На фестивале "Lidbeer" было всё: и хлеб, и пиво, и зрелища
Некалькі творчых пляцовак, горад майстроў, забавы на любы густ, мноства людзей – здаецца, той, хто не прыехаў на фестываль лідскага піва «Лідбір», што ў першую суботу верасня праходзіў у Лідзе, павінен пашкадаваць аб страчаным.Невялікі дожджык, які з раніцы спрабаваў напалохаць лідчан і гасцей горада, зразумеўшы, што старт фестывалю дадзены і зваротнага шляху няма, вырашыў злітасцівіцца над арганізатарамі і наведвальнікамі – і неба выпусціла на волю сонейка: не пякучае – восеньскае, але яго хапіла, каб стварыць добры настрой.
Фестываль спалучыў у сабе дзве нагоды – 140 гадоў «Лідскаму піву» вырашылі аб'яднаць са святам горада і таму «панаехала гасцей з іншаземных абласцей»!
Яшчэ ў пачатку лета арганізатары свята ААТ «Лідскае піва» прапанавалі беларусам стаць суарганізатарамі і ўдзельнікамі свята хмелю, соладу і вады пад дэвізам «Святкуем разам». Ды і музычныя гурты, якія варта запрасіць на фестываль, таксама выбіралі наведвальнікі сайта «Лідскае піва».
Малую сцэну ў гэты дзень аддалі маладым рок-гуртам «NizKiz», «Skynet», «ЧуVство Полета», «Чип и Дейл», «MuzKultura», «Skarlet», «Мутнаевока» – яны сталі ў нейкім сэнсе своеасаблівым «аперытывам» да вячэрняга гала-канцэрта, на які запрасілі знакамітыя гурты.
З творчасцю любога з гэтых гуртоў ніякага блізкага знаёмства я не мела – час ад часу чула пра рэпертуар, стыль і выканаўцаў з вуснаў сына – і таму было цікава паглядзець на куміраў сённяшняй моладзі!
Інтарэс не знік і падчас наведвання гэтай музычнай пляцоўкі, тым больш, што выступленні артыстаў чаргаваліся са шматлікімі конкурсамі, падчас якіх можна было выйграць майкі і значкі з лагатыпам арганізатараў свята. Аднак хацелася паглядзець і на іншыя відовішчы. Таму пакінула сына ў палоне жывой рок-музыкі і накіравалася да Лідскага палаца.
Першае ўражанне – не з прыемных: доўгая чарга. Вырашаю праверыць на практыцы «дзейнасць» журналісцкага пасведчання – у выніку ў палац праходжу па-за чаргой.
Лідскі палац не валодае той папулярнасцю, якую маюць Мірскі ці Нясвіжскі, – і тым не менш трапіць у палон гісторыі вырашылі многія наведвальнікі фестывалю.
У той дзень тут дэманстравалі жыццё сярэднявечча некалькі рыцарскіх клубаў з Мінска і Ліды. І кожны наведвальнік мог адчуць сябе сярэдневяковым рыцарам (апрануць даспехі і памахаць мячом) і нават каралём – у адкрытым доступе знаходзіліся яго рэгаліі. Арганізатары прадумалі шмат рыцарскіх забаў: аматары адрэналіну перацягвалі канат, стоячы на калодцы; збівалі саперніка, зноў жа з калодкі, толькі мяшком з саломай, стралялі з лука, бегалі на драўляных лыжах па пяску – весела і цікава.
Дзеці маглі адчуць сябе археолагамі. Надзяваеш белыя пальчаткі, бярэш у рукі пэндзаль і пачынаеш раскопкі – і якая ж радасць свеціцца на твары маленькага даследчыка, калі ён знаходзіць рэшткі глінянага збанка ці старажытную манету! А ўжо потым супрацоўнік палаца дапамагае разабрацца, што гэта за рэчы і адкуль яны тут узяліся.
Цудоўныя відарысы можна было пабачыць з вышыні сцен Лідскага палаца! З яго байніц адкрылася Замкавае возера з фантанамі. А ўздоўж яго былі расстаўлены звычайныя драўляныя паддоны, што на час свята ператварыліся ў сталы і лаўкі – так проста і амаль без затрат арганізатары павялічылі не толькі колькасць пасадачных месцаў для адпачываючых, але і зрабілі «пасядзелкі» з келіхам піва ці кубкам гарбаты незвычайна рамантычнымі.
Музыкі на старажытнай дудзе і на барабане найгравалі старадаўнія матывы і мелодыі!
А потым пачаліся рыцарскія баі – брат на брата, клуб на клуб… Затаіўшы дыханне, дзяўчаты чакалі фіналу ў надзеі, што менавіта яе рыцар-пераможца абярэ «дамай сэрца».
Экскурсіі па тэрыторыі замка, рыцарскім лагеры, часовай экспазіцыі па гісторыі завода «Лідскае піва» – час прабег незаўважна.
«Гарачае» арганізатары пакінулі на вечар. На вялікай сцэне ў першай палове дня прайшло адкрыццё свята горада і фестывалю, удзельнікамі якога сталі прадстаўнікі ўлады, запрошаныя госці з Беларусі і з суседніх краін. Тут жа былі ўшанаваны лепшыя працаўнікі і працоўныя дынастыі раёна.
А вечарам вялікая сцэна каля Палаца культуры «прымала» знакамітыя гурты «Neuro Dubel», «Trubetskoy», «Zdob si Zdub» и «Би-2». Да гэтага часу аўтамабільная «пробка» перад Лідай расцягнулася на 15 кіламетраў – аматараў бясплатна паслухаць слынных выканаўцаў было шмат.
А на танцавальнай пляцоўцы – на перыяд канцэрту ёй стала ўся прылягаючая да сцэны тэрыторыя – весялілася не толькі моладзь, але і прадстаўнікі старэйшага пакалення, якія маглі даць фору сваім дзецям і ўнукам.
З рэпертуарам «Trubetskoy» – а яны выконвалі не толькі песні з новага альбома – была больш-менш знаёма, таму тут адкрыцця не адбылося.
«Neuro Dubel» «уразіў»: «спяваю тое, што адчуваю» – гаварыў некалі яго саліст Аляксандр Кулінковіч. І з ім нельга не пагадзіцца.
Малдаўскі «Zdob si Zdub» выканальнік папулярнай «Видели ночь», дзякуючы ёй гурт атрымаў вядомасць у краінах былога Савецкага Саюза, неаднаразовы ўдзельнік «Еўрабачання» ўзняў настрой. Хоць іх выхаду давялося чакаць больш за 15 хвілін, але яно таго каштавала: фолкматывы, басы, ад якіх нават паветра дрыжэла, уменне завесці публіку…
А калі на сцэну выйшлі класікі рускай рок-сцэны «Би-2», здавалася, што гледачы сталі адзіным цэлым. Песні гурта гучалі не толькі з вуснаў салістаў, але і ўсіх, хто прыйшоў на канцэрт. Апошнюю «Полковнику никто не пишет» усе спявалі пад залпы святочнага салюта, які абвясціў завяршэнне лідскага фестывалю.
На думку арганізатараў фестывалю, ў будучым ён можа перарасці ў нешта больш значнае, чым рэгіянальнае свята горада і піўзавода. І хоць набыць піва можна было толькі ў спецыяльна вызначаных фудкорт-зонах, але яго, на мой погляд, хапала. Гэтаксама як і шашлыкоў, каўбасак, бульбы і іншых прысмакаў. А галоўнае – відовішчаў і добрага настрою!
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.












