Коллектив "Польское эхо Островца" выступил на празднике польской культуры в Минске

OLYMPUS DIGITAL CAMERAПальцаў на абедзвюх руках не хопіць, каб пералічыць гарады і вёскі, дзе выступаў хор “Польскае рэха Астраўца”. На рахунку нашых галасістых палякаў удзел у традыцыйным фестывалі нацыянальных культур, які праходзіць у Гродна, абласных і літоўскіх “Казюках”, трансгранічных фестывалях “Песні памежжа” і “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”. А нядаўна скарбонку дасягненняў, якая і так ломіцца ад шматлікіх дыпломаў і грамат, калектыў хору “Польскае рэха Астраўца” папоўніў удзелам у свяце польскай культуры, якое адбылося на сцэнічнай пляцоўцы ля Мінскай гарадской ратушы.

Астравецкія палякі выступалі ў двух аддзяленнях: першы выхад на сцэну яны распачалі з “Паланэза Астравецкага”, які напісаў Аляксандр Якіменка, а другі – з польскага. У выкананні нашых самадзейных артыстаў прагучала больш за дваццаць песень.

– У рэпертуар мы імкнуліся ўключыць як мага больш вясёлых і лёгкіх песень. Акрамя польскіх, мы выканалі па адной песні на беларускай, рускай, украінскай і літоўскай мовах. А пранікнёная “Малітва”, якая гучала на латыні, у выкананні Алены Такарчук, Наталлі Такарчук і Аксаны Юркевіч вельмі ўзрушыла прысутных, – дзеліцца ўражаннямі актыўная ўдзельніца хору, старшыня Астравецкага аддзялення Саюза палякаў на Беларусі Тарэса Мацвееўна Мароз. – Наш калектыў вельмі ўдзячны аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі за дапамогу ў арганізацыі паездкі на свята польскай культуры.

Таксама на свяце разгарнуўся кірмаш народных майстроў. Пераліваліся на сонцы і ззялі золатам саламяныя вырабы Вольгі Тварагаль і Людмілы Міжыгурскай, а тонкасцю разьбы вылучаліся драўляныя работы Генрыха Саленіка.

Свята польскай культуры ў сталіцы абяцае стаць традыцыйным, і ў наступным годзе паклікаць да ратушы “Польскае рэха Астраўца” і народных майстроў.

палякі1Даведка

Ідэя праводзіць тэматычныя фестывалі нацыянальных культур у сталіцы ўзнікла ў старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Шорца падчас маляўнічага грузінскага свята “Тбілісоба”. Прапановай зацікавіліся шматлікія дыяспары і дыпламатычныя прадстаўніцтвы. Гэтым летам ужо прайшлі святы расійскай і армянскай культур. А напачатку жніўня са сваёй культурай усіх ахвочых пазнаёмілі беларускія палякі.

Алена ГАНУЛІЧ, фота І.Дзятловіча і з інтэрнэт-крыніц.