Заместитель прокурора Островецкого района Дмитрий Домарад рассказал, как провёл отпуск на археологических раскопках

археология ДомарадСлотныя восеньскія дзянькі – якраз тая пара, каб са шчымлівай асалодай успомніць і яшчэ раз перажыць, хоць бы ў думках, летні адпачынак, які ў кожнага – свой. Прызнайцеся, многія з нас так і робяць. Нехта ўспамінае водар балтыйскага або чарнаморскага ветрыку, а пра мора ім нагадваюць сонечныя пацалункі, якія яшчэ пакуль бранзавеюць роўным загарам на скуры. Іншыя з карысцю правялі свой адпачынак на прысядзібных участках, якія па восені аддзячылі за клопаты добрым ураджаем, або ў лесе, зарабляючы на чарніцах ці лісічках. А хтосьці за гэты час змог вырвацца ў вёску да бацькоў або адведаць родзічаў. І асацыяцыі з адпачынкам узнікаюць адпаведныя – спакой, цішыня, расслабленасць…
А некаторыя астраўчане правялі свой адпачынак не толькі з карысцю для сябе, але і для краіны – незалежнай, суверэннай і маладой Беларусі, якая мае хоць і старажытныя, але яшчэ не да канца вывучаныя гістарычныя карані.
Досведам незвычайнага адпачынку з журналістам “Астравецкай праўды” падзяліўся намеснік пракурора Астравецкага раёна Дзмітрый Анатольевіч Дамарад.

археология Домарад1– Дзмітрый Анатольевіч, не кожны можа прамяняць два вольныя ад працы і штодзённых турбот тыдні на археалагічныя раскопкі, да таго ж – на тарфяніку. Раскажыце, калі ласка, як вы пра гэта даведаліся і рашыліся на такі, на мой погляд, экстрэмальны эксперымент…
– Нічога ў гэтым экстрэмальнага няма. Ну хіба што злыя і кусачыя камары, якія адчуваюць сябе на балоце гаспадарамі. Ды і да іх хутка прызвычайваешся і проста не звяртаеш увагі.
Па праўдзе кажучы, я раней нават не чуў, што існуе магчымасць далучыцца да археалагічных экспедыцый. Можна сказаць, што дзякуючы галоўнаму рэдактару “Астравецкай праўды” мой сёлетні адпачынак быў менавіта такім – новым для мяне ва ўсіх сэнсах. Летась Ніна Аляксееўна запрасіла мяне на сустрэчу з археолагамі, якія праводзілі раскопкі на ўзбярэжжы Віліі на месцы будаўніцтва водазаборнай станцыі для патрэб Беларускай АЭС (пра гэта можна пачытаць у №90 “АП” за 29 лістапада 2014 года. – Заўв. аўт.). Там я пазнаёміўся са старшым навуковым супрацоўнікам аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдатам гістарычных навук Максімам Чарняўскім – чалавекам, які літаральна жыве і гарыць сваёй справай. Напачатку лета атрымаў ад Максіма Міхайлавіча запрашэнне прыняць удзел у археалагічнай экспедыцыі на Крывінскі тарфянік, які знаходзіцца каля невялікай вёскі Асавец Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці.
Трэба адзначыць, што гэтае месца асаблівае для айчыннай археалогіі – раскопкі на Крывінскім тарфяніку вядуцца амаль 50 гадоў і звязаныя з іменем Міхася Чарняўскага – бацькі цяперашняга кіраўніка экспедыцыі і бадай самага знакамітага археолага. Яго імя вядома кожнаму беларусу, хто хоць крыху цікавіцца старажытнай мінуўшчынай роднага краю.
– Ці цяжка далося рашэнне далучыцца да археалагічнай экспедыцыі?
– Як чалавек прагны да ўсяго новага і нязведанага, я сказаў сабе: “Чаму б і не?!” Раней такога досведу – удзелу ў археалагічных раскопках – у мяне не было. Сваю ролю тут адыграла жаданне бліжэй пазнаёміцца з цікавымі і захопленымі сваёй справай людзьмі, атрымаць новыя эмоцыі і вопыт, паглядзець прыроду паўночнай Беларусі.
Свой адпачынак я стараюся праводзіць у сваёй краіне: падарожнічаю, адкрываю для сябе новыя адметныя і незвычайныя мясціны, гістарычныя помнікі і людзей. Напэўна, жыцця не хопіць, каб, карыстаючыся працоўнымі адпачынкамі, наведаць усе куточкі Беларусі.
археология Домарад2– Чым адметны гэты тарфянік?
– Крывінскі тарфянік – адзін з найбуйнейшых археалагічных помнікаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Асноўная задача яго даследавання – вывучэнне паселішчаў усвяцкай і паўночнабеларускай культур дзеля рэканструкцыі гістарычных працэсаў, якія мелі месца ў гэтай мясцовасці ў ІІІ-ІІ тысячагоддзях да нашай эры.
– Як сустрэў тарфянік менавіта вас? Маё ўяўленне адразу чамусьці малюе машкару, гадаў і іншыя непрыемнасці аскетычнага жыцця, лічы, на балоце.
– Насамрэч умовы пражывання добрыя. Жылі мы ў палатачным лагеры на невялікай сухой выспе паміж тарфянікам і балотам. Кіраўнік экспедыцыі яшчэ да яе пачатку даслаў спіс рэчаў, якія неабходна браць з сабой: палатку, спальнік і цёплыя рэчы, бо ўночы на балотах вельмі холадна. Таксама спатрэбяцца гумовікі, без якіх не абысціся ў палявых умовах. Калі адысці ад лагера ўбок на сотню метраў, трапляеш на самае сапраўднае балота – з купінамі, багністымі месцамі, дробнымі дрэвамі. Я, напрыклад, ніводнага разу не бачыў гадзюк, хоць іншыя ўдзельнікі экспедыцыі сустракалі іх неаднойчы. Побыт чалавека, які задзейнічаны на археалагічных раскопках, нечым падобны да побыту турыста: кожны дзень у нас былі дзяжурныя, якія прачыналіся ў 6 гадзін раніцы і адказвалі за харчаванне ўсёй групы. Вядома, колькасць удзельнікаў археалагічнай экспедыцыі змянялася – хтосьці быў тут некалькі дзён, іншыя – на працягу тыдняў. Касцяк археолагаў заставаўся нязменным, а колькасць валанцёраў на сезонных раскопках, сярод якіх шмат студэнтаў гістарычных факультэтаў, прадстаўнікоў розных прафесій, мянялася. Умоўна ўсіх валанцёраў можна падзяліць на дзве катэгорыі: выпадковых людзей, якія прымаюць удзел у раскопках і, абяцаючы абавязкова вярнуцца ў наступныя гады, знікаюць; і тых, хто ўлюбляецца ў гэтае месца і прыязджае зноў і зноў.
археология Домарад3– Апішыце адзін дзень з жыцця на раскопках: чым вы займаліся і што шукалі?
– Нас сустрэў раскоп, на якім археалагічная праца вялася некалькі гадоў. Задача на гэты год – дайсці да мацерыка, пясчанага берага старажытнага возера, на якім калісьці жылі людзі. Мы даследавалі стаянку чалавека каменнага веку. Да слова, раскопкі курганаў і тарфянікаў адрозніваюцца. У апошнім выпадку – ты на роўных з прафесійным археолагам, самастойна адказваеш за давераны табе ўчастак.
За спецыяльным планам сядзіць дасведчаны чалавек і пазначае на ім месца, у якім квадраце быў знойдзены пэўны артэфакт. Кожны ўдзельнік раскопак мае невялікі шпатэлёк, пэндзлік з лінейкай, невялікія скрабкі – і зямля, адпаведна, не капаецца, а скрабецца. Калі знаходзіш артэфакт, то працуеш ужо пэндзлем, каб не пашкодзіць гістарычную каштоўнасць. Увесь грунт, які застаецца пасля пошуку артэфактаў, выбіраецца з раскопу, затым старанна прамываецца ў рэчцы і паўторна праглядаецца іншым чалавекам.
археология Домарад4– А што знаходзілі асабіста вы і іншыя ўдзельнікі археалагічнай экспедыцыі?
– Многія з нас яшчэ са школьнага курса гісторыі памятаюць, што першабытны чалавек займаўся ў асноўным збіральніцтвам, паляваннем і рыбалоўствам. Часцей за ўсё знаходзілі рэшткі керамікі, жывёльныя і рыбныя косткі, “чылімы” (інакш – вадзяныя арэхі, якія зараз сустракаюцца толькі на паўднёвым Палессі). Але трапляліся і так званыя індывідуальныя знаходкі: упрыгожванні і прылады працы. Я, напрыклад, знайшоў касцяны нож для чысткі рыбы, касцяную падвеску і крамянёвы наканечнік стралы для здабычы жывёлы. Іншыя знаходзілі крамянёвыя наканечнікі стрэлаў з зазубрынамі, якія выкарыстоўваліся для забойства ворага. Самай цікавай і каштоўнай знаходкай у гэтай экспедыцыі стаў бурштынавы гузік – вельмі рэдкае і дарагое на той час упрыгожванне. Справа ў тым, што на Беларусі свайго бурштыну не было, і старажытнае насельніцтва набывала яго падчас гандлёвых стасунках з суседзямі.
– Што для вас было самае незвычайнае або запамінальнае, што надоўга застанецца ў вашай памяці?
– Думаю, самі людзі – навукоўцы, валанцёры, з якімі мне пашчасціла побач жыць і працаваць на археалагічных раскопках. А яшчэ для сябе я адкрыў Беларусь з новага боку – не праз адметныя мясціны ці гістарычныя помнікі. А Беларусь, схаваную ў зямлі, якая ўтойвае ў сабе безліч гістарычных каштоўнасцей. Канешне, і беларускія краявіды не перастаюць здзіўляць сваёй маляўнічасцю і каларытам, гэтак жа як і людзі – сваёй адкрытасцю, добразычлівасцю і спагадлівасцю.
археология Домарад5– Які лёс чакае знойдзеныя падчас экспедыцыі артэфакты?
– Найбольш каштоўныя археалагічныя знаходкі пасля вывучэння навукоўцамі папоўняць экспазіцыю і фонды Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і археалагічную навукова-музейную экспазіцыю Інстытута гісторыі.
Дзмітрый Анатольевіч, ці было ў вас адчуванне, ад якога звычайна захоплівае дух, што вы прыдачыніліся да вялікай справы і змаглі ўнесці сваю пасільную дапамогу, каб прыадкрыць яшчэ адно акенца ў нашу агульную мінуўшчыну?
– Цяжка ўявіць, што менавіта на гэтым тарфяніку непадалёк ад Асаўца, гэтак жа, як мая, ступала нага нашых прапрашчураў, што яны, гэтак жа, як і мы, марылі, працавалі, кахалі…
– Дзякуй вялікі за гутарку – і няхай у багатай гісторыі нашай Беларусі становіцца менш белых плямаў, у тым ліку дзякуючы такім экспедыцыям!

археология Домарад6Археалагічныя раскопкі на Крывінскім тарфяніку – гэта…
таварыства вясёлых і займальных людзей;
лагернае жыццё ў палатках, зорнае неба над галавой, дзікая прырода і, як жартуюць археолагі, ніякіх прыкмет цывілізацыі, апрача далёкіх самалётаў над галавой з халоднай кока-колай у руках сцюардэс;
практычнае авалодванне (узгадванне) уменнямі, неабходнымі ў вандроўным/экспедыцыйным жыцці: стаўленне палатак, абсталяванне лагера, пераправы праз рэчку, нарыхтоўка дроў, распальванне вогнішча, гатаванне сняданняў-абедаў-вячэраў для аравы галодных калегаў і іншае, і іншае, і іншае;
палявая апрацоўка і падлік калекцыі;
песні пад гітару, гульні ды забавы.

археология Домарад7

---------------------------------------
Размаўляла Алена ГАНУЛІЧ.
Фота прадстаўлены Д. Дамарадам.