ІІ з’ездзе Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. У складзе беларускай дэлегацыі былі і прадстаўнікі Гродзеншчыны: старшыня абласнога аддзялення “Саюза пісьменнікаў Беларусі” Людміла Кебіч, празаікі і паэты Галіна Богдан, Анатоль Апанасевіч, Георгій Кісялёў і аўтар гэтых радкоў.
– У Маскве я быў 24 гады назад, – задуменна прамовіў, стоячы на пероне ў чаканні цягніка лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі. – І таксама на з’ездзе Саюза пісьменнікаў – тады яшчэ СССР. На тым з'ездзе мы прынялі рашэнне аб роспуску пісьменніцкай арганізацыі на той час неіснуючага ўжо Саюза. Памятаю, як на трыбуну выйшаў Расул Гамзатаў і сказаў: “Вы яшчэ не разумееце што мы нарабілі…” Я рады, што зараз буду прымаць удзел у з’ездзе Саюза пісьменнікаў, які спрабуе аднавіць некалі разарванае.
Справядлівасці дзеля трэба сказаць, што першы, заснавальніцкі з’езд Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы адбыўся ў снежні 2009 года. І, як падкрэсліў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, гэтая грамадская арганізацыя – адзіная творчая супольнасць напрасторах саюзнай дзяржавы.
За гэты час было шмат зроблена для аб’яднання творчых намаганняў членаў Саюза пісьменнікаў Расіі і іх калег з Беларусі. Выдадзена 37 выпускаў літаратурна-мастацкага часопіса “Белая вежа”, дзе друкуюцца лепшыя празаічныя і паэтычныя творы літаратараў абедзвюх краін. Бадай што самы папулярны расійскі літаратурны часопіс “Наш современник”, галоўны рэдактар якога Станіслаў Куняеў прыняў актыўны ўдзел у рабоце з’езда, за гэты час даў жыццё 13 спецыяльным “беларускім выпускам”, складзеным з твораў пісьменнікаў нашай краіны. Праводзяцца сумесныя творчыя конкурсы сярод літаратараў дзвюх дзяржаў. Многае робяць абласныя аддзяленні саюзаў пісьменнікаў Расіі і Беларусі, мацуючы творчыя і асабістыя сувязі паміж гарадамі, абласцямі і людзьмі.
І ўсё ж гэтага недастаткова, каб аднавіць страчаныя раней сувязі. Іх аднаўленне – не самамэта – гэтаатрэбна не столькі самім пісьменнікам, колькі грамадзянам нашых дзвюх дзяржаў, для якіх саюзная супольнасць – не пусты гук, не “дэкларацыя аб намерах”, а спроба аднавіць тое лепшае, што мацавала некалі вялікую і магутную дзяржаву і было так неразумна разбурана.
Пацвярджэнне таму – словы намесніка Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Івана Бамбізы, з якімі ён звярнуўся да ўдзельнікаў з’езда: “Ваша слова сёння нам вельмі патрэбна!”
Так, сапраўды, каб разбурыць мост, часам дастаткова аднаго чалавека – а вось каб абудаваць яго, патрэбны намаганні тысяч людзей. І сярод гэтых тысяч не апошняя роля належыць майстрам слова. Нездарма ж у гады Вялікай Айчыннай вайны, пры ўсіх тых цяжкасцях, што адчувала дзяржава, лепшыя творы пісьменнікаў і паэтаў выдаваліся вялізнымі тыражамі. Бо Перамога кавалася не толькі на франтах – найперш яна спела ў розуме і сэрцах людзей. І зараз, у наш час новых выклікаў і новых пагроз значэння трапнага, разумнага, правільнага слова цяжка пераацаніць: той, хто не надае яму належнага значэння, заканамерна прайграе не толькі бітву, але і ўсю вайну.
Пра гэта гаварыў у сваім выступленні намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, які прыняў удзел у рабоце з’езда. Найперш Ігар Іванавіч зачытаў прывітальнае слова Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі да ўдзельнікаў ІІ з’езда Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. А затым, выступаючы перад дэлегатамі з’езда, Ігар Бузоўскі зазначыў, што на пісьменнікаў, на людзей творчых, думаючых кладзецца адказнасць за будучыню не толькі нашых краін, але, магчыма, і ўсёй планеты. І першасная задача з’езда Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы – у разуменні і пастаноўцы тых глабальных задач, якія сёння дыктуюць не нейкія асобныя людзі, а сам час. Закрануў Ігар Іванавіч і тэму камерцыялізацыі друкаванага слова, калі вартасць кнігі вызначаецца не яе зместам і духоўнай напоўненасцю, а тым, як яна прадаецца.
– Тэма камерцыялізацыі павінна сёння стаяць на парадку дня як прыярытэтная, таму што тыя сацыяльныя функцыі, якія выконваюць пісьменнікі, не павінны вымярацца выключна рублём. І неразуменне гэтага можа прывесці да развалу не тое што асобна ўзятай грамадскай арганізацыі, а каштоўнасцей, на якіх трымаюцца дзяржавы і грамадства.
Работа з’езда Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы завяршылася выбарамі кіраўніцтва – сустаршынямі гэтай грамадскай арганізацыі зноў абраны кіраўнікі саюзаў пісьменнікаў Расіі Валерый Ганічаў і Беларусі Іван Чаргінец.
Напрыканцы работы з’езда памятным медалём “Памяць Расіі” была ўзнагароджана вялікая група беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку і старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч.
_____________
Ніна РЫБІК.
